Восстановление одежды разных эпох для Елены Воробей из Бреста и ее семьи — это не просто хобби, а важная часть жизни

Турнюр, кашанiль i iншыя

«Не ведаеш, што рабiць з ранiцы? Шый сукенку. «Хагакурэ» (практычнае i духоўнае настаўленне) рэканструктара». Так лiчыць брастчанка Алена Варабей — жонка, мацi, рэканструктар, сертыфiкаваны экскурсавод, адна з нешматлiкiх у Беларусi гiсторыкаў касцюма. Разам з мужам Андрэем яны — стваральнiкi i актыўныя ўдзельнiкi мерапрыемстваў брэсцкага ваенна-гiстарычнага клуба «Рубеж». Рэканструкцыя, калекцыяніраванне, экспазiцыйная дзейнасць, вывучэнне i захаванне духоўнай i гiсторыка-культурнай спадчыны нашай краiны, а калi карацей, то аднаўленне мiнулага — бой, баль гэта цi сукенка — важная частка жыцця Алены i яе блiзкiх


Супадзенне з эпохай

Ужо колькi год вечар 21 чэрвеня для Алены быў асаблiвым. Яна ўдзельнiчала ў рэканструкцыi «апошняга мiрнага дня ў Брэсце». А ноччу — рэканструкцыя абароны Брэсцкай крэпасцi каля Паўночных варот мемарыяльнага комплекса. 

Сёлета нiчога не будзе — Алена, безумоўна, гэтым засмучана, як i шмат хто iншы з калег-рэканструктараў. Штогод лета было насычаным яркiмi рэканструктарскiмi падзеямi — Першая сусветная пад Выганашчамi, баi ў акопах каля Смаргонi, дапамога параненым у палявым шпiталi пад Брэстам, удзел у пантоннай пераправе паблiзу Луцка…

У апошнi час шмат было i цывіль­ных рэканструкцый. 

— Пагадзiцеся, выдатна, калi можна прыняць удзел, напрыклад, у музычных вечарынах i балях таго часу, якiя мы ладзiм. Прыйсцi туды «правiльна» апранутым. А гэта зусiм iншае адчуванне — дакрананне да эпохi. I паверце, пераапрананне ў касцюмы мiнулага значна змяняе мысленне i паводзiны чалавека. 

Гiстарычныя фэсты — гэта магчымасць увасобiць у жыццё ўсё тое, што ўдалося «раскапаць» у гiсторыi, лiчыць Алена: 

— Неяк на фестывалi «Выганашчанская фартэцыя» мы рэканструіравалi баявое хрышчэнне першага жаночага ўдарнага батальёна пад камандаваннем легендарнай Марыi Бачкаровай. Мне нават прыйшлося дадаць сабе формы, павялiчыць памер адзення, каб максiмальна наблiзiцца да арыгiнала. Было вельмi горача, палiла сонца, але калi ты ў вобразе, зусiм не думаеш пра нязручнасцi. Дарэчы, гiстарычныя касцюмы прыходзiцца апранаць i пры правядзеннi экскурсiй — «Таямнiцы форта «Лiтара А» i «Дарогамi каралёў.

Пад койфам 


Пытаюся ў Алены, у якой сукенцы яна iшла да шлюбу? Бо, згадзiцеся, дзiўна было б, каб у белай з салона. 

Смяецца:

— Сукенка, у якой я пайшла да вянца, — рэплiка сярэдневяковай сукенкi-сюрко з атласа. Яна стала маiм першым гiстарычным касцюмам. Вядома, шыла сама. 

У лексiконе Алены слоў, якiя большасцi з нас патрэбна шукаць з дапамогай гугла, нямала. Так, сюрко — доўгая сукенка з XIII стагоддзя. Турнюр — моднае ў XIX стагоддзi прыстасаванне ў выглядзе падушкi, якую падкладвалі дамам пад сукенку. Кунтуш — мужчынская цi жаночая вопратка з адразной прыталенай спiнкай i невялiкiмi зборкамi i адваротам на рукавах. Кашаніль — насякомае, якое выкарыстоўваюць для атрымання чырвонай фарбы. Койф — гэта палатняны галаўны ўбор, нiбы чэпчык, паверх яго надзявалi другi ўбор. 

Па адукацыi Алена — мастак-мадэльер. За плячыма — Вiцебскi тэхналагiчны ўнiверсiтэт i праца мадэльерам-канструктарам на швейных прадпрыемствах Брэста: 

— Я марыла напiсаць дыплом па гiсторыi касцюма, але не давялося. Затое зараз займаюся гэтай справай з задавальненнем. У мяне вялiкая бiблiятэка па тэме. 

— Адтуль i даведваецеся, што насiлi продкi?

— Не толькi. Жывапiс i фрэскi — таксама крынiца ведаў. Мастакi максiмальна дакладна перадавалi дэталi (i не толькi касцюма, пiнскi майстар Андрэй Шклёда першую сваю вiёлу падглядзеў на карцiне Паола Веранезе «Шлюб у Кане Галiлейскай». — Аўт.). Яшчэ нам даюць веды матэрыялы археалогii. Так, у Польшчы нямала захавалася арыгiнальных прадметаў, з якiх зроблены копii. У музеях Еўропы ёсць партноўскiя кнiгi Сярэдневякоўя, многiя з iх ацыфраваныя. Пры жаданнi можна знайсцi ўсё — i пра эпоху, i пра касцюм. 

— А з якога часу можна адсачыць гiсторыю касцюма Брэста?

— З моманту першага ўпамiнання нашага горада. Для раннеславянскага перыяду характэрны канкрэтны строй касцюма. Адзенне шылi з лёну, канопляў i, натуральна, з авечай воўны. Тканiну фарбавалi карой крушыны, карой алешыны, шалупiннем цыбулi, лён адбельвалi пад сонцам i ўпрыгожвалi вышыўкай. Мужчына насiў доўгую, прыкладна да каленяў, кашулю, порткi, лапцi або мяккiя боты з высокiмi халявамi з завесамi i раменьчыкамi для падвязвання iх да нагi. Жанчыны недалёка адышлi ад таго ж строя — падоўжаная мужчынская кашуля з поясам, якi ўпрыгожвалi рознымi дэкаратыўнымi элементамi: кутасамі, перламутравымi гузiкамi, стужкамi. Замужнiя жанчыны насiлi на поясе кашалькi-кiшэнькi для грошай, ключоў i дробных прадметаў. У перыяд ранняга сярэдневякоўя быў i скураны абутак — ёсць матэрыяльнае таму пацвярджэнне. Пры раскопках на тэрыторыi крэпасцi, дзе зараз музей «Бярэсце», знойдзены ўзоры абутку, якаснага, дарагога вырабу з дэкорам. Ёсць iнфармацыя, што ў Брэсце рабiлi вельмi вытанчаныя ўпрыгажэннi. Iх знаходзiлi ў розных археалагiчных пластах.

— Якi перыяд асабiста для вас як рэканструктара i гiсторыка касцюма найбольш любiмы? 

— Першая сусветная i XVII стагоддзе. Эпоха Вялiкага Княства Лiтоўскага. Толькi адна назва святочнага ўбрання чаго вартая: «феразея гранатна-фалендышовая шлямамi падшытая».

Сямейны падрад

Рэканструктары максiмальна ўсё робяць самi. Алена шые касцюмы, можа ткаць, вышываць, прасцi, плесцi карункi. Андрэй вырабляе абутак i iншыя рэчы са скуры. А яшчэ зай­маецца традыцыйным кавальскiм рамяством. 



— I ў звычайным жыццi такiя навыкi патрэбны, а для рэканструктараў проста неабходныя, — кажа майстрыха.

Над чым зараз працуюць Алена з Андрэем?

— Шчырую над вясткоўтам — гэта жакет. У камплект да таго самага галаўнога ўбора, якi завецца «койф». Арыгiнал падгледзела на малюнку з музея Вiкторыi i Альберта ў Лондане. Абодва рыхтуемся да будучых мерапрыемстваў. Усе гэтыя непрыемнасцi з каронавiрусам некалi ж скончацца. А мы раз — i ў абноўках! Праца займае вельмi шмат часу. Напрыклад, сплесцi доўгiя нагавiцы — гэта пару тыдняў. Аздобiць iх — яшчэ ты­дзень, — падзялiлася штодзённымi рэканструктарскiмi турботамi Алена. 

Андрэй дадае, што працуе зараз над «зброяй бляховай», гэта даспехi, якiя насiлi на поле бою ў другой палове XVI — XVII стагоддзі:

— Над кiрасай — часткай даспехаў — даводзiцца працаваць каля месяца. Прытым калi жадаеш тэхналогiю як мага больш наблiзiць да аўтэнтычнай, нiякай iнверсiйнай цi аргонавай зваркi, толькi «олд скул».

Адна справа — рэплiка, навадзел, іншая — арыгiналы. Пытаюся, цi ёсць яны ў калекцыi сям’i Варабей. Алена адказвае:

— У кожнага рэканструктара ёсць свая калекцыя арыгiнальных рэчаў. Як без гэтага? Мы стараемся выкарыстоўваць iх як мага радзей. Гэта ўзорныя экзэмпляры, з якiх таксама робiм копii. 

kozlovich@sb.by 

Фота з архiва сям’i Варабей.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter