Турнір шчырых сяброў

Сёння ў Мінску ў дзявяты раз стартуе Калядны турнір па хакеі

Новы спартыўны год у Беларусі па традыцыі пачынаецца Калядным міжнародным турнірам па хакеі на прыз Прэзідэнта.

Сёння ён стартуе ў нашай сталіцы ўжо ў дзявяты раз. Восем калектываў павядуць спрэчку за галоўны трафей спаборніцтваў, якія таксама называюць неафіцыйным чэмпіянатам свету сярод аматарскіх каманд. Нашу краіну ў іх заўсёды прадстаўляла хакейная дружына кіраўніка дзяржавы.

Формула правядзення спаборніцтваў не зведала змен. Спачатку каманды правядуць паядынкі ў падгрупах, пасля чаго лепшыя з іх паспрачаюцца за першае месца, а другія калектывы разыграюць «бронзу». У квартэце «А» беларусы будуць змагацца з хакеістамі Швейцарыі (4 студзеня, пачатак у 19.00, у 18.00 — урачыстае адкрыццё турніру), Канады (5 студзеня) і Чэхіі (6 студзеня). У падгрупе «В» сустрэнуцца каманды Расіі, Славакіі, Германіі і Аўстрыі.

Паядынкі Каляднага турніру, якія заўсёды адрозніваліся бескампраміснасцю, пройдуць на трох пляцоўках. Матчы папярэдняга этапу — у Палацы спорту (падгрупа «А») і Лядовым палацы («В»), а фінал і гульня за трэцяе месца — на «Мінск-Арэне».

За ўсю гісторыю гэтых спаборніцтваў у іх перамагалі толькі два калектывы. Шэсць разоў уладальнікам галоўнага трафея станавіліся нашы суайчыннікі, двойчы поспех спадарожнічаў расіянам, якія бралі верх у вырашальным супрацьстаянні над гаспадарамі турніру.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter