Песенны цыкл “Вянок” Уладзіміра Мулявіна вяртаецца на сцэну

Цымбалы ўспомняць песняра

У афішы Белдзяржфілармоніі — прэм'ера. 10 снежня ў Вялікай зале прагучыць песенны цыкл «Вянок» Уладзіміра Мулявіна на вершы Максіма Багдановіча. Прагучыць амаль праз 30 гадоў пасля першага выканання, адноўлены музыкантамі Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча.

Вольга БРЫЛОН і Аляксандр КРАМКО: у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча музыка Уладзіміра Мулявіна гучыць надзвычай ярка.

Народныя інструменты і спадчына «Песняроў»? Так. І не трэба здзіўляцца. Вялікая памылка лічыць, быццам на баяне і цымбалах можна выконваць толькі фальклор. Маэстра Міхаіл Казінец і калектыў, які ён узначальвае, — за шырокі рэпертуарны дыяпазон і зварот да лепшых узораў эстраднай музыкі. З творамі Уладзіміра Мулявіна аркестр працуе не першы раз. З сярэдзіны 2000-х выконваюцца асобныя песні славутага музыканта і кампазітара, сенсацыямi 2010-га і 2012-га сталі яго адноўленыя рок-оперы «Гусляр» і «Песня пра долю» на вершы Янкі Купалы. І вось зараз — «Вянок». Да дня нараджэння Багдановіча.

Касета ад Барады

Музыказнавец і адзін з аўтараў праекта Вольга Брылон расказвае перадгісторыю:

— Праграма «Вянок» з’явілася ў 1991-м і была створана Уладзімірам Георгіевічам з ансамблем «Песняры» да 100-годдзя Максіма Багдановіча. Аранжыроўкі зрабіў Алег Молчан. Прэм'ера цыкла адбылася ў пачатку лістапада 1991 года ў Нью-Ёрку ў Бібліятэцы Аб'яднаных нацый падчас гастроляў «Песняроў» у ЗША. 

Пасля вяртання артыстаў з замежнай паездкі праграма прагучала на сцэне Белдзяржфілармоніі 9 снежня 1991 года, у дзень юбілею Багдановіча. Гэта быў адзіны паказ, больш ніколі цалкам «Вянок» не выконваўся. 

Адрадзіць усе кампазіцыі стала магчыма дзякуючы даўняму адданаму маскоўскаму прыхільніку творчасці «Песняроў» Уладзіміру Пазняку, некалі ён калясіў за ансамблем па ўсіх яго канцэртах і быў вядомы ў фан-асяроддзі пад мянушкай Барада. У яго прыватнай калекцыі захавалася касета з унікальным аўдыязапісам прагону праграмы «Вянок» перад паездкай у ЗША, зробленым у рэпетыцыйным памяшканні ансамбля ў жніўні 1991 года. На сённяшні дзень гэта адзіная дакладная крыніца, якая дае ўяўленне аб «Вянку» ў поўным аб'ёме.


На аснове гэтай стужкі апрацоўку для аркестра ўсіх 15 песень цыкла зрабіў Аляксандр Крамко — заслужаны артыст Беларусі, музыкант, кампазітар, аранжыроўшчык і дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.Жыновіча. Яго асаблівы дар — аднаўляць у адсутнасць нотнага матэрыялу творы на слых, прычым адразу партытурай для ўсяго складу аркестра. Сам Аляксандр жартам называе гэты працэс вялікай музычнай дыктоўкай і з задачай спраўляецца на выдатна. Прафесіяналы прызнаюць: непераўзыдзены талент. 

Аляксандр іграе на ўсіх інструментах, таму добра ведае іх асаблівасці і магчымасці:

— Напрыклад, нашы родныя цымбалы — інструмент вельмі багаты. Падыходзяць і для полькі, і для папулярнай музыкі, і для рока. Галоўнае — ведаць, як знайсці патрэбны тэмбр. Для гэтага існуюць розныя цікавыя прыёмы. Скажам, калі альтовыя цымбалы іграюць перавернутымі палачкамі, тымі іх кончыкамі, якія не абцягнуты скурай, — сапраўдны гітарны драйв атрымліваецца! Цымбалы гучаць настолькі пераканаўча, што гледачы дзівяцца, бо чуюць гітару, але яе на сцэне няма. Гэты прыём выкарыстаны і ў аранжыроўцы кампазіцый «Вянка». Але мэтай не было «апрануць» старыя песні ў новае адзенне. Я стараўся захаваць усе задумкі Уладзіміра Мулявіна, а аркестравае гучанне цыкл толькі ўзбагаціла.

Сенсацыйныя прэм’еры

Упрыгожваюць праграму знакамітыя «Вераніка» Ігара Лучанка і «Зорка Венера» Сымона Рак-Міхайлоўскага. Гэтыя кампазіцыі на словы Багдановіча сталі класікай песеннай эстрады задоўга да з'яўлення цыкла «Вянок», і ў яго іх калісьці ўключыў сам Мулявін.

Чакаюцца і сенсацыйныя сюрпрызы. Напрыклад, прагучыць песня «Па-над белым пухам вiшняў» аўтарства Уладзіміра Мулявіна. Слухачы ведаюць яе пераважна толькі з музыкай, створанай колішнім удзельнікам «Песняроў» Ігарам Паліводам. Некалі дзеля яе Уладзімір Мулявін адмовіўся ад выканання ўласнай кампазіцыі, палічыў варыянт Паліводы больш удалым. Яшчэ адна адноўленая песня — «Па ляду ў глухім бары». Яе Уладзімір Георгіевіч на прагоне цыкла выконваў, але пасля з праграмы выключыў. Чаму? Невядома. Вольга Брылон кажа, заўсёды вельмі патрабавальна ставіўся да сваёй творчасці: нешта раптам не спадабалася ці падалося нявартым, мог парваць ноты і песню больш не выконваць. Можа, так здарылася і з жартоўнай «Па ляду ў глухім бары»? А можа, камусьці не спадабаліся ў тэксце словы «Усё зьнішчуць, падлы, хоць ня сей» або «А каб ты здох!» у прыпеве? Але ж гэтак у вершы Багдановіча мужык-селянін лаецца на аленяў, якія патапталі авёс, пасеяны ім употай на дзялянцы ў лесе. Ян Жанчак, вядомы рок-спявак, які выконвае адноўленую кампазіцыю, ад яе ў суцэльным захапленні.

У прэм’еры таксама ўдзельнічаюць экс-саліст «Песняроў» Вячаслаў Ісачэнка, музыканты Андрэй Казлоўскі (гітара), Андрэй Шчыткавец (бас-гітара), Сяргей Шкурдзе (ударныя) і саліст Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.Жыновіча Андрэй Коласаў.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter