Цяпла хопіць на ўсіх

У Навабеліцкім раёне Гомеля з’явіўся новы дом сямейнага тыпу

У Навабеліцкім раёне Гомеля з’явіўся яшчэ адзін дом сямейнага тыпу.

Вялікая сям’я Добыш ужо абжываецца ў гэтым утульным двухпавярховым будынку на вуліцы Беліцкай, на які з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў выдаткавана каля 3 мільярдаў рублёў. Шасцярым выхаванцам Ірыны і Рыгора (пяцёра з іх — дзеці-сіроты ўзростам ад 5 месяцаў да 14 гадоў) тут вельмі падабаецца, нават пакоі сабе яны выбіралі самі.

Вопыт выхавання прыёмных дзяцей у Добышаў-старэйшых немалы: першых узялі на выхаванне ў 2004-м. Двое з іх — Артур і Станіслава — сёння ўжо дарослыя, вучацца ў прафтэхкаледжы, жывуць самастойным жыццём, але сувязей з прыёмнымі бацькамі не губляюць.

Сям’я Добыш у Гомелі вядома актыўным удзелам у разнастайных культурных і грамадскіх мерапрыемствах, сведчанне адметных дасягненняў у іх — шматлікія ўзнагароды і ганаровыя тытулы. Прыёмная маці Ірына, напрыклад, два гады таму перамагла ў гарадскім конкурсе «Наша гамяльчанка», чым, несумненна, сям’я вельмі ганарыцца.

Сёння, паводле даных упраўлення адукацыі, у вобласці ў прыёмных сем’ях выхоўваецца каля паўтары тысячы дзяўчынак і хлопчыкаў, па розных прычынах пазбаўленых клопату біялагічных бацькоў, прыблізна пятая частка іх знаходзіцца ва ўстановах сямейнага тыпу.

На здымку: прыёмныя бацькі Ірына і Рыгор ДОБЫШ са сваімі выхаванцамі.

Фота: Ганна ПАШЧАНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter