Навошта нам водная траса Е40?

Туманныя перспектывы Прыпяці

У СМІ зноў пачала з’яўляцца інфармацыя, што па Прыпяці хочуць пракласці новую водную трасу Е40: Балтыка — Чорнае мора. Цяпер ужо пішуць, што грошы гатовы даць Еўрасаюз. Як чалавек, які працаваў у рачным суднаходстве, кажу вам — гэта зусім бескарысная задума. Такі шлях нават у савецкі час быў нерэнтабельны. Краінам сацыялістычнага лагера патрэбен быў друз для будоўляў, вось і вазілі незалежна ад эканамічнага эфекту, як матэрыяльную дапамогу. Калі б гэта было выгадна — і цяпер прамысловае суднаходства вялося б паміж Балтыкай і Чарнамор’ем. Але яго няма!

Фота БЕЛТА

Затое спробы будаўніцтва гэтай трасы могуць абярнуцца для нашага Палесся сапраўднай экалагічнай катастрофай. Плануецца выпрастаць рэчышча ракі, пабудаваць плаціны і шлюзы, змяніць водны рэжым Прыпяці. Што негатыўна адаб’ецца на рыбнай папуляцыі. І гэта толькі адзін з прыкладаў таго, чаго можна дамагчыся неабдуманымі дзеяннямі. Мы рызыкуем страціць розныя віды жывёл, рыб, насякомых, птушак, каштоўных не толькі для Беларусі, але і для ўсяго свету. У савецкія часы асушвалі ўсё і ўсюды, а калі сталі праяўляцца негатыўныя наступствы, адумаліся і цяпер укладваюць мільёны на аднаўленне загубленых экасістэм. Хіба ў нас ёсць лішнія грошы?

Калі мы называем раку “турыстычнай зонай”, пазіцыянуем як кавалачак дзікай прыроды ў цэнтры Еўропы, дык давайце не разбураць гэтую спадчыну дзеля прывіднага прыбытку ад вельмі туманных эканамічных праектаў!

Аляксандр Гутыра, Мазыр
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter