У тым, што зносіны паміж бізнесам Беларусі і Латвіі наўрад ці можна назваць няшчырымі, можна было пераканацца, наведаўшы Латвійска-Беларускі бізнес-форум і кантактна-кааперацыйную біржу

Цёплы вецер з Балтыкі

У тым, што зносіны паміж бізнесам Беларусі і Латвіі наўрад ці можна назваць няшчырымі, можна было пераканацца, наведаўшы Латвійска-Беларускі бізнес-форум і кантактна-кааперацыйную біржу


Старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац і старшыня Рыжскай думы Ніл Ушакоў

 Наяўнасць агульнай мяжы для дзвюх краін далёка не заўсёды азначае, што адносіны паміж імі могуць складвацца па прынцыпе безагаворачнай узаемнай любові. Латвія — яўны таму прыклад. Ужо шмат гадоў яна ва ўсіх сферах дзейнічае з аглядкай на Захад, і кантакты паміж намі хутчэй нагадваюць зносіны суседзяў, якія жывуць на адной лесвічнай клетцы, — прамой дружбы няма, але ў выпадку неабходнасці дапамагчы адзін аднаму можам. Гэта калі гаварыць пра палітычны аспект нашых адносінаў. Але існуе ўзровень, на якім незалежна ад міжнароднай рыторыкі партнёрства заўсёды складваецца больш удала. Гаворка ідзе пра бізнес. Прадпрымальнікі даўно ўжо праклалі дарожкі ў абодва бакі і раз-пораз шукаюць зручную магчымасць узмацніць эканамічны эфект ад работы са сваімі партнёрамі. 

У тым, што зносіны паміж бізнесам Беларусі і Латвіі наўрад ці можна назваць няшчырымі і напускнымі, можна было пераканацца, наведаўшы Латвійска-Беларускі бізнес-форум і кантактна-кааперацыйную біржу. Вось ужо сапраўды мова грошай універсальная, і людзі, якія ўмеюць “гаварыць” на ёй, разумеюць суразмоўцу з паўслова. Дастаткова сказаць, што ў нашай краіне ў сучасны момант працуюць 772 юрасобы, створаныя з удзелам латвійскага капіталу, у Латвіі — 2020 прадпрыемстваў з беларускімі “каранямі”. Ды і, мяркуючы па статыстыцы, краіна-суседка традыцыйна ўваходзіць у дзясятку асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі. Аснову нашага экспарту складаюць нафтахімія, металавырабы, лесаматэрыялы, мінеральныя ўгнаенні, прадукты харчавання, трактары, вопратка і абутак. З Латвіі да сябе мы прывозім хімічную прадукцыю, аптычныя ўстройствы, лекавыя сродкі, тэкстыль.

Для ўдзелу ў бізнес-форуме ў Мінск прыязджала вялікая дэлегацыя, у якую ўвайшлі не толькі дэпутаты сейма Латвіі ды прадстаўнікі органаў самакіравання буйных гарадоў, але і кіраўнікі каля трох з паловай дзясяткаў латвійскіх кампаній. Візіт яны абставілі з усёй еўрапейскай урачыстасцю. Госці з Прыбалтыкі сустрэліся з кіраўніцтвам Мінска і нават падпісалі праграму супрацоўніцтва паміж Рыжскай думай і Мінгарвыканкамам. Паводле слоў мэра Рыгі Ніла Ушакова, дакумент “не проста грунтоўны — ён прадугледжвае пакрокавую стратэгію ўзаемнай работы абсалютна па любых пытаннях жыцця дзвюх сталіц” — пачынаючы ад абслугоўвання ўнутрыдваровых тэрыторый, паслуг ЖКГ, культуры і спорту і заканчваючы гандлем. 

Мінскі гораданачальнік Андрэй Шорац калегу падтрымаў:

— Практыка паказала, што нам ёсць чаму адзін у аднаго павучыцца, ды і ёсць нямала напрамкаў, па якіх супрацоўніцтва варта было б узмацніць. 

Латвійская дэлегацыя прыехала ў Мінск не з пустымі рукамі. Яна прадставіла на суд беларусаў вельмі цікавы праект — “Рыжскі дворык”, у свой час ён нарабіў нямала шуму ў Маскве. Гэта добры прыклад таго, як можа выглядаць кааперацыя нацыянальных вытворцаў. Кампаніі збіраюцца разам, ствараюць тэматычную выкладку і паспяхова прадаюць свае тавары на тэматычным стэндзе. Атрымліваецца, з аднаго боку, праект іміджавы, а з іншага — гандлёвы. У Маскве  сетка такіх фірменных латышскіх тэматычных “куткоў” разраслася да 25 аб’ектаў, але ў выніку супрацоўніцтва з рознічнымі рэтэйлерамі аказалася пад пагрозай. Пасля ўвядзення харчовых санкцый Расіі супраць шэрага еўрапейскіх дзяржаў пастаўкі малочнай і мясной прадукцыі, рыбы ды іншых тавараў прыйшлося згарнуць. Цяпер латвійскія прадпрыемствы разлічваюць развярнуць гэтую плынь у наш бок і арганізоўваць такія “дворыкі” ў мінскіх гандлёвых цэнтрах. Узамен прапаноўваюць стварыць “Мiнскiя куткi” ў Рызе і буйных латвійскіх гарадах. Хоць, як сказаў старшыня камітэта па развіцці горада Рыжскай думы Максім Талстой, магчыма, асаблівай патрэбы на тое і не будзе.

— Фірменны гандаль беларускай прадукцыяй у Латвіі і без таго даволі развіты, і, што немалаважна, ваша прадукцыя сярод нашых суайчыннікаў папулярная і запатрабаваная, — прызнаўся ён.

Вынікі бізнес-форуму прадэманстравалі: латвійскія дзелавыя колы зацікаўленыя ў сустрэчах з вытворцамі і патэнцыйнымі спажыўцамі, у інвеставанні, пошуку партнёраў, дыстрыб’ютараў, даследаванні рынку і ўсталяванні розных формаў узаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Аляксандр Бянько
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter