Самодельные обогреватели, печи с трещинами, неправильная эксплуатация котлов: как мы со спасателями искали опасные отопительные приборы

Цяпло павiнна лашчыць, а не крыўдзiць

Нiхто на iх ужо i не спадзяваўся, але яны прыйшлi: снег прыбраў наваколле белай шчыльнай коўдрай, а мароз сонечнымi iскрамi запалiў на ёй безлiч дыяментаў. У некаторых рэгiёнах краiны слупок тэрмометра апускаўся апошнiмi днямi аж да -28. У такую сцюжу ўсе аддаюць перавагу цяплу, забываючыся не толькi аб прыгажосцi, але часам i аб уласнай бяспецы. Адны пачынаюць без перапынку палiць печ або кацёл, не даючы iм продыху, iншыя адшукваюць абагравальнiкi — i добра, калi спраўныя. На днях адбылося надзвычайнае здарэнне ў Мiнску: у прыватным доме ўзарваўся цвёрдапалiўны кацёл. Нiхто з жыльцоў не пацярпеў, але дом патрабуе аднаўлення. Мяркуецца, разрыву катла папярэднiчала замярзанне сiстэмы ацяплення пашыральнага бака натуральнай цыркуляцыi. У зоне асаблiвай рызыкi знаходзяцца iнвалiды, адзiнокiя пажылыя людзi. Карэспандэнт «Р» разам з супрацоўнiкамi МНС i сацыяльным работнiкам паглядзела, як клапоцяцца пра iх бяспеку. 

Часам супрацоўнікам МНС даводзіцца літаральна ўгаворваць адзiнокiх пажылых людзей, каб яны згадзіліся прыняць дапамогу.

Холад родных сцен

— У цэнтры ўвагi ратавальнiкаў круглы год знаходзяцца адзiнокiя пенсiянеры, асаблiва тыя, хто валодае дрэннымi звычкамi, iнвалiды, а таксама сем’i, дзе гадуецца шмат дзяцей або прызнана, што тыя знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становiшчы, — заўважае Кацярына Гаўрык, старшы iнспектар сектара прапаганды i ўзаемадзеяння з грамадскасцю Маскоўскага РАНС Мiнскага гарадскога ўпраўлення МНС.

Прыватны дом схаваўся за шматкватэрнымi новабудоўлямi на вулiцы Хмялеўскага. Паводле iнфармацыi, якая маецца ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва Маскоўскага раёна Мiнска, у адной з трох яго кватэр жыве адзiнокi iнвалiд II групы. Тамара Пяткевiч, загадчык аддзялення першаснага прыёму, аналiзу, iнфармавання i прагназавання цэнтра, папярэджвае: лёгка не будзе! Дзядуля надзвычай не любiць вiзiцёраў i сацыяльных работнiкаў да сябе не пускае. Мiж тым iнспектары МНС падазраюць, што печ у гэтым доме знаходзiцца ў нездавальняючым стане i можа стаць прычынай бяды. 

Прадказаннi спраўджваюцца: Аляксандр Валер’евiч крыху прачыняе дзверы толькi для таго, каб пасварыцца з намі. Угаворы i прапановы дапамогi на яго не дзейнiчаюць, даводзiцца адступiць, так i не ўбачыўшы печ.

Нялёгкiм аказалася i наведванне 81-гадовай Янiны Канстанцiнаўны. Адзiнокая пажылая жанчына займае палову вельмi прыстойнага дома на вулiцы Курганнай. 


…Бясконцыя скрыначкi, мяшочкi, вузлы з адзеннем, посуд, невядомыя прылады незразумела для чаго пакрываюць нефарбаваны пол. Гаспадыня ляжыць на канапе, накрыўшыся коўдрамi i палiто — у доме холадна. Неатынкаваная i непафарбаваная печ, каля якой складзены дровы, не тапiлася ўжо колькi дзён. Затое побач з гаспадыняй — абагравальнiк, электрычная плiтка i чайнiк. Юрый Богдан, iнспектар iнспекцыi нагляду i прафiлактыкi Маскоўскага РАНС Мiнскага гарадскога ўпраўлення МНС, адразу ж пачынае даследаваць iх корпус i правады на прадмет пажарнай бяспекi.

— Як грэюся? Ды вось, то абагравальнiк уключу, то плiтку, а яшчэ бутэлькамi, — з коўдравых нетраў гаспадыня дастае пластыкавую бутэльку з гарачай вадой.

Здавалася б, бабуля будзе рада любой дапамозе. Аднак усе ўгаворы згадзiцца на наведванне сацыяльным работнiкам цi хоць дазволiць нам прыгатаваць ёй гарбату разбiваюцца, як хвалi аб бетонны мол.

— Мне нiчога не трэба! Не хачу! — паўтарае яна. — Я сябе самастойна абслугоўваю, не маю патрэбы нi ў чыiх паслугах! Калi што, суседку вунь папрашу дапамагчы.

Аўтаномнага пажарнага абвяшчальнiка таксама няма, хаця грошы на яго выдзялялiся. Справа ў тым, што Янiна Канстанцiнаўна не з’яўляецца ўласнiкам гэтага жылля, таму i сама ў iм нiчым не займаецца, i другiя не маюць на гэта права. 

Зона павышанай увагі

Пакiдаем гаспадыню, узяўшы з яе абяцанне абавязкова патэлефанаваць у цэнтр сацыяльнага абслугоўвання цi ў Маскоўскi РАНС, калi яна ўсё ж перадумае наконт дапамогi. Папрасiлi таксама трымаць абагравальнiк далей ад гаручых матэрыялаў.

— Гэта завадскi абагравальнiк, а не самаробны, але ён сам па сабе не вельмi бяспечны, — тлумачыць Юрый Богдан. — Гаручыя матэрыялы, напрыклад фiранку, лепш трымаць ад яго на адлегласцi не менш за 70 сантыметраў. Спiраль гэтага iнфрачырвонага абагравальнiка награваецца дастаткова моцна, да таго ж яна параўнальна адкрытая. Таму наогул не пакiдайце без нагляду абагравальнiкi i iншыя электрычныя прыборы.

Абагравальнікі лепш трымаць на адлегласці ад гаручых прадметаў і не пакідаць без нагляду.

Гэта ў нейкiм сэнсе дасягненне: кажуць, яшчэ нядаўна Янiна Канстанцiнаўна выкарыстоўвала ўвогуле самаробную прыладу, але па просьбах ратавальнiкаў усё ж замянiла яе. 

— Артыкул 23.46 КаАП прадугледжвае адказнасць за парушэнне правiлаў пажарнай бяспекi. Штраф можа дасягаць 30 базавых велiчынь, — працягвае Юрый Богдан. — Але адзiнокiх пажылых людзей мы стараемся ўгаворваць, а не караць, дапамагаем iм.

Абвяшчальнiк — галасiсты сябар 

Якраз насупраць жыве яшчэ адзiн пенсiянер, iнвалiд III групы. Праўда, адзiнокiм яго не назавеш: Iвана Пятровiча часта наведваюць дзецi i ўнукi. Печ у яго доме замянiў газавы кацёл, якi прадбачлiва забяспечаны газавым аналiзатарам. Маецца i аўтаномны пажарны абвяшчальнiк, прычым у рабочым стане.

— Працуе ён, працуе! — запэўнівае гаспадар. — I батарэйку нядаўна мяняў. Ён мяне неяк выручыў — я патэльню на плiце забыўся.

Пасля кароткай прафiлактычнай размовы i ўручэння тэматычных буклетаў гаспадар праводзiць нас на вулiцу. Прыемна, калi людзi зацiкаўлены ва ўласнай бяспецы. 

У адной з кватэр па праспекце Незалежнасцi жывуць мацi i двое дарослых дзяцей. Старэйшая дачка з’яўляецца iнвалiдам II групы. Плiта не працуе, гаспадары карыстаюцца электрычнай плiткай, проста на стале цыгарэтны попел i запалкi, парваныя шпалеры вiсяць лахманамi: правiлы пажарнай бяспекi тут яўна не выконваюцца. Сям’i будзе аказана адрасная матэрыяльная дапамога для навядзення парадку, i, зразумела, кватэра пакуль застанецца на кантролi супрацоўнiкаў МНС.

Электрычная плітка не прызначана для ацяплення памяшкання.

ДАРЭЧЫ

У 2020 годзе ў краiне адбылося 6085 пажараў. Прычынай 1319 з iх стала парушэнне правiл устаноўкi i эксплуатацыi печаў, цеплагенерыруючых агрэгатаў i прылад. У Мiнску такiх пажараў было шэсць

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter