З ворагаў народа ў народныя артысты. За што ў 1930-я рэпрэсіравалі знакамітага беларускага цымбаліста Іосіфа Жыновіча?

Цымбалы таксама плачуць

Яэп Жыдовіч — гэтае імя і прозвішча наўрад ці каму знаёмы. А вось Іосіф Жыновіч — зусім іншая справа. Менавіта гэты чалавек пакінуў значны след як выдатны цымбаліст, кампазітар, дырыжор і заснавальнік аркестра, які ўжо больш за трыццаць гадоў носіць яго імя. Яму пашчасціла зняцца ў першым беларускім фільме «Лясная быль», атрымаць шмат званняў, узнагарод. Але гэта толькі на першы погляд усё яму давалася лёгка, шанцавала. У біяграфіі Жыновіча ёсць белая пляма, пра якую ён ніколі не расказваў пры жыцці. Дакладна пра гэта не ведае і яго дачка Антаніна, але некаторыя факты яна расказала нам напярэдадні 110-годдзя свайго бацькі.

Бацька для ўсіх вучняў


Антаніна ЖЫНОВІЧ беражліва захоўвае спадчыну свайго бацькі.
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА

— Да гэтага дня, калі сустракаю яго студэнтаў, якім зараз ужо пад восемдзесят, чую ўдзячныя словы ў адрас бацькі. Ён быў вельмі добрым чалавекам, заўсёды некаму дапамагаў. Заслужаная артыстка Беларусі Таццяна Сцяпанава, як убачыць мяне: «Як Іосіф Іосіфавіч нас грашыма выратоўваў і ніколі не браў іх назад». Бацька сапраўды клапаціўся пра сваіх студэнтаў. Убачыць, што якая-небудзь дзяўчына ледзь трымае ў руках палачкі: «Ты сёння ела? Не? На табе грошы, ідзі паеш». Ды што ежа, ён нават абутак для студэнтаў купляў. 

Мы са старэйшай сястрой Ліянай, якая нарадзілася ў 1943-м, таксама маглі стаць бацькавымі вучаніцамі. Але ён сам не захацеў, каб мы займаліся цымбаламі. Музыка — абавязкова, толькі не цымбалы. У тыя часы яго аркестр шмат ездзіў па Саюзе, гастролі былі бясконцымі. Пастаянныя пераезды, начлегі ў аўтобусах і паяздах. Ён лічыў, што для дзяўчынак гэта вельмі цяжка. Не хацеў нам свайго лёсу. Бацька марыў, што пасля дзяўчынкі ў яго народзіцца хлопчык, а тут з’явілася я. Ён назваў мяне ў гонар свайго брата Антона, які вельмі дапамог яму ў жыцці. І ўвесь час называў мяне Антошкай. Але адправіў нас з сястрой вучыцца на больш жаночы інструмент — фартэпіяна. Ад Ліяны, у якой былі праблемы з сэрцам, бацька шмат не патрабаваў, таму яна скончыла вучылішча і працавала ў музычнай школе. Я ж пайшла ў кансерваторыю, потым 36 гадоў выкладала ў педагагічным інстытуце.

Вельмі ўдзячна бацьку за выхаванне і адукацыю. Сёння сорамна прызнацца, але некалі я так любіла цукеркі, што марыла працаваць на кандытарскай фабрыцы. Ездзіла на «Камунарку», стаяла пад варотамі і ўдыхала гэты пах. «Каўказскія» ела як хлеб. І ў восьмым класе сказала: «Я кідаю музыку і іду працаваць на «Камунарку». Вядома ж, бацьку гэта не ўзрадавала, але ён не пярэчыў. Праўда, хутка папрасіў мяне з’ездзіць з ім у Бабруйск. Ён часта ездзіў па Беларусі — даваў урокі, шукаў таленты. Менавіта там я ўбачыла, як слухаюць майго бацьку, давяраюць яму. Зразумела маштаб асобы. З той пары мары мае змяніліся — толькі музычная адукацыя. 

З артыстаў у ворагі


У адной з такіх паездак Жыновіч знайшоў Яўгена Глебава. Яму прыйшлося шмат размаўляць з яго бацькамі, якія хацелі, каб сын, як і яны самі, працаваў на чыгунцы. Іосіф Іосіфавіч жа бачыў у гэтым юнаку таленавітага музыку. Ну і што, што ён не ведаў нот. Жыновіч сам вывучыў іх, калі яму было пад дваццаць. У выніку Глебава без усялякай музычнай адукацыі — у якасці выключэння і па пратэкцыі Жыновіча — прынялі ў кансерваторыю на кампазітарскае аддзяленне. Як гавораць у такіх выпадках, стаў яго хросным бацькам у музыцы.

Дарэчы, самому будучаму народнаму артысту СССР выбіцца ў людзі таксама дапамог добры чалавек. Адзін чыгуначны служачы прыехаў з Мінска адпачыць у вёску Арэшкавічы, што ў Пухавіцкім раёне. Ён пачуў, як 15-гадовы хлопчык Язэп іграе на цымбалах, і хутка павёз яго ў Мінск. Ды не абы-куды, а адразу ў тэатр, які сёння называецца Купалаўскім. Юнака слухалі Яўген Міровіч, Лідзія Ржэцкая, Барыс Платонаў і іншыя выдатныя акцёры таго часу. Хутка Язэп ужо акампаніраваў падчас спектакляў, ездзіў з тэатрам на гастролі. Яго паклоннікамі сталі Янка Купала і Якуб Колас. Хлопца з цымбаламі запрасілі здымацца ў кіно. Такому ўзлёту музыканта-самавучкі можна было толькі здзіўляцца і зайздросціць.

Зайздрасць у сярэдзіне 1930-х і зламала жыццё Жыновіча. Да таго часу ён ужо лічыўся вядомым артыстам, быў лідарам ансамбля народных інструментаў. 

— Нават перад смерцю бацька не захацеў адкрыць мне сваю тайну, — цяжка ўздыхае Антаніна Іосіфаўна. — Ён ніколі не гаварыў на тэму рэпрэсій. Ён даў падпіску аб невыдаванні. Маці ведала некаторыя падрабязнасці, але таксама маўчала. Дакладна вядома, што данос напісалі суседзі. Шмат гадоў таму мы ездзілі ў Арэшкавічы. Там да гэтага часу ёсць фундамент дома, дзе нарадзіўся бацька. Мясцовая ўлада тады прапаноўвала аднавіць яго, але мы не пагадзіліся, бо бацьку было цяжка ўзгадваць пра тое, што адбылося. Ён застаўся жывым пасля ГУЛАГА, а яго бацьку закатавалі адразу пасля прысуду. Няшмат пражыла і маці.

Ні адна з дачок не працягнула бацькаву справу.

Чым жа замінала сям’я Жыдовічаў суседзям? У сваёй вёсцы яны лічыліся людзьмі заможнымі. Мала таго што мелі карову, дык яшчэ займаліся вырабам розных сельскіх прылад, майстравалі і народныя інструменты: скрыпкі, цымбалы. Потым ігралі на іх на вяселлях, за што атрымлівалі харчы. Вось і ўся заможнасць. Але нехта прылічыў іх да кулакоў. Словам, ад цымбалаў, праз якія свет займеў такога выдатнага музыканта, пацярпела амаль уся сям’я. Сястра Юля ў той час ужо выйшла замуж, змяніла прозвішча і разам з сям’ёй з’ехала далей ад бяды. Старэйшы брат Антон тады ўжо працаваў у Маскве, займаўся вынаходніцтвам. Асудзілі толькі  малодшага з бацькамі. Менавіта Антон і дапамог выбрацца Іосіфу з Мардовіі, дзе ён адбываў пакаранне. Адзін з асуджаных напісаў ліст аб памілаванні, і яго адпусцілі. Жыновіч вырашыў зрабіць такім жа чынам. Ён напісаў ліст Антону, а той у сваю чаргу даслаў яго да сястры Леніна Марыі Ільінічны Ульянавай, якая тады была загадчыцай Бюро скаргаў у Камісіі савецкага кантролю. Неверагодна, але дзякуючы клопатам Ульянавай музыканта вызвалілі. Тады ён і змяніў прозвішча, каб не жыць з цяжкім кляймом «сына ворага народа».

З кардонным чамаданчыкам у руках


Ні ў адной сваёй біяграфіі Іосіф Іосіфавіч не пазначаў гады зняволення, таму дакладна невядома, колькі ён быў у ссылцы і калі вярнуўся ў Мінск. Але што цікава, пасля вяртання яго аднавілі ў кансерваторыі і зноў запрасілі ў ансамбль. Праўда, аднойчы яму ўсё ж узгадалі «нядобранадзейнасць». У чэрвені 1940-га аркестр народных інструментаў БССР запрасілі на Першую дэкаду беларускага мастацтва. На адным з канцэртаў у Жыновіча быў сольны нумар, але нечакана замест яго на сцэну адправілі 17-гадовага Аркадзя Астрамецкага, якому тады ж замест Жыновіча ўручылі медаль «За працоўную адзнаку». 

Крыўдна было. Але такога таленавітага цымбаліста нельга было не заўважыць. Лічыцца, што па сённяшні час ніхто так і не здолеў паўтарыць «гук» Жыновіча. Таму потым у народнага артыста было шмат выступленняў у Маскве і далёка за яе межамі. Цымбаліст, кампазітар і дырыжор атрымаў шмат узнагарод і званняў. Дарэчы, вайсковыя ўзнагароды Антаніна Іосіфаўна беражліва захоўвае і зараз. А побач з імі — кардонны карычневы чамадан, з якім бацька з канцэртамі выязджаў за лінію фронту. У 1941-м ён пайшоў у ваенкамат з просьбай, каб яго адправілі на вайну. Адказалі: «Чакайце! Паклічам!» Але замест фронту яго накіравалі ў Казахскую філармонію. Праўда, праз некаторы час ён вярнуўся ў Беларусь, дзе ў складзе музычных брыгад узнімаў баявы дух байцоў. У Мінск разам з групай беларускіх артыстаў ён прыехаў летам 1944-га, калі горад ужо быў вызвалены.

Дарэчы, у той час у Жыновіча ўжо была свая сям’я. У 1939-м у оперным тэатры на адным са святочных канцэртаў ён пазнаёміўся з вельмі прыгожай дзяўчынай — Галінай Гаўрыльчык. Яна тады якраз вучылася ў кансерваторыі ў вядомай савецкай опернай прымы Ларысы Александроўскай. Маладая спявачка была на дванаццаць гадоў маладзей за Жыновіча. Яе не спужала мінулае гэтага чалавека. 

— Яны шчасліва пражылі амаль 35 гадоў. Бацька вельмі любіў маму. Яна працягвала спяваць у тэатры, але ва ўсім яго падтрымлівала.  Яго дасягненні — гэта і яе дасягненні. Мы ўсёй сям’ёй любілі бываць на дачы ў Ждановічах. Якія суседзі ў нас былі! Мележ, Шамякін, Пестрак. Крыху далей дамы Броўкі, Глебкі, Крапівы. Да бацькі часта прыходзілі яго сябры-музыканты, з якімі ён іграў у прэферанс. Ён любіў рыбалку і паляванне, але ў зямлі ніколі не корпаўся. На дачы ён адпачываў або сачыняў музыку. У 70-я, у канцы жыцця, узнагароды літаральна пасыпаліся на яго. Магчыма, тады нарэшце зразумелі, што ў 30-я ён незаслужана пацярпеў, і вырашылі аддаць яму тое, што ён даўно заслугоўваў. Бацька марыў, каб яго ансамбль жыў і набіраў моц, хацеў, каб цымбалісты аб’ядналіся. Усё гэта сёння ёсць. Ён наогул валодаў дарам прадбачання. Гаварыў, што ў трэцім ці ў чацвёртым пакаленні нашай сям’і з’явіцца выдатны музыкант. Маёй унучцы Палінцы пяць, Герману — годзік. Вельмі артыстычныя дзеці. Так хочацца, каб хтосьці з іх працягнуў справу прадзеда, узняў беларускае выканальніцкае мастацтва на яшчэ больш высокі ўзровень. Бацька аб гэтым марыў да апошняга дня свайго жыцця.

stepuro@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter