Цымбальны эфект

ЁСЦЬ у кожнай краіны свой музычны брэнд. У суседняй Расіі гэта балалайка і домра, у далёкай Іспаніі — гітара, а ў роднай Беларусі — цымбалы. Гэты ўнікальны струнны інструмент — голас і гонар нашай нацыянальнай культуры. Амаль што ўсе прафесійныя і аматарскія калектывы народнага накірунку прама ці ўскосна «прыхарошваюць» свае праграмы цымбаламі. Яны і акампанемент, і сола, і нават міжнароднае здзіўленне. Напрыклад, у Вене, якая прымала ў гэтым годзе конкурс маладых музыкантаў «Еўрабачанне-2012», нашы цымбалы былі прызнаны экзатычным (!) для еўрапейскай музычнай культуры інструментам. А ў сямёрку лепшых на конкурсе трапіла наша бліскучая цымбалістка Аляксандра Дзенісеня. Але што на адваротным боку медаля? Дзеячы цымбальнага свету непакояцца. Некалькі гадоў таму вытворчасць нацыянальнага беларускага інструмента ў Беларусі была скасавана. Барысаўская фабрыка музычных інструментаў, якая вырабляла цымбалы для ўсёй краіны, спыніла сваё існаванне. Значыць, для нашых цымбалаў, адроджаных славутым Жыновічам у сярэдзіне мінулага стагоддзя, пачаўся адваротны «жыццёвы» адлік?

Ці захаваем мы музычны брэнд краіны і што для гэтага трэба?

ЁСЦЬ у кожнай краіны свой музычны брэнд. У суседняй Расіі гэта балалайка і домра, у далёкай Іспаніі — гітара, а ў роднай Беларусі — цымбалы. Гэты ўнікальны струнны інструмент — голас і гонар нашай нацыянальнай культуры. Амаль што ўсе прафесійныя і аматарскія калектывы народнага накірунку прама ці ўскосна «прыхарошваюць» свае праграмы цымбаламі. Яны і акампанемент, і сола, і нават міжнароднае здзіўленне. Напрыклад, у Вене, якая прымала ў гэтым годзе конкурс маладых музыкантаў «Еўрабачанне-2012», нашы цымбалы былі прызнаны экзатычным (!) для еўрапейскай музычнай культуры інструментам. А ў сямёрку лепшых на конкурсе трапіла наша бліскучая цымбалістка Аляксандра Дзенісеня. Але што на адваротным боку медаля? Дзеячы цымбальнага свету непакояцца. Некалькі гадоў таму вытворчасць нацыянальнага беларускага інструмента ў Беларусі была скасавана. Барысаўская фабрыка музычных інструментаў, якая вырабляла цымбалы для ўсёй краіны, спыніла сваё існаванне. Значыць, для нашых цымбалаў, адроджаных славутым Жыновічам у сярэдзіне мінулага стагоддзя, пачаўся адваротны «жыццёвы» адлік?

«Зрабіць можа і любы сталяр. А вось прымусіць загучаць…»

— На барысаўскай «піянінцы» — так называюць зачыненую фабрыку музычных інструментаў — цэх па вырабе цымбалаў быў невялікі. Асаблівага прыбытку, думаю, ён не прыносіў, але попыт на цымбалы быў заўсёды. Неўзабаве, з-за нерэнтабельнасці, фабрыку, якая вырабляла славутае піяніна «Беларусь», закрылі. Так мы пазбавіліся магчымасці набываць якія-ніякія цымбалы, — акрэслівае праблему народны артыст Беларусі, загадчык кафедры струнных народных інструментаў Беларускай акадэміі музыкі Яўген Гладкоў.

Яўген Пятровіч — прафесіянал з вялікай літары: цымбаліст, педагог, аўтарытэтны музычны эксперт. Яго выкладчыцкі стаж — больш за 40 гадоў. Майстэрству прафесар Гладкоў вучыўся ў самога заснавальніка беларускай цымбальнай школы Іосіфа Жыновіча. Некалі гэты выбітны музычны дзеяч дзедаўскі вясковы інструмент для полек-вальсаў — цымбалы — ператварыў у акадэмічны. Жыновіч асабіста сачыў за якасцю цымбалаў, вырабленых на барысаўскай «піянінцы», прыязджаў на фабрыку, спрабаваў гучанне інструментаў, даваў указанні майстрам.

— Мы — цымбальная краіна, — заяўляе Яўген Гладкоў. — Куды ні глянь — інструмент патрэбны ўсёй Беларусі! Гэта — музычныя школы і гімназіі, вучылішчы і каледжы. А яшчэ вышэйшыя навучальныя ўстановы, творчыя калектывы — ад аматарскіх да буйных прафесійных (тыпу «Бяседа» ці Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Жыновіча), дзе пераважная колькасць інструментаў — цымбалы. Калі вырашалі, што рабіць з цымбальным цэхам на «піянінцы», падлічылі, што ў Беларусі толькі ў актыўным абіходзе больш за тры тысячы інструментаў. Патрэба, здаецца, невялікая, але цымбалы — не скрыпка, з цягам часу яны псуюцца. Інструмент проста «глохне», гукавыя якасці яго пагаршаюцца. У нашых акадэмічных класах мае студэнты, напрыклад, іграюць на цымбалах 1988 года вытворчасці. Інструменты эксплуатуюцца інтэнсіўна, часта бываюць у раз’ездах, патрабуюць замены.

Аднак гэта, шчыра кажучы, «не па кішэні» не толькі для навучальных устаноў, але і для прафесійных артыстаў. Напрыклад, цымбалы той жа Аляксандры Дзенісені, якая здзівіла аўстрыйскую Вену, каштуюць 800 долараў. Канцэртны інструмент вырабіў для музыкі майстра з Гродна Андрэй Кібень. Цымбалы яго аўтарства Гладкоў ацэньвае высока, але інструмент трэба ўдасканальваць.

— Цымбальную праблему могуць вырашыць у дадзеным становішчы толькі народныя майстры! Зыходзячы з таго, што інструмент гэты слабы па сваёй канструкцыі, і калі ў яго пашкоджана (трэснула, выпучылася ці правалілася) верхняя дэка — гэта асноўная дэталь любога струннага інструмента, то цымбалы не паддаюцца рамонту. Лепш вырабіць новыя. Зразумела, ручная работа не танная, — заключае Яўген Пятровіч. — Зрабіць інструмент можа любы сталяр, але цымбалы трэба прымусіць яшчэ і загучаць.

Народных майстроў, якія займаюцца цымбаламі і робяць больш-менш добрыя інструменты, Гладкоў пералічвае па пальцах, падказваючы карысныя адрасы. Акрамя Гродна, ёсць умельцы ў Пінску, Гомелі, Барысаве.

Народных майстроў можна пералічыць па пальцах

«Пуставокі», з павыбіванымі дзе-нідзе шыбамі, даўжэзны (метраў у дзвесце) будынак — адзін з карпусоў барысаўскай «піянінкі» — відовішча мала чым захапляючае. Асабліва ўлічваючы тое, што калісьці тут унутры ўсё было застаўлена піянінамі... Барысаўскую фабрыку музычных інструментаў, яе «дабітыя» разрухай будынкі знайсці ў горадзе няцяжка: месціцца ў цэнтры, недалёка ад барысаўскага чыгуначнага вакзала.

— На «піянінцы» я працаваў з 1982 года, з невялікім перапынкам на службу ў арміі. Пачынаў з вучня настройшчыка. А калі скарацілі, дайшоў па кар’ернай лесвіцы да інжынера-акустыка дрэваапрацоўчага цэха, — успамінае былы работнік барысаўскай фабрыкі Аляксандр Працько. — Мы сачылі за гукавымі якасцямі і піяніна, і цымбалаў. У свой час нават пераканалі кіраўніцтва фабрыкі стварыць эксперыментальны ўчастак па ўдасканаленні інструментаў. Аднак калі піяніна ў новай мадыфікацыі пабачыла свет яшчэ пры «жыцці» «піянінкі», то цымбалы не паспелі. Інструмент удасканаліў і дапрацаваў я самастойна.

Так Аляксандр Працько стаў індывідуальным прадпрымальнікам. Два гады таму майстра з сярэдняй спецыяльнай музычнай адукацыяй трапіў на працу ў Лядзішчанскі цэнтр культуры і вольнага часу кіраўніком гуртка эстраднай песні. У цэнтры ён пазнаёміўся з Міхасём Вашкевічам. Той тады ўзначальваў установу культуры. Многа і займальна Аляксандр расказваў калегу аб цымбалах, працы на «піянінцы» — і ў рэшце рэшт «іпэшнікі» вырашылі займацца вытворчасцю інструмента.

— Мне спадабалася ідэя з цымбаламі, таму што яна магла б дазволіць установе культуры самастойна зарабляць грошы. У нас з’явіўся цэнны «кадр». Аляксандр, лічыце, сваімі рукамі вырабляў цымбалы на «піянінцы», спецыяльна вучыўся на інжынера-акустыка. Аднекуль зверху, я лічу, яму дадзены абсалютны слых, які бясцэнны для настройшчыка, — расказвае Міхась Вашкевіч.

Міхась працуе ў сферы культуры 27 гадоў. Па прафесіі — «харавік», скончыў Інстытут культуры (сёння Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў). Доўгі час працаваў у Старабарысаўскім сельскім Доме культуры, дзе разам з жонкай Святланай арганізаваў ансамбль народнай музыкі і песні «Траецкія музыкі». (Калектыву 15 гадоў, ездзіў з канцэртамі нават у Еўропу.) У Лядзішчанскі цэнтр культуры і вольнага часу прыйшоў, як гавораць, на пустое месца: будынак былога Дома афіцэраў пуставаў чатыры гады.

Барысаўская «мануфактура»

— Мы знайшлі памяшканні, дзе можна зрабіць майстэрню, — разам з Міхасём Вашкевічам спускаюся па крутой вінтавой лесвіцы ў падвал будынка Лядзішчанскага цэнтра культуры і вольнага часу. — Тут і свет самі праводзілі, і вентыляцыю. Увесь ручны інструмент — электрадрэль, шліфмашынку і іншае,  а таксама матэрыялы набывалі разам з Працько на ўласныя грошы. Першая партыя цымбалаў склала сем інструментаў.

Майстры спрабавалі вырабіць цымбалы з беларускага матэрыялу — бярозы, елкі, нават фанеры, але тыя не вытрымлівалі, «выгіналіся», калі нацягнуць усе струны: напятасць струн па замерах «піянінкі» —  3,5 тонны. Прыйшлося набываць нятанныя матэрыялы — рэзанансную елку і клён, якія растуць у Карэліі, Сібіры, Карпатах.

— На пробу першыя экзэмпляры цымбалаў мы давалі прафесару Гладкову. Ён даў шмат заўваг па нашых інструментах. Дапрацавалі. Дэку зрабілі свабоднай, змянілі вугал трапецыі на адзін градус — усё гэта значна паўплывала на гукавыя «здольнасці» цымбалаў, — кажа настройшчык Працько. — З выручаных грошай, плюс крэдыты, набылі матэрыял на чарговую партыю інструментаў — дрэва і спадарожныя матэрыялы.

Дарэчы, на адзін інструмент ідзе 2—3 месяцы працы. Пасля нацягвання струн той настройваецца таксама доўга: дае ўсадку корпус. І толькі з цягам часу інструмент павінен раскрыцца, загучаць магутна і па-беларуску звонка.

За два гады прадпрымальнікі выпусцілі ў свет каля 20 інструментаў. Кошт аднаго сёння — 7,2 мільёна рублёў. Ёсць чарга і на заказы: розныя ўстановы культуры і адукацыі Беларусі ўжо дамовіліся з прадпрымальнікамі на 20 інструментаў.

— На жаль, наша ідэя з майстэрняй па вырабе цымбалаў не знайшла падтрымкі мясцовай улады, — разводзіць рукамі Міхась Вашкевіч. — Працуем пакуль «іпэшнікамі». Цяпер вырашаем пытанне з арэндай памяшканняў у нашым цэнтры пад майстэрню. А займацца цымбаламі будзем усё роўна. Любімае хобі стала работай! Тым больш што попыт, як высвятляецца, на інструменты ёсць.

Дзяржаўны клопат

Пра вытворчасць беларускіх цымбалаў за мяжой, мяркую, усур’ёз разважаць нельга. Наш інструмент — унікальная мадыфікацыя. Беларускія дыятанічныя цымбалы не падобныя, напрыклад, на нацыянальныя нямецкія. Хаця ў той жа Германіі інструменты ствараюць не на фабрыках, а ў прыватных майстэрнях. І гэта нар- мальная практыка не толькі ў Еўропе, але і ў свеце. Таму, думаю, наша цымбальная школа нічога не згубіць ад таго, што будзе карыстацца цымбаламі прыватнага вырабу. Галоўнае, каб срэбраструнныя «спевакі» гучалі выдатна.

Сыходзіцца з такой думкай і Міністэрства культуры Беларусі. Калі закрывалася барысаўская «піянінка», ведамства неаднаразова звярталася ў Савет Міністраў з абгрунтаваннем, каб захаваць хаця б цэх па вырабе цымбалаў.

Акрамя лічаных народных майстроў, вырабляць цымбалы можна і на сталічным прадпрыемстве «Музрэм», зазначыў намеснік міністра культуры Беларусі Тадэуш Стружэцкі. Там жа іх і рамантаваць можна, што супярэчыць меркаванню прафесіянала, прафесара Гладкова, які «капітальны» рамонт цымбалаў лічыць апрыоры прафанацыяй.

— Мы ведаем пра праблему цымбалаў, але яна, хоць і павольна, але больш-менш вырашаецца, — кажа Тадэуш Іванавіч. — Ведаем і робім стаўку на народных майстроў, у якіх замаўляюць цымбалы. У рэспубліцы ўвогуле ёсць пытанні з забяспечанасцю музычнымі інструментамі. Калі, напрыклад, праблем з вырабам дуд і дудак для творчых калектываў няма, то знайсці майстра па ўнікальных народных музычных інструментах — басэтлі, акарыны, гусляў, скрыпкі — увогуле цяжка. Каб далёка не хадзіць, прывяду прыклад з распаўсюджанымі баянамі. Выраб іх ажыццяўляе прыватнае прадпрыемства ў Маладзечне. Але гэта невялікія партыі — і, як вынік, нятанныя інструменты. А баяны павінны быць больш-менш грашова даступныя як для прафесіяналаў, так і для пачынаючых выканаўцаў. Перш за ўсё для школьнікаў. І, канечне ж, тут павінен фарміравацца дзяржаўны заказ.

Тадэуш Стружэцкі падкрэсліў, што сёння ў рэспубліцы працуюць 523 пачатковыя школы эстэтычнай адукацыі — музычныя, харэаграфічныя, школы мастацтваў. Запатрабаванасць у музычных інструментах — высокая! Безумоўна, яны маюць свой тэрмін амартызацыі і патрабуюць пастаяннага рамонту. А гэта ў тым ліку і дзяржаўны клопат.

Міністэрства культуры ў гэтым накірунку ставіць задачу сістэмнай працы. І робіць стаўку на навукова-творчую лабараторыю беларускіх народных музычных інструментаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

— Мы мяркуем надаць ёй статус «навукова-вытворчай», каб лабараторыя не толькі вывучала і захоўвала лепшыя ўзоры народных беларускіх інструментаў, але і стварала б вопытныя, — тлумачыць Тадэуш Стружэцкі. — Далей лабараторыя перадавала б тыя ўзоры ў вытворчасць. Формы ўзаемаадносін паміж творчай лабараторыяй і вытворцамі могуць быць самыя розныя. Ва ўніверсітэце прапануем зрабіць і акустычную лабараторыю, каб майстар мог свае інструменты праверыць, адаптаваць пад выканаўца-музыку.

Бліжэйшая перспектыва ў справе народных інструментаў — сертыфыкацыя на іх выраб. Спецыяльны орган будзе выдаваць народным майстрам, ці іншым вытворцам, адпаведны дакумент, які гарантуе якасць любога музычнага інструмента.

А ПАКУЛЬ на цымбалах барысаўскіх майстроў наклеена звычайная бірка, раздрукаваная на прынтары, з указаннем тэлефонаў і галоўнай маркетынгавай фразай, якая выклікае гонар: «Зроблена ў Беларусі». Значыць, музычны брэнд краіны — цымбалы — мы захаваем.

Таццяна УСКОВА, «БН»

 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter