
Выпускнік аператыўна-тактычнага ўзроўню падпалкоўнік Валерый Булыга паступаў на факультэт камандзірам асобнага парашутна-дэсантнага батальёна 103-й паветрана-дэсантнай брыгады ў Віцебску. Ужо тады ён прыкладна ведаў сваё будучае месца службы і пасаду: Брэст, намеснік камандзіра 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады.

На факультэце не тое што на грамадзянцы: прагул пары — на ўзроўні надзвычайнага здарэння. Навучальны дзень строга па рэгламенце. Пары пачынаюцца ў 8.30, за пятнаццаць хвілін да гэтага ўсе слухачы ўжо атрымалі свае папкі, сакрэтныя чамаданчыкі, калі неабходна. Камандзіры груп праверылі асабовы склад на пастраенні. Пасля абеду — самастойная падрыхтоўка, інструктажы. Заканчэнне вучобы ў 18.00. Увесь гэты час трэба знаходзіцца на тэрыторыі факультэта.
— Ніхто не забараняе займацца і пазней, — Валерый Булыга дапазна затрымліваўся ў бібліятэцы падчас самай напружанай першай сесіі. — Спачатку было цяжка прызвычаіцца да вялікіх аб’ёмаў інфармацыі. Раней васьмі вечара не сыходзіў дадому — штудзіраваў канспекты і спецыяльную літаратуру.
Цяжка ў вучэнні — лёгка на службе. Праўда, у брыгадзе на плячах ляжыць адказнасць за падначаленых, а на факультэце слухач адказны толькі за сваю паспяховасць. Галоўная задача — вучыцца. І яна выканана, магістарская абаронена. Праўда, яе тэму мой суразмоўнік не ўдакладніў — сакрэт.

Дома Валерыя Булыгу чакаюць цяжарная жонка і двухгадовы сын. Сям’і ваеннага пераезд у супрацьлеглы куток краіны (з Віцебска ў Брэст) не ў навіну.
— Разлука з жонкай і сынам даецца няпроста, — шчыра прызнаецца Валерый Булыга. — Вучоба ў нас шасцідзённая. Усяго суткі з блізкімі, і назад у Мінск.
Магістарская дысертацыя абаронена, дыплом на руках, але прыступаць да пераезду на новае месца жыхарства рана — Валерый Булыга разам з аднакурснікамі будзе маршыраваць у пешым разліку на парадзе ў Дзень Незалежнасці.
Наступная ступень адукацыі на факультэце Генеральнага штаба Узброеных Сіл — аператыўна-стратэгічны ўзровень. Палкоўнік Дзмітрый Бекрэнь пасля выпуску пераводзіцца са Слоніма, дзе ён займаў пасаду намесніка камандзіра асобнай механізаванай брыгады, на службу ва ўпраўленне аператыўнага камандавання ў Гродна:

Факультэт Генеральнага штаба — кузня ваеннай эліты, якая рыхтуе прафесійныя кадры для нашых Узброеных Сіл, а таксама іншых сілавых міністэрстваў і ведамстваў. Пра якасць падрыхтоўкі на факультэце сведчыць і высокая цікавасць да яго многіх замежных ваенных устаноў — ужо не першы год тут вучацца вайскоўцы з Казахстана, Туркменістана, Азербайджана і Узбекістана.
ikras@sb.by