“Цяпер, дарагі брат, ты, як прамень, асвятляеш наша панылае жыццё”

МІНУЛЫ год вызначыўся адной знакавай падзеяй у мастацкім жыцці краіны: упершыню на радзіме сусветна знакамітага мастака Хаіма СУЦІНА, у Беларусі, з’явілася яго палатно «Вялікія лужкі ў Шартры каля Віадука», якое набыў на аўкцыёне Christie’s «Белгазпрамбанк». Дагэтуль у нас немагчыма было пабачыць карціны земляка, стаўшага вядомым у Францыі, найбольш яскравага прадстаўніка так званай Парыжскай школы. Намаганнямі старшыні праўлення ААТ «Белгазпрамбанк» Віктара Бабарыкі, музейных супрацоўнікаў і прыватных калекцыянераў у Нацыянальным мастацкім музеі наладжана выстава беларускіх (па паходжанні) мастакоў гэтай школы.

Загадкі Хаіма Суціна ў прасторы і часе

МІНУЛЫ год вызначыўся адной знакавай падзеяй у мастацкім жыцці краіны: упершыню на радзіме сусветна знакамітага мастака Хаіма СУЦІНА, у Беларусі, з’явілася яго палатно «Вялікія лужкі ў Шартры каля Віадука», якое набыў на аўкцыёне Christie’s «Белгазпрамбанк». Дагэтуль у нас немагчыма было пабачыць карціны земляка, стаўшага вядомым у Францыі, найбольш яскравага прадстаўніка так званай Парыжскай школы. Намаганнямі старшыні праўлення ААТ «Белгазпрамбанк» Віктара Бабарыкі, музейных супрацоўнікаў і прыватных калекцыянераў у Нацыянальным мастацкім музеі наладжана выстава беларускіх (па паходжанні) мастакоў гэтай школы.

«Парыжская школа» (Еcole de Paris) — вызначэнне, што існуе з лёгкай рукі мастацтвазнаўцы Андрэ Варно, які назваў так пярэстую інтэрсупольнасць творцаў-нефармалаў: Дэрэн, Утрыльё, Мадыльяні, Пікаса, Суцін і іншыя, сярод якіх траціна — выхадцы з Беларусі. Зараз так гавораць пра заснавальнікаў найноўшых накірункаў, што на пачатку ХХ стагоддзя, як птушкі, зляцеліся ў Парыж з усяго свету і звілі гнёзды на блаславёнай Гары Парнас (Манпарнас). А ў 2013-м споўніцца 120 год з дня нараджэння Хаіма Суціна.

Пра Суціна, якога некалі лічылі вар’ятам за незразумелыя ўчынкі і дзівацтвы, напісана шмат. Уражваюць кошты яго карцін на аўкцыёнах — сотні тысяч і дзясяткі мільёнаў долараў. Спрачаюцца адносна яго творчасці, многім гледачам незразумелай: чаго варты толькі акрываўленыя тушы жывёлін і птушак і здзеклівыя партрэты. А вось пра маленства і юнацтва на роднай зямлі вядома няшмат. Як і няма работ з выявамі роднага краю. Чаму? Напэўна, гэта яшчэ адна загадка творцы, якую ён пакінуў нашчадкам. Нашчадкам у агульным сэнсе слова, бо лічыцца, што мастак не меў дзяцей.

Літаральна па крупінках устанаўліваюць яго юначую біяграфію у Смілавіцкім цэнтры дзіцячай творчасці, дзе дзякуючы падтрымцы ЮНЕСКА ў 2008 годзе створана музейная экспазіцыя «Прастора Хаіма Суціна». Смілавічы — яго калыска. З таго часу шмат знаных гасцей пілі каву ў смілавіцкай «Ратондзе» і слухалі тут непаўторныя французскія мелодыі пачатку двадцатага стагоддзя. Па задуме аўтараў экспазіцыі адзін з музейных пакояў стылізаваны менавіта пад вулічнае парыжскае кафэ, дзе некалі збіралася мастацкая багема, як бы сказалі мы зараз.

Расказвае метадыст цэнтра дзіцячай творчасці Святлана ХАСЯНЕВІЧ:

— Бацька Хаіма Суціна займаўся кравецкім рамяством. Залман Маісеевіч сам родам з Пухаўчыны, дзе нават есць вёска Суцін. У Смілавічах ён ажаніўся, і ў сям’і нарадзілася 11 дзяцей, сусветна славуты мастак быў перадапошнім. Унук яшчэ аднаго мастака з нашага шматнацыянальнага мястэчка, дзе жылі яўрэі, татары, палякі, беларусы, на сем год маладзейшага за Суціна, Сэма Царфіна, падзяліўся з намі ўспамінамі свайго дзеда пра яго дзіцячыя гады, праведзеныя ў гэтым прыгожым куточку па-над рэчкай Волмай. Сваімі трызненнямі аб малой радзіме Шрага-Файбіш Царфін, як распавядаў яго ўнук, наведаўшы нашу экспазіцыю, літаральна надакучваў усім дамашнім. Ён паказваў родным шрам, атрыманы падчас забаў з сябруком Хаімам на тонкім лёдзе рэчкі: праваліўшыся ў ваду, Шрага параніўся. Хаім з маленства вызначаўся засяроджанасцю, нават замкнёнасцю, нікому не дазваляў глядзець, як ён малюе, толькі маленькаму Шрагу. Іх бацькі, якіх аб’ядноўвала апантаная рэлігіёзнасць, таксама сябравалі. І Хаіму забаранялі маляваць з-за рэлігіёзных канонаў. Напэўна, за гэта ён потым у здзеклівай форме адлюструе асобу рабіна. Забаранялі яшчэ таму, што не лічылі гэты занятак тым, што прынясе ў будучым дастатак. З другога боку, бацька ганарыўся таленавітым сынам, які крэйдай размалёўваў прыпечак ды сцены. Хлопчык спакваля выносіў з дому посуд, іншыя рэчы і прадаваў іх, а потым купляў фарбы і паперу, за што неаднойчы атрымліваў наганяй ад бацькі і братоў. Раз-пораз мастацкія прылады яму даваў мясцовы пан — у Смілавічах і дагэтуль захаваўся маёнтак Манюшкаў-Ваньковічаў. Аднойчы ён нават малюе бацьку ў труне, і за такія «фантазіі» яго выганяць з дому.

Каб навучыць сына патрэбнай справе, Залман адправіў малодшага неслуха ў Мінск да мужа старэйшай дачкі, які быў шаўцом. Ды зяць, заўважыўшы здольнасці хлопца, раіць бацькам не чыніць падлетку перашкод да творчасці. І з 14 год Хаім працуе памочнікам рэтушора ў фотаатэлье, каб неяк забяспечыць сябе. Потым паступае ў Малявальную школу Якава Кругера, якая размяшчалася на Захар’еўскай вуліцы. Замест аплаты ў вучэльні бедныя наведвальнікі мылі мальберты, прыбіралі памяшканні. Там ён знаёміцца з Міхаілам Кікоіным, сынам банкаўскага служачага з Гомеля і, вядома ж, больш забяспечанага. І тым не менш ён за свае грошы нават прывозіць Мішэля ў Смілавічы на адпачынак. Сяброўства гэта працягвалася ўсё жыццё.

У Мінску адбыўся яго дэбют як партрэтыста, які дорага каштаваў Хаіму. Ён малюе рабіна, і сыны духоўнага настаўніка абшчыны ад шаленства, што так асмеліўся намаляваць тое, «што мае душу», збіваюць юнага партрэтыста, які нават трапляе ў бальніцу. Пасля за нанесеныя пабоі судом яму былі выплачаны 25 рублёў. Гэтак, цаною ўласнай крыві ён становіцца мастаком. Невыпадкова потым чырвоны колер будзе сачыцца з усіх яго палотнаў, як напамінак аб поўным драматычных падзей дзяцінстве. А бязлітасныя псіхалагічныя характарыстыкі простых людзей стануць асаблівасцю яго творчай манеры.

Менавіта грошы ад выплачанага штрафу дазволілі трапіць у Вільню, дзе славілася мастацкая школа акадэміка Івана Трутнева. Ад хвалявання Хаім праваліў экзамен, але мэтр дазваляе яго пераздаць, і пасля ён становіцца лепшым вучнем . У Вільні нара- джаецца знакамітая троіца — Суцін, Кікоін і яшчэ адзін будучы мастак-авангардыст Пінхус Крэмень з Гродзеншчыны, якія цэлых тры гады ўтрох здымалі вугал у ўдавы чыгуначніка. Напэўна, утрох марылі пра Парыж, які напачатку ХХ стагоддзя становіцца сталіцай свету і цэнтрам прыцягнення мастакоў, паэтаў, артыстаў і проста авантурыстаў. Сродкі на гэтую дарогу ахвяраваў яму мецэнат Рубін Ліхт. Расказваюць і іншую гісторыю. У Вільні ў беднага вясковага юнака са Смілавічаў узнікла каханне да дзяўчыны з багатай сям’і, і яе бацька, які быў супраць далейшых адносін маладых людзей, даў яму грошай, каб той з’ехаў куды далей. Суцін не адмовіўся. Тым больш што ў Парыж ужо адправіўся яго сябра. Гэта быў 1913 год.

Напэўна, ніхто так дакладна не перадаў парыжскую атмасферу таго часу, як Ілья Эрэнбург, які жыў у тыя гады ў Францыі, у кнізе «Людзі, гады, жыццё»: «У кафэ хадзілі для таго, каб сустрэць знаёмых, пагаварыць аб палітыцы, штосьці абмеркаваць, папляткарыць. У людзей розных прафесій былі свае кафэ… Канешне, «Ратонда» выглядала дастаткова маляўніча: і сумесь плямёнаў, і голад, і спрэчкі, і адвержанасць (прызнанне сучаснікаў прыйшло, як заўсёды, са спазненнем)… Нязменна ў самым цёмным кутку сядзелі Крэмень і Суцін. У Суціна быў выгляд перапужаны і сонны; здавалася, яго толькі разбудзілі, ён не паспеў памыцца, пагаліцца; у яго былі вочы зацкаванага звера, можа быць, ад голаду. Ніхто на яго не звяртаў увагі. Ці можна было сабе ўявіць, што аб работах гэтага шчуплага падлетка, ураджэнца мястэчка Смілавічы, будуць марыць музеі ўсяго свету?»

Ды потым адбылося так, як сказана ў Пісанні: і апошнія стануць першымі. Першыя гады творчай працы ў «Вуллі», так называўся дом, дзе здымалі за сімвалічную плату майстэрні маладыя жывапісцы, такая своеасаблівая камуна для творцаў, былі сапраўднай барацьбой за выжыванне. Кожны тварыў паасобку… і ўзбагачаў адзін аднаго. Там Суцін знаёміцца з Мадыльяні, які зводзіць яго са многімі мецэнатамі і галерыстам Леапольдам Збароўскім, які змог нядрэнна зарабіць на продажы карцін маладой суполкі. Але аднойчы, і гэта сапраўды здарылася ў адзін дзень, гады галоднага жыцця змяніліся раскошай: амерыканскі калекцыянер Альберт Барнс, зазірнуўшы ў майстэрню Суціна, усклікнуў: «Купляю ўсё!» І ў 20-х гадах ён становіцца надзвычай папулярным і багатым. Але не менш бязлітасным да сябе: ён знішчае многія свае работы, застаецца белай варонай сярод іншых буржуа.

Вось якое пісьмо да Суціна ў Парыж ад яго сястры са Смілавічаў захоўвае Ніна Аляксандраўна Ферапонтава, тая самая згаданая ў лісце дачушка Наума. «Мой дарагі брат Хаім! Піша табе і жадае многа шчасця ў жыцці твая малодшая сястра Эртл. Я, мой муж і наша маленькая дарагая дачушка Наума, мы ўсе цяпер каля мамы. Да гэтага, дарагі брат, мы былі ўсімі закінутыя. Наш тата памёр, памёр і брат Янкель. Мы, як сляпыя авечкі, засталіся адныя ў цэлым свеце.

Цяпер, дарагі брат, ты, як прамень, асвятляеш наша панылае жыццё.

Твае навіны даюць нам сілы жыць. Мы вечна будзем помніць падарунак, які ты нам зрабіў. Мама нам таксама дала крыху грошай…» І далей малодшая сястра Суціна Этэль просіць у яго грошай на лячэнне ад цяжкай хваробы — цукровага дыябету. Ці выслаў ён іх, пляменніца мастака, якая зараз жыве ў Мінску, Ніна Аляксандраўна Ферапонтава не ведае. Ёй было шэсць год, як памерла маці. Бацька Шалом Цукерман, дэпутат мясцовага Савета і начальнік аддзела забеспячэння гарбарнай арцелі, так і не ажаніўся другі раз. Даглядала дзяцей і вяла гаспадарку жанчына з суседняй вёскі Наталля. Іх дом стаяў побач з рэчкай, і вокны глядзелі на вялікую ніцую вярбу, што паласкала свае косы ў Волме.

— Бацька расказваў, што мой дзядзька любіў пад вярбой маляваць тую мясціну, — успамінае Ніна Аляксандраўна. — У нашым доме віселі тры партрэты — маці, яе сястры з ларнетам і высокай прычоскай і нейкага мужчыны, якія намаляваў Хаім Суцін. Над маім ложкам на сцяне ў зале была змешчана выява мамінай сястры Мэры.

— Куды потым падзеліся тыя партрэты?

— Не ведаю. Напачатку вайны мы тэрмінова выехалі ў эвакуацыю, не паспелі нават як след сабрацца, і ўсе пажыткі засталіся дома. Аднойчы ўжо пасля вайны з Мінска да нас у Смілавічы прыязджалі два мастацтвазнаўцы, як яны прадставіліся, якія шукалі работы Суціна, аднак мы сказалі, што нічога не маем. Казалі, што нашу маёмасць падчас вайны забрала сястра Наталлі з суседняй вёскі Дукоршчына. А можа, прыдбаў і хтосьці з немцаў.

Неяк я даведалася, што з Суціным быў знаёмы Ілья Эрэнбург, і даслала яму пісьмо з просьбай расказаць пра дзядзьку. Ён прыслаў аж тры лісты да нас. Пісаў, што калі Суцін прыехаў у Парыж, то ён не ўмеў карыстацца нават насоўкай, настолькі быў забітым, пісаў, што ў Суціна была жанчына, якая нарадзіла ад яго дачку, аднак той не прызнаў дзіцё. Невядома, што развяло блізкіх між сабой людзей. Расказвалі, што яшчэ ў Вільні Хаім сустрэў тую дзяўчыну, Дэбору Мельнік, якая хацела стаць актрысай, але там ён нават глядзець у яе бок не адважваўся, ужо потым, у Парыжы, яны пазнаёміліся, і там пачаўся раман.

— Скажыце, а ці наведваўся да вас унук яшчэ адной сястры Суціна, які прыязджаў у Мінск, Кэнет Грогер?

— Так, гэта ўнук цёткі Мэры, якая з’ехала ў ЗША. Ён прыходзіў тады да нас, зараз працуе ў Японіі выкладчыкам.

— Каго яшчэ з братоў і сясцёр Хаіма ведаеце?

— Цётку Фрыду памятаю. Іх дом стаяў ля самай рэчкі, і я малой хадзіла да іх у госці. А мы жылі на вуліцы Мінскай. Аднойчы я ўчадзела ў цётчыным доме і страціла прытомнасць. У іх таксама была вялікая сям’я. Калі памёр мамін тата, бабуля Сара пераехала жыць да нас. Памятаю, што яна гатавала ежу асобна, бо спажывала кашэрнае. Бацька ж мой лічыў традыцыі забабонамі. Заўсёды частавала мяне чымсьці смачным — інжырам, варанай каўбасой, давала грошы на цукеркі, відаць, яе багаты ўжо сын ( мама памерла ў 36-м ) дапамагаў ёй. А некалі ж яго лічылі ненармальным.

— А як склаўся ваш лёс пасля вайны?

— З эвакуацыі мы прыехалі ў Смілавічы. Ведаеце, калі я была шчаслівай там, далёка ад радзімы, у Кіргізіі? Калі ноччу сніліся родны дом і наша мястэчка, і я прачыналася найшчаслівейшай на свеце! І вось мы зноў вярнуліся ў гэты райскі куток. Але дома нашага не аказалася, мы жылі ў сястры таты. Я вучылася ў сямігодцы, а папу запрасілі на працу ў Мінск. Пасля школы ён забраў да сябе і мяне. Аднак адукацыя на гэтым мая скончылася, хоць і мела здольнасці да навукі: тата цяжка захварэў, і мне давялося даглядаць яго. Пасля смерці бацькі трэба было працаваць. На практыцы навучылася бухгалтарскай справе. Выйшла замуж, нарадзіла дзвюх дачок. З раднёй, якая жыве за мяжой, мы сувязі не падтрымліваем. Толькі здараюцца такія вось выпадковыя спатканні, як з унучатым пляменнікам.

Зрэшты, усялякая выпадковасць — вынік пэўнай чарады падзей. Лёс знакамітага мастака таму пацвярджэнне. Хто ведае, якія яшчэ неспадзяванкі дадуць працяг гісторыі вяртання яго на радзіму.

Алена КЛІМОВІЧ, «БН»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter