ЦМОК запрашае

У госці да лепельскай чароўнай пачвары збіраюцца аматары міфалогіі, музыкі і спорту з сямі краін
Права звацца радзімай Цмока за Лепелем замацавалася тры гады таму, калі тут з’явіўся помнік беларускаму дракону і быў праведзены першы міжнародны фестываль міфалогіі “У госці да Лепельскага Цмока”. Турысты абавязкова фатаграфуюцца каля скульптур Цмока, якіх у горадзе стала дзве, маладыя падчас вяселля прыходзяць папрасіць дзіўную пачвару аб моцных адносінах і шчаслівай будучыні, дзеці не прамінаюць памацаць істоту за хвост або залезці ёй на спіну. І раз у год сюды з’язджаюцца аматары міфалогіі з Беларусі і замежжа, каб добра павесяліцца на фестывалі “У госці да Лепельскага Цмока”.



Сёлета свята адбудзецца 21 жніўня. У горадзе будзе працаваць некалькі тэматычных пляцовак. На “Музычным алімпе” забаўляць гасцей будуць калектывы з Беларусі, Расіі, Літвы, Латвіі, Кітая, Японіі і Індыі. На танцавальнай пляцоўцы ўсе госці патрапяць на “спеўны сход” пад гукі старажытнай ліры, вывучаць фальклорныя песні і традыцыйныя танцы розных краін. У “Даліне майстроў” і на “Кулінарным востраве” можна будзе паўдзельнічаць у майстар-класах рамеснікаў і прафесійных кухараў, а таксама набыць сувеніры на памяць, а на пляцоўцы “Магічны яр” бліжэй пазнаёміцца з галоўным персанажам фестывалю беларускім Цмокам, а таксама даведацца, як жывуць яго калегі драконы ў Кітаі і Індыі. Белы чараўнік з Масквы раскажа пра старадаўнія практыкі ўзаемадзеяння з духамі прыроды, беларускі баскетбольны клуб “Цмокі” прадставіць тэматычнную анімацыйную праграму, а японскія майстры спочан арганізуюць паказальныя баі. Дзетак чакаюць цікавая выстава-віктарына “Дзе жывуць міфічныя персанажы?”, а таксама лялечныя спектаклі ад тэатра “Лямцавая батлейка”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter