У Гродненский крэпасцi адкрылi для турыстаў падзямеллi ўнiкальнага форта

Тур з-пад зямлi дасталi

Падземныя хады 4-га форта Гродзенскай крэпасці сталi даступныя для турыстаў. Гэты бетонны маналіт — адзіны з трынаццаці фартыфікацыйных збудаванняў, узведзеных у часы Першай сусветнай вайны, які цалкам захаваўся да нашых дзён. Доўгія гады ішла гаворка пра тое, каб зрабіць тут музей пад адкрытым небам. Зараз турыстычны маршрут па ваенных сцяжынах плануецца зрабiць пастаянным. 


Знаходзіцца форт недалёка ад сучаснай вёскі Стрэльчыкi, прыкладна ў 9 кіламетрах ад Гродна. На яго прыкладзе можна разгледзець уладкаванне капітальных збудаванняў Гродзенскай крэпасці. Пры гэтым нават абывацель зможа ацаніць моц магутных сцен. З вайсковых рапартаў мiнулага стагоддзя дакладна вядома, што нямецкія снарады не маглі нанесці мурам сур’ёзную шкоду. Мірную карціну жыцця дадаюць форту ўнікальныя расліны, якіх больш нідзе ў краіне няма. Яны трапілі сюды разам з будаўнічымі матэрыяламі сто гадоў таму з далёкага Урала. 

Турыстычны маршрут з заездам на 4-ы форт Гродзенскай крэпасці з’явіўся некалькі дзён таму. Першая экскурсія для дзяцей «Уцалелы ў агні» прайшла 22 мая і пачалася з анімацыйнай праграмы «Рэканструкцыя падзей «Дарога памяці», якую прадставілі ўдзельнікі драматычнага гуртка Рацiчскага цэнтра культуры. Такія аб’екты павышаюць прывабнасць рэгіёна для замежных турыстаў, улічваючы новыя магчымасці бязвізавай зоны. Работы па падрыхтоўцы форта для наведвання турыстамі праводзіліся Гродзенскім райвыканкамам сумесна са спецыялістамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.


Вядучы метадыст па рэалізацыі культурна-дзелавых праектаў і развіцця турызму Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Алёна Страчынская паведаміла аб праведзенай працы:

— Акрамя дасканалага вывучэння аб’екта з пункту гледжання гісторыі, асноўны ўпор на пачатковым этапе работ зрабілі на бяспеку наведвальнікаў. Былі дэманціраваны старыя драўляныя канструкцыі i ўмацаваны металічныя. На ўваходзе ў аб’ект устанавілі дзверы. Цяпер не атрымаецца зайсці ўнутр без суправаджэння экскурсавода. Правялі добраўпарадкаванне тэрыторыі. Для турыстаў закуплены каскі і магутныя ліхтарыкі. Форт будзе даступны для наведвання круглы год, але зрабiць гэта магчыма па папярэдніх заяўках. Пры жаданні для гасцей будзе арганізавана анімацыйная праграма. Учора мы прывезлі на форт 42 турыста з Сербіі. Яны засталіся пад уражаннем.

Будматэрыялы для форта везлi з далёкага Урала

Маршрут па падземных галерэях форта Гродзенскай крэпасці здзівіць любога. Турысты вернуцца на 100 гадоў назад, каб акунуцца ў атмасферу ваеннага часу. Форт № 4, як і ўсе астатнія, складаецца з бетоннага бруствера і галерэі-ўкрыцця, абсталяванай унутры. Па цэнтры бруствера размяшчаўся назіральны пункт, выкананы ў выглядзе сталёвага бронекалпака. У цэнтры ўнутранага дворыка пабудавана падземная казарма, па фронце і па флангах размешчаны роў. Стралковыя пазіцыі выкананы ў выглядзе індывідуальных стралковых ячэек. 

Акрамя іх, на брустверы знаходзіліся і кулямётныя гнёзды. Для абароны ад варожага агню ячэйкі абсталёўваліся бронеказырком і мяшкамі з пяском. Па праекце ўзбраенне форта складалася з супрацьшумавых гармат, кулямётаў. У гарнізоне быў 271 чалавек.

Форт быў пабудаваны ў 1914-м і ўжо ў наступным годзе прыняў на сябе ўдар германцаў.
Спроба штурму скончылася цяжкімі стратамі рускай арміі

Форт быў пабудаваны ў 1914 годзе і ўжо ў 1915-м прыняў на сябе ўдар германцаў. Спроба штурму скончылася цяжкімі стратамі рускай арміі. Пры адступленні салдаты не змаглі падарваць збудаванне з-за вялікай колькасці параненых. Гэта дапамагло яму захавацца да нашых дзён. 

— Прыкладна такую гісторыю распавядаю турыстам, — кажа Алёна Страчынская. — Спадзяёмся, што гэта музейная экспазіцыя стане запамінальнай разам з наведваннем музея пісанкі ў пасёлку Сапоцкін, шлюзаў Аўгустоўскага канала і іншых гісторыка-культурных аб’ектаў, размешчаных у бязвізавай зоне. На самай справе зроблена вельмі шмат, але трэба кожны раз прыдумляць нешта новае і цікавае, каб было чым здзівіць патрабавальных іншаземцаў. 4-ы форт Гродзенскай крэпасці — гэта дзіўнае месца, якое на самай справе стане запатрабаваным для наведвання. Гэта толькі першы крок у стварэнні тут паўнавартаснага турыстычнага аб’екта. У бліжэйшых планах — адкрыццё музейнага пакоя і пашырэнне анімацыйных праграм. Зацікаўленасць, у тым ліку і замежных турыстаў, бачым ужо сёння.

Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар ЛІСКОВІЧ (у цэнтры)
 і начальнік ідэалагічнага ўпраўлення Аляксандр ВЯРСОЦКІ ацанілі турыстычны патэнцыял крэпасці.

ДАРЭЧЫ

У 2008 годзе Гродзенская крэпасць была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Гэта комплексны гістарычны помнік, у які ўваходзіць больш за 200 розных аб’ектаў.

tanula.k@mail.ru

Фота БЕЛТА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter