Цёплае святло Святланы

Карэспандэнт “Р” папрысутнічала на ўроку ў настаўніка года і ацаніла яе педагагічныя “фішкі”

«Усміхніцеся адзін аднаму» — з такой прапановы пачынаецца ўрок беларускай літаратуры ў Баравухскай школе № 15 Наваполацка. Важна не толькі даць веды, але і спрыяць таму, каб дзіця расло добрым і ветлівым, лічыць Святлана Румянцава, настаўнік года Беларусі. Карэспандэнт «Р» паназірала за тым, як пераможца конкурсу праводзіць школьныя заняткі, і даведалася, у чым радасці і складанасці працы настаўніка.

Любоў да выкладання з дзяцінства Святлане РУМЯНЦАВАЙ прывіла маці, якая таксама працавала настаўніцай.

Дынастыя педагогаў

Выбар прафесіі для Святланы Леанідаўны не быў выпадковым. Любоў да выкладання з дзяцінства ёй і дзвюм сёстрам прывіла маці, якая таксама працавала настаўніцай.

— Цікава толькі, што кожны з нас выкладае розныя прадметы. Маці — матэматыку, старэйшая сястра — біялогію і хімію, а малодшая — геаграфію, — усміхаецца Свялана Румянцава. — А зараз і мая дачка вучыцца на педагога, але яе больш цікавяць гісторыя і замежныя мовы.

Больш за ўсё ў сваёй прафесіі настаўніцы года падабаюцца ўзаемаадносіны з падрастаючым пакаленнем. Бавіць час з дзецьмі Святлане Леанідаўне было цікава, калі яна сама была школьніцай: як старшыня піянерскай дружыны і сакратар камсамольскай арганізацыі, яна праводзіла для малодшых класаў гульні і арганізоўвала мерапрыемствы. Менавіта любоў да дзяцей і веданне свайго прадмета настаўніца называе самымі неабходнымі рэчамі ў рабоце педагога:

— Прафесія наша адначасова і вельмі складаная, бо яна патрабуе ад чалавека мабілізацыі духоўных, разумовых і часам фізічных здольнасцей. Але вельмі прыемна бачыць, што твае старанні і вопыт камусьці патрэбны.

Любіць Святлана Леанідаўна і атмасферу свайго рабочага месца, дзе яна выкладае беларускую мову і літаратуру ўжо 25 гадоў. Школа, па словах настаўніцы, — жывы арганізм, дзе кожны дзень здараецца нешта новае і цікавае.

Настаўнік года стараецца творча падыходзіць да кожнага ўрока.

Класныя заняткі

«Фортачка» ў раскладзе Святланы Леанідаўны скончылася, і яна прыступае да падрыхтоўкі класа да ўрока беларускай літаратуры. Па-настаўніцку прыгожым почыркам выводзіць на дошцы тэму — «Міфы пра багоў» — і расклейвае раздрукаваныя загадзя карцінкі: Святлана Румянцава стараецца творча падыходзіць да кожнага ўрока. Звініць званок — клас напаўняецца вучнямі 6-га «А». І ўсе са смартфонамі ў руках... Няўжо сучасныя дзеці зусім іншыя?

— Не, я з гэтым не згодна. Яны такія ж няўрымслівыя, актыўныя, непадобныя адзін на аднога і заўсёды цікаўныя. Магчыма, адзінае, што змянілася, — гэта роля настаўніка, — разважае Святлана Леанідаўна. — Раней дзеці больш залежалі ад нас, бо асноўнай задачай было даць веды, якія вучні не маглі больш нідзе атрымаць, а цяпер у педагога іншая мэта — навучыць самастойна здабываць гэтыя веды.


Пра гаджэты дзеці на ўроку забыліся — ім было не да гэтага. Тэма пра беларускія міфы і багоў — Перуна, Ярылу і Зюзю — так зацікавіла 6-ы «А», што сорак пяць хвілін для ўсіх праляцелі непрыкметна. Завяршае Святлана Леанідаўна занятак своеасаблівым падыходам да выстаўлення адзнак: дазваляе вучням самім ацаніць сябе і сваіх аднакласнікаў:

— Трэба прывучаць дзяцей да аб’ектыўнай самаацэнкі і ўзаемаацэнкі — гэта дапаможа ім і ў далейшым жыцці, не толькі на ўроку.

А дадому, акрамя стандартнага чытання тэкстаў, настаўніца задае і творчае заданне — малюнак, чаму вучні вельмі ўзрадаваліся. У цэлым, бачна, што дзеці сваім педагогам вельмі задаволеныя: актыўна працуюць, слухаюцца і  паважаюць.


«Я не адчувала дух барацьбы»

Конкурс на лепшага настаўніка краіны закрануў ажно 10 месяцаў жыцця Святланы Румянцавай. Пайсці на такое спаборніцтва было для яе нялёгкім рашэннем:

— Па-першае, гэта займае шмат часу, а па-другое, падрыхтоўка на ўсіх этапах конкурсу была вельмі сур’ёзнай. Акрамя таго, трэба ж было выконваць і свае прамыя абавязкі ў школе. Адна я не змагла б пераадолець гэты шлях, трэба падзякаваць за дапамогу адміністрацыі школы, маім калегам і сябрам.


Святлана Румянцава прызнаецца, што калі на гарадскім этапе конкурсу ў яе былі сумненні і хваляванне, то рэспубліканскі суперфінал, наадварот, паказаўся ёй святам, а не выпрабаваннем:

— Калі 26 верасня вечарам было аб’яўлена, што мяне чакае суперфінал, мая няўпэўненасць знікла. Тады мяне проста перапаўняла шчасце! Увогуле, на конкурсе я адчувала не дух барацьбы, а тое, што знаходжуся ў кампаніі прафесіяналаў сваёй справы. Гэта было не толькі змаганне, але і новыя прыемныя знаёмствы, абмен досведам і нават пачатак сяброўства. 

Дапамагала Святлане Леанідаўне на працягу спаборніцтва і падтрымка яе вучняў — тэлефанавалі пажадаць сваёй настаўніцы поспеху як школьнікі, так і выпускнікі. А калі яна з перамогай вярнулася ў Баравухскую школу №15, яе сустрэлі святочная атмасфера, падарункі і шчырыя віншаванні калег і вучняў. Дарэчы, Святлана Румянцава — першая прадстаўніца Віцебшчыны, якая атрымала вышэйшую ўзнагароду настаўніцкага спаборніцтва.

— Удвая мне радасна за свой прадмет. Наколькі я ведаю, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры яшчэ ні разу не перамагалі ў гэтым конкурсе.

Пакідаю школу з вельмі прыемным адчуваннем на душы. Калі ўсе настаўнікі будуць падыходзіць да сваёй працы з такой любоўю і адказнасцю, як гэта робіць Святлана Румянцава, за падрастаючае пакаленне можна не хвалявацца.

matuzova@sb.by

Фота аўтара
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?

Новости
Все новости