Расавы чорна-белы бунт па-амерыканску для ўладаў працягваецца

Цягнецца валынь

Расавы чорна-белы бунт па-амерыканску для ўладаў працягваецца... Нават пры цемнаскурым прэзідэнце. Днямі з-за чарговага забойства праваахоўнікамі двух афраамерыканцаў у Луізіяне і Мінесоце па Злучаных Штатах пракаціліся шматтысячныя мітынгі пратэсту. Пры такой колькасці зброі на руках у насельніцтва! У Даласе сітуацыя выйшла з-пад кантролю: прыцэльным агнём былі забітыя пяцёра паліцэйскіх, дванаццаць атрымалі раненні. Аднак на гэтым гібель законапаслухмяных амерыканскіх грамадзян не спынілася, новымі ахвярамі ў будынку суда штата Мічыган сталі двое судовых прыставаў і сам зламыснік, які распачаў крывавую бойню.

Нагадаем, што ў наш час стрэлы ў грамадскіх месцах гучаць даволі часта. Так, на аўтобусным прыпынку турэцкага Шанлыўрфа падлетак адкрыў страляніну па паліцэйскіх (трое з іх загінулі, яшчэ трое паранены) толькі з-за таго, што яны праверылі дакументы ў прысутных. На жаль, падобнае адбываецца ўсё часцей у розных рэгіёнах свету...

І яшчэ адна падзея прыцягнула маю ўвагу на бягучым тыдні: польскі Сенат (верхняя палата парламента) прыняў пастанову, дзе падзеі валынскай трагедыі ва Украіне названы генацыдам. Нагадаем: валынская трагедыя (валынская разня) — сістэматычнае знішчэнне ў 1943 годзе Украінскай паўстанцкай арміяй (баявым крылом Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў) этнічнага польскага насельніцтва на тэрыторыі Валыні. Па розных ацэнках гісторыкаў, тады загінула ад 36 да 100 тысяч чалавек. Польскаму Сейму прапанавана зрабіць 11 ліпеня Нацыянальным днём памяці ахвяр генацыду. Сёння Украіна і Польшча па-рознаму ацэньваюць згаданыя факты. Стала вядома, што Вярхоўная рада рыхтуе заяву ў адказ на рэзалюцыю Сената Польшчы аб гэтых падзеях. Між іншым, палякі ўсё ж спадзяюцца на прызнанне Украінай масавых злачынстваў АУН-УПА. Польскі прэзідэнт Анджэй Дуда ўпэўнены: стасункі паміж Польшчай і Украінай павінны будавацца на гістарычнай праўдзе.

Дарэчы, свой крывавы след падчас Вялікай Айчыннай вайны ўкраінскія нацыяналісты, з’яўляючыся памагатымі нямецкіх нацыстаў, пакінулі і на беларускай зямлі. Яны разам з нямецкімі карнікамі ўдзельнічалі ў шматлікіх масавых акцыях насілля супраць мірнага насельніцтва, знішчэнні Хатыні і яе жыхароў, іншых мястэчак і вёсак нашай краіны.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter