Цуды вакол Князь-возера

Можа, таму ў вёсках на беразе возера людзі цікавяцца самабытнасцю і ствараюць сваю казку? Завітаем да іх.

Містыка тут проста лунае ў паветры.

Можа, таму ў вёсках на беразе возера людзі цікавяцца самабытнасцю і ствараюць сваю казку? Завітаем да іх.

У вёсцы Чырвоны Бор здаўна было шмат майстроў. Бондары, пячнікі, ганчары… Сёння спадчыну сваіх дзядоў дзецям і моладзі стараецца перадаць Анатолій Макарэвіч — майстра па дрэве. У яго капілцы вырабаў чаго толькі няма. Нават кітайскі куфар з фанеры.

— У сельскім клубе адкрылі гурток, — гаворыць Анатолій Адамавіч. — З чатырнаццаці хлопцаў, як правіла, два аказваюцца сапраўднымі майстрамі. З імі і статуэткі, і карціны выразаем. Але больш усё-такі адлюстроўваюцца ў творчасці нашы дзіўныя мясціны. Глядзіш, і неўзабаве рукі выпільваюць з дрэва... русалку. За працай малым часта казкі ды байкі расказваю. А пасля прыходзіцца думаць, як дапамагчы вучню адлюстраваць палюбіўшагася яму героя.

У гонар возера таксама названа сяло Чырвонае. З даўніх часоў тут існуюць рыбацкія абрады і байкі. А ў мясцовым СДК на працягу трыццаці гадоў займаецца палескім фальклорам калектыў «Раніца», які не так даўно пацвердзіў званне «народнага». Маладыя людзі не толькі пяюць, а збіраюць у свой творчы куфар народныя быліны і гульні. У клубе арганізавалі этнакуток сялянскага побыту. На паліцы ля печы — гліняныя збаны, у куце — кросны і вялізная ступа. А ў драўлянай калысачцы спіць немаўля.

— Князь-возера — вось нашая скарбніца, — расказвае Ірына Васілеўская, мастацкі кіраўнік калектыву «Раніца». — Таму на фестывалі будзем захапляць рыбацкімі конкурсамі з загадкамі і віктарынамі.

У адной з жыхарак сяла на падворку таксама азёрная тэматыка. У клумбах з кветкамі плаваюць лебедзі, зробленыя з гліны. Муж некалі выразаў на ганку хвалістыя ўзоры. У пакоях вісяць карціны, вышытыя крыжыкам, гладдзю, стужкамі. На паліцах — дэкаратыўныя дрэвы і фігуркі з бісеру, на стале — нібы паветраныя вязаныя абрусы. Усе дываны і падушкі з яркімі, непаўторнымі ўзорамі. Такая казачная хатка з добрай феяй — Святланай Макарэвіч.

— Вышывальшчыцай мяне яшчэ ў дзяцінстве празвалі, а зараз увогуле дзень і ноч займаюся рукадзеллем. Адна засталася, — распавядае Святлана Фёдараўна. — Муж памёр, сыноў ажаніла. Цяпер усім падарункі раблю. Ды ўнук мой вельмі цікавіцца. Маленькі яшчэ хлапчук, а як прыязджае ў госці з горада, адразу пытае: «Бабуля, што мы будзем вышываць?» Я рада, што перадаўся мой талент далей, што не забываюцца народныя традыцыі.

На здымках: На падворку ў Святланы МАКАРЭВІЧ; Анатолій МАКАРЭВІЧ стварае з дрэва казкі.

Ганна ЖУКОЎСКАЯ, «БН»

Фота  аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter