Турбазу за «базу»

МНОГІЯ гады ў вёсцы Барсукі Докшыцкага раёна, якраз ля самай шашы, прыцягваў увагу даволі нехлямяжы будынак былой школы. Час адкладваў на ім свой адбітак, тое-сёе прыходзіла ўсё больш у заняпад і, напэўна, у многіх закрадвалася крамольная думка: знеслі б яго за лепшае, каб не мазоліў вочы. Аднак у канцы мінулага года пачарнелыя бярвенні яго сцен «апрануліся» ў свежую шалёўку, заззялі пластыкавыя вокны, а заімшэлы шыфер на даху замяніла металадахоўка.

Ёсць ініцыятыўныя людзі — няма пустуючых сядзіб

МНОГІЯ гады ў вёсцы Барсукі Докшыцкага раёна, якраз ля самай шашы, прыцягваў увагу даволі нехлямяжы будынак былой школы. Час адкладваў на ім свой адбітак, тое-сёе прыходзіла ўсё больш у заняпад і, напэўна, у многіх закрадвалася крамольная думка: знеслі б яго за лепшае, каб не мазоліў вочы. Аднак у канцы мінулага года пачарнелыя бярвенні яго сцен «апрануліся» ў свежую шалёўку, заззялі пластыкавыя вокны, а заімшэлы шыфер на даху замяніла металадахоўка.

Усё гэта зрабіў Іосіф Касцюк, дырэктар мясцовай фермерскай гаспадаркі «Лайкпол-Агра», які выкупіў даўно пустуючае памяшканне за базавую велічыню. Тут, па яго разліках, будзе турбаза, а летам у дадатак і маладзёжны лагер, члены якога змогуць зарабіць добры рубель на зборы клубніц на плантацыях фермерскай гаспадаркі.

А колькі такіх школак яшчэ чакаюць свайго гаспадара?!

Застаецца значная праблема пакінутых жылых дамоў у нашай сельскай мясцовасці. Праўда, там, дзе ёсць творчыя ініцыятыўныя людзі, гэтыя будынкі з поспехам скарыстоўваюць. Юлія Бука, напрыклад, набыла ў вёсцы Валодзькава Глыбоцкага раёна пакінуты дом для аграэкатурызму. Цікава тое, што зімою, калі адпачываючых нямнога, яна дала прытулак у гэтым доме адзінокім старым.

У Шаркаўшчынскім раёне ў пакінутых сядзібах аддаленых вёсак зрабілі дамы сацыяльных паслуг. Іх сёння — трынаццаць. У такі дом у вызначаны час прыязджаюць ўрач, работнікі бытоўкі. А яшчэ — людзі проста збіраюцца, каб пачакаць тую ж аўталаўку.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter