Цёплая вада – ад сонца

У леташнім верасні яны ўстанавілі на жывёлагадоўчай ферме «Барсукі» сонечны воданагравальнік. Гэта разнавіднасць калектара, прызначанага для вытворчасці гарачай вады шляхам паглынання сонечнага выпраменьвання.

Вырашылі пайсці па шляху выкарыстання магчымасцей альтэрнатыўнай энергетыкі працаўнікі СВК «Калгас «Ніва» Кіраўскага раёна з мэтай эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў, затрачваемых на штодзённыя патрэбы гаспадаркі

У леташнім верасні яны ўстанавілі на жывёлагадоўчай ферме «Барсукі» сонечны воданагравальнік. Гэта разнавіднасць калектара, прызначанага для вытворчасці гарачай вады шляхам паглынання сонечнага выпраменьвання.

Альтэрнатыўна-энергетычнай устаноўкай «ніваўцы» карысталіся больш за месяц. Зараз яна — у закансерваваным стане, бо эксплуатацыя дапускаецца пры мінімальнай сутачнай тэмпературы паветра вышэй за нуль градусаў па Цэльсію, прыкладна ў перыяд: красавік — канец кастрычніка. Галоўны энергетык гаспадаркі Міхаіл Мялешкін падзяліўся вопытам выкарыстання сонечнага воданагравальніка:

— У нашай гаспадарцы ўстаноўлена сістэма нагрэву вады тыпу «монаблок» — «ALEN». Тып «монаблок» азначае, што асноўныя часткі сістэмы — сонечны калектар, накапляльны бак і рамы, якія ўтрымліваюць разам усю канструкцыю, — сабраны ў адзін блок і ўстанаўліваюцца ў адным месцы.

Гэта самы просты від сістэмы сонечнага нагрэву вады, аднак даволі эфектыўны. Накапляльны бак разлічаны на 200 літраў. Па першым вопыце эксплуатацыі мы зрабілі вывад, што ў сонечнае надвор’е гэтай колькасці дастаткова, каб поўнасцю забяспечыць  патрэбу ў гарачай вадзе на ферме. Дарэчы, для атрымання цяпла не абавязкова яснае неба, вада награваецца і ў пахмурнае надвор’е, аднак чым меней сонечных прамянёў, тым гэты працэс ідзе павольней. Ноччу монаблок не награвае ваду, але нагрэтая дагэтуль вадкасць доўга застаецца гарачай у накапляльным баку.

Ужо праверана, што з раніцы да абеду 200 літраў вады награваецца да тэмпературы 99 градусаў па Цэльсію. Пасля абеду бак запаўняецца яшчэ 200 літрамі, і ўвечары зноў у наяўнасці гарачая вада.

Па разліках энергетычнай службы гаспадаркі, за лета кошт гэтай устаноўкі — 9 мільёнаў рублёў — поўнасцю акупіцца, плануецца сэканоміць за год 10—15 тысяч кВт электраэнергіі. Аднак усе залежыць ад колькасці ясных дзён. Як мяркуецца, за сезон работы калектар збірае 87 працэнтаў гадавой энергіі сонца.

Энергетык падзяліўся планамі:

— Будзем выкарыстоўваць сістэму сонечнага нагрэву вады і на яшчэ адной нашай ферме — «Капусціна». Аднак устаноўкі будуць крыху адрознівацца. На МТФ «Барсукі» — безнапорны монаблок: вада зліваецца самацёкам, а ў Капусціна будзе блок з напорным бакам, ён больш зручны ў эксплуатацыі і лёгка падключаецца да існуючай сістэмы водазабеспячэння. Варта адзначыць, што, наогул, экспулатацыя і абслугоўванне сістэмы нескладаныя, робім гэта самі.

— Міхаіл Эдуардавіч, магчыма, сонечны воданагравальнік можна параўнаць са звычайнай чорнай бочкай?

— Так, прынцып падобны, аднак монаблок лепей у першую чаргу тым, што павольна губляе цяпло. Трубы калектара працуюць як тэрмас і не выпускаюць сабранае цяпло, да таго ж накапляльны бак цеплаізаляваны поліўрэтанавай пенай і таксама не дае нагрэтай вадзе хутка астыць. А звычайная нагрэтая бочка пачынае астываць адразу ж, як толькі падзьмуў вецер альбо стала пахмурна.

Разам з СВК «Калгас «Ніва» такія сонечныя воданагравальнікі набылі СВК «Чырвоны баец» і Жыліцкі сельгаскаледж.

Яўгенія КАРАНКЕВІЧ

Фота Максіма МІКЕШЫНА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter