Цёмная ночка. Асцярожна! Перад Новым годам здарыцца месяцовае зацьменне

Як паводзіць сябе ў 20 гадзін 24 хвіліны 31 снежня, калі Месяц накрыецца ценем ад Зямлі. Каштоўнымі парадамі падзялілася астролаг Нэлі Пацёмкіна-Гунева.
Зацьменне чакаецца частковае. Месяц толькі на нейкае імгненне схаваецца ад нашых вачэй. Улічваючы, што падзея наступіць акурат перад Новым годам, ад непакою не пазбавіцца...
Клопат пра сваё здароўе, найперш псіхічнае, трэба праявіць людзям, якія нарадзіліся пад знакам Месяца, так званым лунарыям, раіць знаўца зорак. Паколькі месяцовая энергія звязваецца з жаночай эмацыянальнасцю, то і турбавацца найперш давядзецца ўражлівым кабетам.
Для салярыяў, народжаных пад знакам Сонца, зацьменне пройдзе незаўважна, “як лёгкая аблачынка праляціць міма”.
— У момант зацьмення вы раптам змоўкнеце, магчыма, нават здранцвееце, а пасля з вас хлыне плынь энергіі, слоў. Самае галоўнае — кантраляваць свае эмоцыі. Бо тое, што вас турбавала раней і без вашай волі было загнана ўнутр у момант зацьмення, у навагоднюю ноч можа выйсці вонкі. Галоўнае, каб гэта была станоўчая энергія, бо калі выплеснуць на навакольных набалелае, могуць быць непрыемнасці. Ну а каб не нарабіць глупстваў, раю асцярожна спажываць алкагольныя напоі ў навагоднюю ноч. Месяцовая і водная энергія шчыльна звязаны, і нават з шампанскім трэба абыходзіцца акуратна.
Увага! У сувязі з тым, што паводле кітайскага календара 2010-ы будзе годам Тыгра, астролаг папярэдзіла: надыход эпохі вялікага дзікага ката адбудзецца не з 31 снежня на 1 студзеня, а толькі 14 лютага.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter