В этом году на Венецианском биеннале наша страна будет удивлять скульптурной мультимедийной экспозицией

Цудоўны «Выхад»!

У гэтым годзе ў Венецыі беларускае мастацтва ўзгадаюць не раз. Фільм «Урокі персідскага», які «Беларусьфільм» зняў сумесна з Польшчай і Расіяй, ужо пачаў сваё падарожжа па свеце. Але ў стваральнікаў ёсць цвёрды намер паказаць яго на якім-небудзь кінафестывалі класа А. Каны або Венецыя? Пакуль над гэтым пытаннем ламаюць галовы кінематаграфісты, мастакі на паўгода ўжо цвёрда аслупавалі сабе месца недалёка ад плошчы Сан-Марка. Беларусь зноў на Венецыянскім біенале сучаснага мастацтва!

Канстанцін Селіханаў стварыў свой праект адпаведна галоўнаму дэвізу Венецыянскага біенале.

Пасля «Стала»

У нашай краіны вельмі дзіўныя адносіны з гэтай выставай. Адзін раз удзельнічаем, потым некалькі гадоў думаем, ці трэба гэта нам. Потым зноў едзем у Венецыю — і зноў перапынак. Так было да 2015-га. У той год Беларусь прадстаўляла фотапраект «Архіў свед-каў вайны» Аляксея Шынкарэнкі і Вольгі Рыбчынскай. Гузоў набілі нямала. Але, відаць, тады ж нарэшце прыйшло ўсведамленне, што краіне важна, каб пра яе казалі ў свеце мастацтва.

Два гады таму быў «Стол» Рамана Заслонава. Не проста быў, а гучна заявіў пра сябе і краіну. Сам мастак атрымаў некалькі прывабных прапаноў, а праект — мноства ста-ноўчых водгукаў. Заслонаў удала знайшоў тую ідэю, якая звязвае ўсіх людзей свету, і паказаў яе ў беларускім кантэксце. У яго фільме без слоў гледачы не проста бачылі незнаёмых лю-дзей у кадры, а пазнавалі сябе і сваё акружэнне. Уласна, поспех Заслонава быў загадзя прагназуемы. Яшчэ і з той прычыны, што Раман ужо шмат гадоў жыве ў Францыі, добра разумее еўрапейскі менталітэт. Таму сёння ў нас задача з зорачкай: паказаць праект не горш, чым у мінулы раз.


Шэсць плюс дванаццаць

Гэта ўсведамляюць усе. Інакш чым растлумачыць той факт, што конкурс на стварэнне куратарскай канцэпцыі Міністэрству культуры прыйшлося праводзіць двойчы? Першы раз было пададзена ўсяго шэсць заявак. Але, як распавяла начальнік упраўлення прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Марыя Нецвятаева, журы, якое складалася ў асноўным з прадстаўнікоў мастацкай грамадскасці, ні адна з іх не ўразіла. Таму было прынята рашэнне паўтарыць конкурс. На гэты раз заявак прыйшло ўдвая больш — 12. Кожны з аўтараў, акрамя апісання сваёй канцэпцыі, прапаноўваў набор фота- і відэаматэрыялаў. Марыя Валянцінаўна адзначае: акцэнт рабіўся на тое, наколькі канцэпцыя будзе зразумелая не толькі ў рэаліях нашага грамадства, але і еўрапейскіх. Асаблівую ўвагу звярталі на канцэпцыі, якія мелі міжкультурны дыскурс. Што важна: усе праекты былі «безназоўнымі», а вось выбар праходзіў адкрытым галасаваннем. 

«Выхад» — гэта працяг праектаў, якія скульптар рабіў у музеі Азгура.

Праект скульптара Канстанціна Селіханава і мастацтвазнаўцы Вольгі Рыбчынскай пад назвай «Выхад» з самага пачатку быў відавочным фаварытам.

— Практычна ўсе члены журы падчас абмеркавання рабілі акцэнт на тым, што гэтая канцэпцыя вельмі выразна суадносіцца з паўсядзённым жыццём сучаснага чалавека, — тлумачыць Марыя Нецвятаева. — Пасля прагляду з’яўляюцца падставы для роздуму. Яшчэ важная дэталь і ўрок на будучыню для іншых жадаючых удзельнічаць у конкурсе — гэтыя аўтары вельмі якасна падрыхтавалі матэрыял: усё лаканічна, але змястоўна. Журы не трэба было дадумваць, фантазіраваць, шукаць патаемны сэнс.

Жыццё ў цікавы час

— Разлічвалі на такі поспех?
— цікаўлюся ў Канстанціна.

Адказ здзіўляе. Аказваецца, скульптар першапачаткова прапаноўваў зусім іншы праект. Ён быў у ліку тых шасці, якія ніяк не ўразілі журы. Гэта была абсалютна новая ідэя, яшчэ ніякім чынам не ўвасобленая ў жыццё. На паўторны конкурс мастацтвазнаўца Вольга Рыбчынская прапанавала заявіць праект, які Канстанцін рыхтаваў на фестываль «Арт-Мінск». Гэта ўжо не толькі сапраўды сфармуляваная канцэпцыя, але і практычна гатовы праект.

Толькі-толькі вярнуўшыся з Венецыі, дзе якраз і разглядаўся павільён, у якім будзе прадстаў-лены яго «Выхад», Канстанцін распавядае, што на біенале ўсё 

будзе выглядаць не так маштабна, як задумвалася для Мінска. Прычына — павільён. Міністэрства культуры пайшло насустрач аўтарам і пагадзілася аплаціць павільён, прыдатны для праекта Селіханава. Але не вельмі прыгожа павёў сябе ўласнік будынка, які, убачыўшы попыт на яго, значна павялічыў кошт арэнды. Прыйшлося шукаць іншае месца, больш сціплае.

— Мы паглядзелі будынак і зразумелі, што там трэба будзе добра папрацаваць, старанна падрыхтаваць, — кажа Канстанцін. — Справа ў тым, што ён упершыню будзе выкарыстаны ў якасці павільёна на біенале. Галоўнае — уся наша экспазіцыя туды, у прынцыпе, укладваецца. Ведаеце, часам так бывае, што супраціўленне матэрыялу дае лепшы вынік. Мой вопыт паказвае, што часта складанасці паляпшаюць канчатковы варыянт. Вось мы паглядзелі на гэтую прастору, і ў нас з’явілася некалькі новых ідэй. Вельмі важна, што само месца добрае, яно знаходзіцца недалёка ад увахода ў галоўны павільён.

Дык у чым жа сэнс беларускага праекта? У цяперашняга біенале ёсць тэма — кітайская прыказка «Каб вы жылі ў цікавы час». Вядома ж, Селіханаў з Рыбчынскай працавалі менавіта ў гэтым кантэксце. Але што можа прапанаваць скульптар? Канешне, скульптуру. Сёння пакуль вельмі складана ўявіць, як усё будзе выглядаць, тым больш што гэта — не проста пяць статуй. Гэта арыгінальная мультымедыйная экспазіцыя, якая будзе адлюстроўваць час і жыццё.

— Я расказваю пра сябе, пра час, з якога выйшла наша пакаленне, пра ўзрушэнні, якія мы перажылі. Як адзначыла журы конкурсу, увогуле гэта размова пра нас, але ў той жа час гэта глабальны погляд на свет. Усе людзі адчуваюць трывогу, змены, інфармацыйны ціск. Таму думаю, што гэта павінна быць зразумела ўсім. Па сутнасці, гэты праект — працяг таго, што я рабіў у апошнія гады ў музеі Азгура. Атрымалася такая матрошка, калі адно выходзіць з іншага.

Застаецца дадаць, што Венецыянскі біенале сучаснага мастацтва пройдзе з 11 мая па 24 лістапада 2019 года.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter