Рэйд: чаму нелегальныя прадаўцы iгнаруюць спецыяльна адведзеныя для гандлю месцы

Туды не насi — сюды насi

З вясновым цяплом на мінскіх вуліцах з’яўляецца ўсё больш «шэрых» гандляроў. Прадаюць яны з машын і латкоў каля метро і падземных пераходаў. Такіх стыхійных рынкаў сёння каля 20. Астатнія прадпрымальныя асобы працуюць кропкава — каму якое месца спадабаецца. 

Зараз аддзелы гандлю і паслуг адміністрацый раёнаў горада ўзмацняюць барацьбу з такім гандлем: актыўна задзейнічаюць супрацоўнікаў МНС, міліцыі, санітарна-эпідэміялагічнай службы. Карэспандэнт «Р» даведалася, дзе гандаль з асфальту квітнее, а дзе нелегалы пакінулі ўжо «наседжаныя» месцы.

На некаторых вуліцах гандаль з асфальту яшчэ квітнее, але многія нелегалы ўжо пакінулі «наседжаныя» месцы
Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА

Чарамша. Прама з лесу


На тратуары ля метро «Каменная Горка» расклалі тавар дзясяткі чалавек. Вочы разбягаюцца: чаго тут толькі няма! Вопратка і абутак ляжаць на цэлафанавых пакетах. Харчовыя прадукты прапануюць у лёгкім, небіткім посудзе. Каб хутка згарнуць лавачку і кінуцца наўцёкі, калі раптоўна ўзнікне такая неабходнасць.

Побач з уваходам на станцыю метро сустракаю маладую жанчыну з зялёнымі пучкамі ў руках. Яна заўважае маю цікавасць і пачынае рэкламаваць: «Усяго 50 капеек! Свежанькая чарамша, прама з лесу». Пакупнікоў у яе шмат, духмяныя букеты літаральна на вачах змятаюць з кардоннай каробкі.

— Навошта прыродзе шкодзіце? — прадавец пасля майго пытання адразу адчула нядобрае. Хацела ўжо пусціцца наўцёкі, але спынілася — калі я не рэвізор, баяцца няма чаго. Аказалася, яна добра ведае: чарамша (мядзведжая цыбуля) — рэдкі, знікаючы від, занесены ў Чырвоную кнігу. У курсе і адносна памераў штрафу — для фізасобы ён складае ад 20 да 50 базавых велічынь. Але працягвае гандляваць:

— Праца гэта лёгкая. Напружвацца я па жыцці не прывыкла. Калі праганяюць з майго месца, шукаю іншае і зноў разгортваю прылавак.

Сезонныя гандляры сабраліся і каля Камароўскага рынку. Ля станцыі метро «Якуба Коласа» крыкліва расхвальваюць свае няхітрыя тавары — тут ля ног раскінуліся цэлыя гандлёвыя рады. Асартымент разнастайны: кашалькі, дзіцячыя цацкі, парасоны, калготкі і кветкі. Самы папулярны прылавак — з жывымі трусамі. За пухнаты камячок з двума вушкамі просяць 20 рублёў. Многія бяруць.

Увесь гандаль ля маіх ног


Гандаль ідзе бойка і ля метро на «Магілёўскай», «Пушкінскай», «Інстытуце культуры», каля некаторых буйных магазінаў, на вялікіх вуліцах. Еду ў Серабранку, дзе заўсёды было некалькі ажыўленых месцаў гандлю. Але за паўтары гадзіны язды па мікрараёне не сустракаю ніводнага несанкцыянаванага прылаўка. Тэрыторыя каля камвольнага камбіната, папулярныя кропкі ўздоўж Лошыцкага парку — усюды чыста. Некалькіх «прадпрымальнікаў» сустракаю толькі за кінатэатрам «Салют», але і там іх след хутка знікае.

Штодзённыя рэйды скарачаюць колькасць удзельнікаў стыхійных рынкаў
Фота Юрыя МАЗАЛЕЎСКАГА

Больш не буду, абяцаю!


— У рэйд выязджаем кожны дзень, — кажа Аляксандр Палубан, начальнік аддзела аператыўных кантрольных мерапрыемстваў інспекцыі правапарадку па Ленінскім раёне Мінска. — Спачатку тлумачым нелегалам, што іх чакае, калі будуць займацца гэтай справай. Многія слухаюцца і перабіраюцца на афіцыйныя рынкі. Некаторыя насуперак усім забаронам упарта вяртаюцца на ўпадабаныя месцы і гандлююць на асфальце без дакументаў.

Жанчына прадстаўляецца Любоўю і просіць прабачэння за свой учынак: кажа, на стыхійным базары гандлюе першы дзень. І апошні.

— Суседка параіла. Сказала, што заробак добры. Таварам падзялілася, вось я і пайшла, — пакуе ахапкі штучных кветак у вялікія пакеты. — Больш не буду, абяцаю.

На першы раз абыходзіцца папярэджаннем. Зловяць за руку яшчэ — будзе складзены пратакол і матэрыялы накіруюць у суд.

Месцаў хопіць усім


Пакуль мы размаўляем з аднымі гандлярамі, іншыя пад шумок знікаюць. Сумкі з таварам, бачу, цягне мужчына, які назваўся Канстанцінам Барысавічам. Спыняем нелегальнага прадаўца. У яго тая ж песня: з тратуара гандлюе ўпершыню.

— Ды ну яе, гэтую нелегальшчыну. Ужо пераканаўся. Здароўе не тое, і нервы шкада. Лепш вярнуся на базар, — злуецца сам на сябе. — Я там заўсёды прадаваў лішкі агародніны, якія самому не з’есці.

Купля прадуктаў «з рук» стварае сур'ёзную небяспеку для здароўя
Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА

Дарэчы, ва ўпраўленні гандлю і паслуг Мінгарвыканкама адзначаюць: у горадзе дастаткова свабодных месцаў на рынках, дзе грамадзяне могуць гандляваць прадукцыяй з асабістых падсобных гаспадарак. Па апошніх даных, напаўняльнасць афіцыйных прылаўкаў складае толькі 80%. А пенсіянерам, інвалідам і ветэранам вайны месцы і наогул даюць бясплатна. Усё, што ім трэба, — праверыць свой тавар лабараторна. І працэдура, дзе па выніках выдаюць афіцыйную даведку, каштуе сапраўдныя капейкі.

З рызыкай для здароўя


Дарэчы, ад пляцоўкі каля кі­на­тэатра, дзе я сустрэла нелегалаў, да афіцыйных прылаўкаў на рын­ку — дзесяць хвілін пешшу. Чаму б не прагуляцца і не гандляваць спакойна?

— Што тычыцца ценявога гандлю, то справа не толькі ў эстэтыцы горада. У выпадку неналежнай якасці тавараў з нелегальных прылаўкаў пакупніку няма ка­му прад’я­віць прэтэнзіі, — тлу­мачыць Вольга Скурко, на­чальнік аддзела гандлю і паслуг адміністрацыі Ленінскага раёна. — Касавага чэка няма, гарантый таксама. Прадукцыя не прайшла лабараторны кантроль, на яе адсутнічаюць дакументы, якія пацвярджаюць якасць. Калі казаць аб прадуктах, то купля з рук стварае сур’ёзную небяспеку для здароўя. Часцяком несанкцыянаваны гандаль ажыццяўляецца з транспартнага сродку або прама з асфальту. Прадаўцы не маюць меддаведак пра стан здароўя.

Штодзённыя рэйды скарачаюць колькасць удзельнікаў стыхійных рынкаў. Але, на жаль, ёсць спажыўцы, якія пакуль галасуюць кашальком за «шэры» гандаль. Знікне попыт на тавары «з зямлі» — не будзе і прапановы.

ypopko@bk.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter