Да свайго юбілею старшыня беларускага таварыства “Сябры” з эстонскай Нарвы Людміла Аннус атрымала ад мужа Віктара Байкачова выдатны падарунак: падарожжа па Бацькаўшчыне

Цёплыя сустрэчы

Да свайго юбілею старшыня беларускага таварыства “Сябры” з эстонскай Нарвы Людміла Аннус атрымала ад мужа Віктара Байкачова выдатны падарунак: падарожжа па Бацькаўшчыне.

Спачатку была ў іх трохдзённая вандроўка па Брэсцкай вобласці. Пасля эстонскія беларусы пабывалі й на Гомельшчыне, у горадзе Рагачове: ён сёлета быў сталіцай Дня беларускага пісьменства. А на пачатку пасяджэння Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа яе павіншаваў старшыня веча дыяспары, Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей: падарыў актывістцы беларускага руху шыкоўны букет.

Пра сваю паездку па Брэстчыне і ўражанні ад яе Людміла Аннус напісала ў пісьме, які даслала ў рэдакцыю.


З букетам ад Міністра

Добры дзень, паважаныя калегі! Перш за ўсё хачу расказаць: адным з кірункаў супрацоўніцтва з беларусамі замежжа, які быў вызначаны пад час пасяджэння Кансультатыўнага савета пры МЗС Беларусі, стала развіццё турызму, санаторнага адпачынку і медыцынскага лячэння замежных гасцей у Беларусі. Наша суполка “Сябры” ўжо амаль 17 гадоў шмат робіць для знаёмства жыхароў Эстоніі з культурнай спадчынай Беларусі. А з 2012-га мы ладзім і экскурсійныя паездкі на Радзіму. За гэты час шмат тургруп, у складзе якіх былі як выхадцы з Беларусі, так і эстонцы-нарвіцяне, пабывалі ў Беларусі. А ўражанні ад сустрэч на беларускай зямлі ў эстонскіх гасцей — заўсёды выдатныя!

Пакуль што мы вазілі турыстаў па маршруце Мінск—Хатынь—Дудуткі—Мір—Нясвіж—Барысаў (гэта горад-пабрацім Нарвы). Заўсёды турысты былі ў захапленні ад наведвання тых мясцін. Хвалюючы прыпынак для ўсіх — Хатынь. Нікога не пакідае абыякавым тая мясціна памяці і болю: адна з тысяч беларускіх вёсак, спаленых карнікамі пад час Вялікай Айчыннай вайны. Сёлета ж мы вырашылі пашырыць геаграфію наведвання Беларусі ды знайсці цікавыя мясціны на будучы год. На пачатку верасня разам з мужам Віктарам Байкачовым пабывалі на Брэстчыне. Пінск, Брэст, Белавежская пушча, Баранавічы — вось некаторыя з пунктаў вандроўкі. Дарэчы, такі падарунак я атрымала ад мужа да свайго 65-годдзя. Няма слоў, каб выказаць пачуцці, што я перажыла ў родных, аднак незнаёмых яшчэ для нас мясцінах. Мы зразумелі: адкрываць Беларусь для сябе можна бясконца! Абавязкова арганізуем на будучы год турпаездку для нарвіцян у Брэсцкую крэпасць. Думаю, ніхто не застанецца абыякавым, пабачыўшы месца, у якім раніцай 22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная... Пабываем і ў рэзідэнцыі беларускага Дзеда Мароза, у Белавежскай пушчы.


М. Скрундзь, В. Байкачоў, І. Кусцінскі

Сёлета ў Баранавічах мы сустрэліся з кіраўніком народнага гурта “Фэст” Іванам Кусцінскім, дамовіліся аб прыездзе баранавіцкіх музыкаў да нас у Нарву. Пабывалі таксама ў гасцях у даўняга сябра, таленавітага паэта і кампазітара, аўтара многіх вядомых песень Міхаіла Скрундзя.

Хочацца, каб усе нашыя задумы ажыццявіліся. Верыцца: мы папоўнім шэрагі турыстаў з Эстоніі, а для сябе — яшчэ з аднаго боку адкрыем родную Беларусь.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter