Подведены итоги республиканской благотворительной акции «Наши дети»

Цёпла на сэрцы

На працягу месяца ўдзельнікі рэспублiканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» наведвалі дзяўчынак і хлопчыкаў па ўсёй краіне: вадзілі з імі карагоды вакол ёлкі, праводзілі інтэрактыўныя гульні, бліскуча вы-конвалі ролю казачных персанажаў. І, зразумела, дарылі падарункі. Колькім дзецям удалося дапамагчы падчас акцыі, даведалася карэспандэнт «Рэспублікі».

Фота Аляксея ВЯЗМІЦІНАВА

Падвяла вынікі 23-й рэспубліканскай акцыі Алена Сімакова, галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі:

— Адным з самых яркіх стала свята, якое прайшло ў Палацы Незалежнасці, куды былі запрошаны лепшыя вучні і студэнты. Акрамя таго, нельга не ўзгадаць ёлкі з удзелам старшыняў абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў. Радуе, што многія знайшлі ў сваім шчыльным графіку час для дзетак. Але, безумоўна, кульмінацыяй акцыі стала ёлка з удзелам Прэзідэнта, на якой сабралася больш за 2000 дзяцей з усіх рэгіёнаў краіны.

Алена Сімакова падкрэсліла: штогод акцыя прыцягвае ўсё большую ўвагу грамадства да праблем і патрэб дзяцей. Падчас мерапрыемстваў рэспубліканскага ўзроўню прадстаўнікі 91 арганізацыі наведалі 122 сацыяльна-педагагічныя ўстановы і падарылі радасць 15 000 дзяцей.

— З размахам прайшлі мерапрыемствы і ў рэгіёнах: больш за 550 000 дзяцей змаглі адчуць чараўніцтва навагодніх свят і пераканацца, што іх бязмежна любяць. Безумоўна, радуе, што дапамога аказваецца не толькі падчас акцыі, але і на працягу ўсяго года. У прыватнасці, Мінлясгас ахвяраваў больш за 40 000 рублёў Глускай санаторнай школе-інтэрнату на закупку і ўстаноўку вокнаў, Мінабароны дапамагло Андрэеўскаму дзіцячаму дому адрамантаваць і ўкамплектаваць мэбляй спальны корпус. Буйныя банкі фінансава падтрымалі дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, а салодкімі падарункамі ўсіх забяспечыла наша знакамітая кандытарская фабрыка.

Штогод акцыя прыцягвае ўсё большую ўвагу да патрэб дзяцей.
Фота Дзянiса Малышыца

Алена Сімакова нагадала, што ў вёсцы Копішча Мінскай вобласці напярэдадні акцыі адкрылі дзіцячы сад на 150 месцаў, у Магілёўскай вобласці — чарговы дзіцячы дом сямейнага тыпу.

— У Гомельскай вобласці падчас акцыі «Усе дзеці — нашы» асаблівая ўвага надавалася дзецям-інвалідам, а ў Гродне прайшоў дабрачынны матч з удзелам хакеістаў «Нёмана», падчас якога сабралі цацкі для замяшчаючых сем’яў. Падтрымаў нашых дзяцей і БРСМ: дзякуючы праекту «Цуды на Каляды» падарункі атрымалі больш за 17 000 дзяцей. Хачу адзначыць працу валанцёраў, якія аказвалі дапамогу ў правядзенні ўсіх мерапрыемстваў – асабліва пастараліся студэнты БДУ і БДПУ.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter