Цудадзейны чай у марозны дзень,

Як нашы беларускія зёлкі маскоўскую лысіну лячылі

Як беларускія зёлкі маскоўскую лысіну лячылі

Думаю, паважаныя чытачы, кожны з вас можа ўспомніць розныя бываліцы, што надараліся ў вашым жыцці. Ну, скажам, неабавязкова такія дзіўныя прыгоды, як у тых шырока вядомых палескіх рабінзонаў нашага славутага Янкі Маўра. Падчас гэта проста нейкае цікавае здарэнне, хвалюючая падзея або проста забаўны выпадак, якія ўзбагачаюць наша жыццё і надоўга застаюцца ў памяці. Да таго ж гэта яшчэ ўсё спрыяльныя, падораныя нам лёсам магчымасці сустрэцца з цікавымі людзьмі, адкрыць у іх характарах і паводзінах добрае і шчырае. Асабіста ў мяне шмат такіх бываліц звязана з нашай прыродай. Вось хаця бы гэтыя.

Прыехаў да мяне з Масквы мой калега па прафесіі. Нагода была вельмі сур’ёзная: ён у самым прывабным узросце, яшчэ не жанаты, ды вось бяда — выпадаюць на галаве валасы, усё больш і больш разыходзіцца лысіна. Да якіх толькі дактароў не звяртаўся, што ні рабіў — дарэмна. Сябры іншы раз злёгку жартавалі: «Ды не будзь ты ў такой роспачы, гэта ж твая мудрая галава пазбаўляецца ад дрэнных валасоў». Хлопцу ж не да жартаў: недарэчная лысіна вельмі ўскладняла пошук дастойнай дзяўчыны, каб стварыць сям’ю...

А ў мяне быў знаёмы народны лекар, ён жыў у вёсцы на Міншчыне. Зёлкамі займаўся ўсё жыццё і шчодра дапамагаў людзям. Ну, здаецца, ад усіх захворванняў рыхтаваў травяныя наборы, і прыязджалі да яго не толькі з Міншчыны, але і з розных куткоў Беларусі. Праўда, мужык гэты цвёрда трымаўся правіла: «за вочы» траў не даваў. Абавязкова хацеў убачыць і сур’ёзна пагутарыць з чалавекам, каб дэталёва разабрацца ў яго «балячках», параіць і прапанаваць менавіта тыя лекі, якія таму патрэбны і дапамогуць.

Вось мы са знаёмым масквічом і паехалі да таго мужыка на вёску. Стаяў люты, які на ўсю сваю моц і сілу паказаў, што зусім нездарма людзі далі яму такое імя. У ваколіцах замяло дарогі, усюды ляжалі вялікія гурбы снегу: цяжка і праехаць, і прайсці. Да таго ж «узяліся» такія злосныя маразы, што па начах аж трашчалі дрэвы, прабраныя гэтымі калючымі маразамі да апошніх «костачак».

Нам пашанцавала: «прывязаліся» на ўсялякі выпадак да трактара, што ішоў па дарозе якраз у тую вёску, ён і «прывёў» нас куды трэба: да самай хаты траўніка. Той сустрэў нас асабліва шчыра і цёпла. Гэта ж трэба — з самой Масквы прыбыў чалавек за дапамогай! Доўга гутарыў з ім, аглядаў валасы на галаве, старанна падбіраў неабходныя травы, раіў, як імі карыстацца.

— Паглядзіце, што паможа. Ужо шмат мужыкоў, што былі ў мяне, забыліся пра свае лысіны, — запэўніў. — Толькі лячэнне не кароткае, прыйдзецца вам яшчэ раз браць у мяне травы. І калі прые-дзеце зноў, пагляджу, што ў вас робіцца на галаве, і яшчэ адзін набор падрыхтую.

Трэба сказаць, што разлічыўся масквіч з траўнікам на дзіва шчодра. Той спачатку нават не паверыў, убачыўшы тую суму, якую госць паклаў на стол. І так расчу-ліўся — во добрая беларуская душа! — што прапанаваў нам паспрабаваць яго «ўласнай хатняй настойкі». «Яна даволі моцная. Лепшы сродак для сугрэву пры такім марозе», — хітравата ўсміхнуўся.

Мы шчыра падзякавалі гасціннага гаспадара і адмовіліся, бо асабіста я ведаў, што значыць у нашых вёсках тая самая «ўласная хатняя». Ды й далейшыя планы ў нас былі вельмі прывабныя: паўдня правядзём у мяне на дачы, там сусед рыхтуе лазню. Папарымся з марозу і пачастую госця адмысловым чаем, заварваю яго ажно з дзесяці відаў розных раслін, якія дбайна збіраю на сваім агародзе, на суседнім лузе і ў лесе, сушу іх на зіму, карацей, на гэты конт маю пэўны вопыт.

Праўда, да таго, каб папарыцца ў лазні ды задаволіцца чаем, нас чакала прыкрая непрыемнасць — заселі ў глыбокім снезе. Вельмі спяшаліся, і, каб выйграць час, звярнулі на палявую дарогу, што вяла напрасткі ў нашу вёску. Праехалі метраў сто — і стоп: машына засела так, што ні ўзад, ні ўперад. Стаім у роспачы і не разумеем, як жа выберамся з гэтага снежнага палону, тым больш што ўжо вось-вось пачне змяркацца.

І раптам бачым: па той самай дарозе, дзе мы ехалі, бяжыць гурт хлапчукоў. Толькі сабраліся крыкнуць ім, каб дапамаглі, а яны самі звярнулі і шыбуюць да нас. «Памагчы? — пытаюцца. — Гэта без праблем». Абляпілі нашу машыну з усіх бакоў і пачалі штурхаць яе на цвёрдую дарогу. «Во, хлопцы, дзякуй вам, адкуль жа вы ўзяліся?» — пытаемся. «А мы ў Раубічах на спорткомплексе, тут у нас зборы. Якраз рабілі чарговую прабежку, а тут, бачым, вы сядзіце ў снезе. Вось нам і размінка добрая выйшла», — задорна смяюцца расчырванелыя хлапчукі.

Словам, у лазню мы паспелі. І я згатаваў чай. Калі ў вялікім чайніку закіпела вада, паклаў туды тры віды мяты. Яшчэ — засушаныя кветачкі ліпы, некалькі лісцікаў смародзіны. Тоненькія галінкі з маленькімі ягадкамі лясной маліны, чарніц. Сухія карэньчыкі суніц. І, канешне, зверабой і чабор.

Варыва закіпела, а потым з паўгадзіны настойвалася. Наліваю госцю чай у вялікі кубак — па ўсяму пакою разыходзіцца густы водар, у якім незвычайныя пахі і асалода тых дароў і лекаў, што так шчодра рыхтуе і дае нам лета.

— Цудадзейны чай, — паўтарае госць. — Я п’ю ў Маскве і кітайскі, і індыйскі, і яшчэ розныя чаі, але ж такога не спрабаваў ніколі. Шчаслівы ты, братка, чалавек, што жывеш у такім краі…

Што мне заставалася? Пагадзіцца з госцем, бо ён казаў шчырую праўду.

Дзедавыя травы масквічу памаглі — зарасла лысіна. І доўгі час ён прасіў мяне прысылаць яму, калі магу, той самы набор, з якога мы пілі чай марозным днём у беларускай хаце…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter