Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларусы расійскага рэгіёна актыўна ўдзельнічаюць у важных справах у Растове і нават у Вене

Цёплы вецер з Дона

У імклівай плыні грамадскіх спраў, якімі заняты Уладзімір Банцэвіч, старшыня Саюза беларусаў Дону, зямляк выкраіў начнога часу, каб напісаць у “Голас Радзімы”. Чытачы, мяркую, памятаюць ягоны тэкст “Экспедыцыя на Бацькаўшчыну” (ГР, 15.03.2018). “Думаецца, кола той экспедыцыі прадаўжае рухацца, і гэта вельмі добра, бо не выпадкова ж яна здарылася, — напісаў спадар Уладзімір. — А справы беларусаў Дона сягаюць ужо й за межы рэгіёна. У прыватнасці, наш зямляк-беларус, афіцэр запасу, кіраўнік гарадскога Савета ветэранаў Валянцін Гербач пабываў па запрашэнні МЗС Аўстрыі ў Вене, як афіцыйны прадстаўнік Растова-на-Доне. Ён быў запрошаны на цырымонію ўзлажэння вянкоў 22 сакавіка да помніка савецкаму салдату ў Вене — з нагоды чарговай гадавіны падзей у лагеры смерці “Сабібор”. Гэта была таксама даніна павагі савецкім воінам, што загінулі пры вызваленні горада. Іх жа там палегла, за сталіцу Аўстрыі, 38 тысяч! Як вядома, некаторыя заходнееўрапейскія палітыкі спрабуюць перагледзець вынікі Другой сусветнай вайны, пры тым скажаецца гістарычная праўда. І наш зямляк, які, ведаю, нарадзіўся ў партызанскім атрадзе на тэрыторыі Беларусі, мае што сказаць на гэты конт. Падрабязней напішу пазней”.

Уладзімір Банцэвіч, Ала Івахненка ўручаюць скульптуру “Баян-гусляр” Уладзіміру Бабіну

Перад самым ад’ездам Валянцін Уладзіміравіч даручыў Уладзіміру Банцэвічу паўдзельнічаць 21 сакавіка ў круглым стале, прысвечаным Дню памяці пра Хатынскую трагедыю. Мерапрыемства ў растоўскім патрыятычным цэнтры “Победа” (створаны пры гарадскім Доме ветэранаў) ініцыявалі Валянцін Гербач і даўняя сяброўка беларускай суполкі Ася Кампаніец: пра яе мы раней пісалі (“Сяброўства застаецца ў спадчыну” — ГР, 29.06.2010). Падтрымала ініцыятыву адміністрацыя Растова-на-Доне, а паўдзельнічалі ў круглым стале дыпламат, прадстаўнік Беларускага Пасольства ў Расіі Уладзімір Няронскі, дырэктар Растоўскага рэгіянальнага дабрачыннага фонду імя Віктара Палянічкі “Будущее Отечества” Ірына Палянічка, кіраўніца Моладзевага руху “Дороги славы — наша история” Ася Кампаніец, намесніца старшыні Растоўскай беларускай рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі па культуры Ала Івахненка, прадстаўнікі гарсавета ветэранаў, гарсавета моладзі, студэнты ВНУ горада. Спачатку ішоў дакументальны фільм пра Хатынскую трагедыю. Потым было абмеркаванне ўбачанага. Удзельнікі круглага стала сышліся ў думцы, што Хатынь — ужо сімвал, зборны вобраз усіх спаленых карнікамі разам з жыхарамі вёсак не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Украіне. Жудасныя забойствы мірнага насельніцтва захопнікамі былі ў вайну на Палессі, на Браншчыне, пад Смаленскам і Курскам, на Доне і Кубані.

Мастак Уладзімір Банцэвіч
Фота: іван ждановіч
З допісу ў рэдакцыю мы ведаем: на круглым стале старшыня Саюза беларусаў Дону Уладзімір Банцэвіч ад імя суполкі перадаў супрацоўнікам аддзела па справах моладзі гарадміністрацыі зямлю з Мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, з Брэсцкай крэпасці-героя, з Кургана славы з-пад горада-героя Мінска і Кургана славы Гомеля.

Каштоўныя артэфакты, нагадаем, экспедыцыя прывезла ў данскую сталіцу ў сакавіку, яны будуць перададзены ў музеі горада. “Думаю, гэта вельмі знакавая і своечасовая падзея, — акцэнтуе ўвагу Уладзімір Банцэвіч. — Зямлі з такіх памятных месцаў беларускай гісторыі савецкіх часоў у Растове-на-Доне раней не была. Цяпер, калі Мінск і Растоў сталі гарадамі-пабрацімамі, падобныя акцыі прыцягваюць немалую грамадскую ўвагу, спрыяюць сяброўству, абуджаюць інтарэс растоўцаў да таго, чым жыве Беларусь, і наадварот”.

Яшча адна падзея, пра якую паспяшаўся паведаміць Уладзімір Банцэвіч: ёсць зрухі ў справе па Музеі расійска-беларускага сяброўства, які энтузісты спрабуюць пашыраць у 112-й школе Растова-на-Доне. У прыватнасці, туды завезены вітрыны і шафы. Дзеля таго, праўда, беларусу давялося звярнуцца ў адміністрацыю Савецкага раёна, бо ёсць пэўныя перашкоды, не ўсё ўдаецца. “Станоўчы эфект дало, пэўна, тое, што якраз назаўтра, 22 сакавіка, губернатар вобласці Васілій Юр’евіч Голубеў сам уручаў мне медаль “За доблестный труд на благо Донского края”, — дзеліцца зямляк радаснай навіной. — Чыноўнікі ж разумеюць: я магу і да яго звярнуцца, каб вырашыць музейную праблему”. Што ж, прызнанне ў грамадстве — заўсёды на карысць справе, якую мы робім. Мудрыя людзі кажуць, што славу і прызнанне можна ўспрамаць як сандалі, якія аблегчваюць вандроўніку хаду на цярністых дарогах жыцця.

Саму ж узнагароду мастак, педагог, грамадскі дзеяч Уладзімір Банцэвіч атрымаў у Растоўскім акадэмічным тэатры драмы імя Максіма Горкага, калі святкаваўся Дзень работнікаў культуры Дона. “Там жа мы з Алай Івахненкай выканалі яшчэ адну грамадскую місію: уручылі Міністру культуры вобласці Уладзіміру Бабіну бронзавую копію Памятнага знака “Баян-гусляр”, — паведамляе ў рэдакцыю зямляк. — Падобная скульптура ўручана летась і Міністру культуры Беларусі, таму паспрыяла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Антоненка. І вось цяпер ужо два аднолькавыя сімвалы-дарункі ад “Саюза беларусаў Дону” звязваюць-яднаюць культуры Дона і Беларусі глыбока гістарычным знакам. Гэта — нібыта мост з мінулага ў сучаснасць, бо культурныя ж карані ў нашых народаў агульныя. Своеасаблівае братанне праз вобраз “Баяна-гусляра” — гэта, лічу, таксама знакавая падзея ў беларуска-расійскай культурнай прасторы”.


Малюнак Ул. Банцэвіча


Пазней Уладзімір Банцэвіч нагадаў: сам Памятны знак “Баян-гусляр” — гэта прыгожая скульптура з белага бетона. Яна ўстаноўлена ў 2012 годзе пры хутары Пагарэлаў Белакалітвінскага раёна Растоўскай вобласці Саюзам беларусаў Дону. Якраз у тым месцы і праводзіцца штогод Міжнародны фестываль на Доне, прысвечаны “Слову аб палку Ігаравым”. Фестываль жа прыдумаў Васіль Лук’янаў, ён і кіруе праектам, рухае яго ўжо 18 гадоў. На думку Уладзіміра Банцэвіча, “Баян-гусляр” ды яго паменшаныя копіі — гэта былі своеасаблівыя прадвеснікі наладжвання больш цесных дзелавых і культурных стасункаў паміж Беларуссю і Донам. “У 2012-м, калі мы з Васіліем Лук’янавым клапаціліся пра помнік, то яшчэ не ведалі, што з нашай лёгкай рукі праз шэсць гадоў пабратаюцца Мінск і Растоў-на-Доне, — піша Уладзімір Банцэвіч. — Але ж, калі шчыра, мы ў гэта верылі! Сёння ж статуэткі “Баяна-гусляра” ў кабінетах двух міністраў — як два генератары, якія выдаюць энергію на карысць нашага моцнага сяброўства. Можна таксама ўявіць іх як апоры велізарнага сімвалічнага маста, па якім у два бакі рух ідзе паміж Донам і Беларуссю. Шляхам, для мяне заўсёды родным, а цяпер і на дзяржаўных картах сяброўства пазначаным. Так што, як бачым, не толькі прагматыкі, але ж і рамантыкі рухаюць гісторыю”.

Уладзімір Банцэвіч разам з Алай Івахненкай падрыхтавалі да Дня яднання народаў Беларусі ды Расіі пілотную прэзентацыю Бібліятэкі імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. Яна ж, нагадаем, створана і апошнім часам актыўна папаўняецца ў Беларускім этнакультурным цэнтры імя Францыска Скарыны. Прэзентацыя спланаваная на 3 красавіка ў Данской публічнай бібліятэцы.

І на заканчэнне. Уладзімір Банцэвіч паведамляе, што ў Беларусі ды Растове “яшчэ адно пабрацімства гарадоў намячаецца: паміж беларускім Салігорскам ды расійскім Батайскам. “Сам я ў Батайску пражыў амаль 13 гадоў, там гадаваліся мае дзеці, — удакладняе зямляк. — Тут жывуць таксама іншыя беларусы. У прыватнасці, у Батайску — гэта ўсяго дзесяць кіламетраў ад Растова — жыве цяпер Ала Івахненка. Яна таксама, як кажуць, прылажыла руку да пабрацімскай справы. Дарэчы, ва ўсіх нашых грамадскіх імпрэзах, у тым ліку і ў памяць пра Хатынь, удзельнічаюць падапечныя Алы Івахненкі — вучні 5-й школы, а таксама яе калегі-педагогі”.

Ну і адкрыццё авіярэйса кампаніі Белавія паміж Растовам-на-Доне і Мінскам ужо не за гарамі. Будзем чакаць новых вестак з Дона — з цёплым вясновым ветрам, які ўжо нясе ў Беларусь птушыныя выраі ды разам з імі новую Вясну.

Голас Радзімы № 13 (3565), чацвер, 5 красавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter