«Туфлікі»: без нацыянальнасці

Прадзюсар фільма лічыць, што сумесны праект належыць свету, а не асобным краінам
Прадзюсар фільма лічыць, што сумесны праект належыць свету, а не асобным краінам



Застаць Юрыя Ігрушу (на здымку) ў Мінску ў апошні час не так проста. Прадзюсар разам з «Туфлікамі» калясіць па свеце. Кароткаметражка ўдзельнічала ўжо амаль у трыццаці кінафестывалях: пачыналі з «местачковых», цяпер дабраліся да форумаў класа А. Прыемна, што амаль адусюль вяртаюцца з узнагародамі. Але як толькі інфармацыя пра гэта з’яўляецца ў сродках масавай інфармацыі, зноў і зноў пачынаюцца спрэчкі, наколькі гэта беларускі фільм: маўляў, рэжысёр расійскі, святлокарэктар амерыканскі і г.д. Мы сустрэліся з Юрыем Ігрушам, каб расставіць усе кропкі над «і».

— Юрый Віктаравіч, «Туфлікі» шмат ездзяць за мяжу, масавы глядач яшчэ не бачыў фільм, таму вакол яго шмат легенд і спрэчак. Адна з самых распаўсюджаных — ніякі гэта не беларускі фільм, нашы да яго проста «прымазаліся»…


— Гэта сумесны праект, і ў ім не можа быць тых, хто «прымазаўся». У здымках удзельнічалі пяць краін: Расія, Беларусь, Польшча, Чэхія, Францыя, і кожная з іх мае дачыненне да «Туфлікаў». Сумесны праект — гэта форма сучаснага кіно, калі кожны дапамагае, чым можа. Такім чынам, фільм належыць свету, гледачам, а не якой-небудзь асобнай краіне. Беларусь павінна ганарыцца тым, что яна адна з удзельніц гэтага праекта.

— Гэта агульныя фразы. А можна канкрэтна?

— Асноўныя здымкі, у тым ліку самыя складаныя, адбываліся ў Беларусі. Я ўдзельнічаю ў праекце як супрадзюсар з самага пачатку зара¬джэння ідэі. Хадайнічаў перад Міністэрствам культуры нашай краіны і Паўлам Латушкам, які тады яго ўзначальваў, аб фінансаванні фільма. Да таго збіралі грошы адкуль толькі можна. Беларусь першай на афіцыйным узроўні фінансава падтрымала праект. Рэжысёр Канстанцін Фам — мой даўні таварыш, мы зрабілі з ім не адзін фільм, самы вядомы — «Дзядзя Коля», дарэчы, таксама здымаўся ў нас. Знаёмыя мы гадоў сем-восем. Ён неяк расказаў, што хоча зняць праект пра Халакост, мне гэтая ідэя вельмі спадабалася. І з той пары мы ішлі поруч. Адзначу: калі працавалі на тэрыторыі нашай краіны, была задзейнічана беларуская здымачная група колькасцю трыццаць чалавек. Ад Беларусі аператарам-пастаноў¬шчыкам быў Сяргей Новікаў. Усяго ў фільме прынялі ўдзел больш за 400 чалавек з розных краін.

— Яшчэ адно распаўсюджанае пытанне: колькі пар ног прэтэндавала на галоўную ролю і хто ж яе выканаў?

— Здавалася б, ролі без слоў і твараў вельмі лёгка сыграць. Але аказалася, што перадаць эмоцыі нагамі звышскладана. Лічу, што гэта задача выканана. Галоўныя ролі — мужа і жонку — выконвала пара і ў жыцці — чэшская рок-выканаўца Ульяна Еліна і яе муж. Мы вырашылі, што сапраўдныя пачуцці ў дадзенай сітуацыі могуць перадаць толькі блізкія людзі.

— Быў там яшчэ адзін герой — маленькае дзіця, якое басанож бегла па снезе…


— Хлопчыка падбіралі з добрым здароўем: не кожнае дзіця зможа такое вытрываць. Тым больш трэба было рабіць некалькі дубляў. Побач на здымках была маці дзіцяці. Мы яго хутка адагрэлі.

— Колькі пар чырвоных туфлікаў сапсавалі ў час здымак?

— Дарэчы, туфлікі былі зроблены ў Беларусі нашым майстрам Марынай Шаліма, якая часта робіць спецыяльны абутак для кіно. Пашылі дзве аднолькавыя пары, бо па сюжэце абцас ламаецца.

— «Туфлікі» прайшлі ква¬ліфікацыю на «Оскар». Людзі зачараваны. На вашу думку, якія шансы?


— Думаю, што пакуль не вельмі вялікія. Прайсці кваліфікацыю — гэта перамога ўжо. Вельмі шмат залежыць ад амерыканскай прэсы.

Звычайна напярэдадні конкурсу яна знаёміць чытачоў з фільмамі-фаварытамі. «Туфлікі», на жаль, сёння там мала ведаюць. Гэта навела з’яўляецца першай у запланаваным кінаальманаху «Сведкі», спадзяюся, што наступныя атрымаюцца не горшымі і мы зноў будзем імкнуцца пра¬біцца на «Оскар». Да таго часу нас ужо будуць ведаць лепш, а значыць, і шансы будуць большымі.

Наталля СЦЯПУРА, «Р»
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter