Знакамiты гадзiннiк з Брэста адзначыў круглую дату – 250 гадоў

Цыферблат кахання

Надоечы найстарэйшы ў нашай краiне гадзіннік адсвяткаваў свае 250-я ўгодкі. У гонар свайго самага вядомага экспаната Музей гісторыі Брэста нават зладзіў тэатралізаванае прадстаўленне.

Гадзiннiк, нягледзячы на стагоддзi, iдзе, нiбыта быў зроблены ўчора
Фота аўтара

Дырэктар музея Святлана Тамчук лічыць, што хранометр варты такой увагі:

— Да нас гадзіннік трапіў з музея Каўнаса ў 1958 годзе з кароткай суправаджальнай інфармацыяй. Быў такі час, калі музеі абменьваліся экспанатамі. Але гісторыя стварэння гадзінніка, на жаль, да канца невядомая. На цыферблаце выгравіраваны надпіс «Brzesc 1767». Значыць, заказчык быў з нашага горада. Зверху, хутчэй за ўсё, імя майстра —  Ёган Готфрыд Шміт. Мабыць, ён з Германii. Чаму тады «гадзіннік кахання»? Так яго назвалі наведвальнікі. Справа ў тым, што фрагмент упрыгажэння гадзінніка — сэрца, прабітае стралой Амура. Мы мяркуем, што заказчык падарыў масіўны хранометр сваёй каханай.

Узрост для механiзма не перашкода. У свой юбілей гадзіннік здолеў прайграць мелодыю. Але рабіць гэта кожны дзень ён не можа. Патрэбна рэканструкцыя. Бо быў ён напольным, з корпусам і маятнiкам, а гэтыя элементы страчаны.  

«Любоўныя зёлкi». Рэцэпт не страчаны. Такая ж гарбата прадавалася калiсьцi ў Брэст-Лiтоўску
«Закаханае» дрэва з’явiлася на адной са старых вулiц Брэста

Яшчэ ў музеі (у якім налічваецца каля 4 тысяч прадметаў асноўнага фонду) у «дзень нараджэння» хранометра з'явіўся новы арт-аб'ект — «Дрэва кахання». Яго ролю з гэтага дня будзе выконваць воцатнае дрэва — сумах, што расце ў двары музея. А вядомыя рэканструктары Андрэй і Алена Варабей на час сталі тымі самымі закаханымі, памяць пра якіх захаваў стары гадзіннік. Каля «Дрэва кахання» яны, апранутыя ў старадаўнія касцюмы, далі клятву адзін аднаму ў вернасці. А потым пачаставалі гасцей гарбатай — «Любоўнымі зёлкамі», менавiта такая ў свой час прадавалася ў Брэст-Літоўску. І, зразумела ж, яблыкамі. Якое ж каханне без спа-кусы?

У «закаханага» дрэва зараз змогуць загадаць жаданне як жыхары горада, так і турысты. Тым больш што расце яно на адной з аўтэнтычных вулачак старога горада.

Хоць да Дня святога Валянціна яшчэ доўга і, здавалася б, музейнае свята не ў тэму, але атрымалася яно вясёлым і светлым. Пра каханне патрэбна казаць кожны дзень, лічыць Святлана Тамчук. Яна ўпэўнена, што мерапрыемствы з элементамі анімацыі прыцягнуць наведвальнікаў:

— У гэтым годзе ў нас пабывала каля 10 тысяч чалавек. Каб гасцей стала яшчэ больш, маем намер рабіць падобныя святы ў гонар нашых лепшых экспанатаў.

valentinak3@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter