Цудадзейная вада ў традыцыйных уяўленнях беларусаў

Святая або асвечаная вадаНа працягу года царква некалькі разоў праводзіла абрад асвячэння вады, якая таксама стала лічыцца не проста цудадзейнай, а святой.Самым галоўным днём асвячэння вады стаў дзень 19 студзеня – Богаяўленне, або Вадохрышча, калі адбываецца “Вялікае водаасвячэнне”. Гэта якраз той самы дзень, у які Іаан Прадцеча пахрысціў у Іарданіі Ісуса Хрыста. Асвечаная ў гэты дзень вада называецца святой, іарданскай, хрышчэнскай, лічылася найбольш “здаровай” і гаючай.На працягу года абрад асвячэння вады праводзілі некалькі разоў, але яго ўжо называлі “малым”, вось толькі некаторыя з гэтых дзён. (Ваду малых асвячэнняў таксама лічылі гаючай.)

(Заканчэнне.Пачатак у № 11–13.)

* 20 студзеня, у дзень Сабора Іаана Хрысціцеля (у народзе гэты дзень празвалі “Ранняе Хрышчэнне”);
* у суботу перад Вялікаднем;
* у дзень Перапалавіння — у сераду на трэцім тыдні пасля Вялікадня;
* 14 жніўня — на Першага Спаса, з-за чаго свята яшчэ называюць “Спасам на вадзе” або “Мокрым Спасам”.
Лічылася, што асвечанай вадой можна “адпаіць” цяжка хворых людзей, лячыць шматлікія хваробы, асабліва энергетычнага плану — сурокі, падзіў, пярэпалах, ёю асвячалі хату.
Святую ваду выкарыстоўвалі ў складзе сямейна-родавых абрадаў. Яе дабаўлялі ў купель пры першым рытуальным купанні дзіцяці; жанчына-парадзіха змочвала ёю грудзі перад першым кармленнем нованароджанага. Святой вадой пырскалі на маладых перад тым, як адправіць іх да вянца; сват абавязкова “асвячаў” “ярданьскай” вадой месца за сталом, дзе будуць сядзець маладыя на працягу ўсяго вяселля.
Калі дачка не магла выйсці замуж, рабілі наступнае: трэба было ўзяць хрышчэнскай вады, падзяліць на тры роўныя часткі, у гэты час чытаць малітву “Ойчэ наш..”, потым нагаварыць на ваду любоўную замову:
“Я святою вадою ўмываюся, золатам уціраюся, а сонейкам адзяюся, а месяцам падперажуся, а зоркамі засцягнуся: я нікога не баюся. Як сонца і месяц на ўвесь свет свецяць, так каб я была на ўвесь свет міла і люба (імя каму)”.
Пасля гэтага адну частку вады давалі выпіць дзяўчыне, другой часткай трэба было памыць  ёй твар, трэцюю частку вылівалі за парог хаты.


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter