Сельская газета

«Цiшэй, мальцы. Я вазьму…»

Амаль 40 гадоў таму сямнаццацігадовы студэнт Міша Мароз з жыткавіцкай вёскі Бярэжцы нёс па полі смяротны снарад

ХЛЕБНУЮ ніву паблізу вёскі Бурая, што ў Дубровенскім раёне, мясцовыя жыхары называюць няйначай, як Мішыным полем. Маўклівае і ціхамірнае, зараз на ім нічога не нагадвае аб трагедыі 40-гадовай даўніны. Акрамя, мабыць, някідкай, схаванай у глыбіні раллі мемарыяльнай пліты. Ёю пазначана месца, дзе ў мірны час загінуў чалавек, зусім юнак — навучэнец Аршанскага педагагічнага вучылішча Міхась МАРОЗ. Ён вынес з поля і накрыў сабой артылерыйскі снарад часоў Вялікай Айчыннай.


Гэта здарылася 7 верасня 1977 года. На бульбу ў калгас «Прагрэс» Дубровенскага раёна 88-я вучэбная група Аршанскага педагагічнага вучылішча адправілася ў поўным складзе. Дзеці падзяліліся на звёны па чацвёра, каб дапамагаць трактарысту і камбайнеру. Брыгада, у якой працаваў 17-гадовы Міхась Мароз, была ў той момант амаль ля так званага Ліпавага яра — на краі поля. А яно ўзяло ды і вынесла калгаснікам бяду.

Чорны, пакрыты зямлёй і ржой снарад, выхаплены камбайнам са свежаразаранай барозны, рухаўся па транспарцёры разам з бульбянымі клубнямі. Калі яго заўважылі, спыняць камбайн было ўжо позна. Секунда, другая — і з’едзены ржой снарад затрасе на стале-вібратары, кіне ў барабан. І хто ведае, што тады здарыцца?

Першым гэта зразумеў Міша. Часу для роздуму не заставалася. Аднымі вуснамі, быццам баючыся спужаць няпрошанага госця, прашаптаў: “Цішэй, мальцы. Я вазьму”. Асцярожна падхапіў снарад, нязграбна саступіў на зямлю і павольна закрочыў па разараных барознах. Крокаў сто пяцьдзясят заставалася да Ліпавага яра — менавіта туды і была мэта данесці артылерыйскае “прывітанне з 41-га”.

Па развернутым полі ісці нязручна, да гумовых ботаў ліпне размоклая ад дажджу зямля. Снарад кілаграмаў васьмі на выцягнутых руках здаецца сама меней — двухпудовым. Нарэшце пад нагамі цвёрдая зямля. Утаптаная сцяжынка бяжыць уздоўж поля. А за кустамі роў. Яшчэ некалькі крокаў… 

І ў гэты час прагучаў аглушальны выбух. Праехаўся над полем і глуха загас удалечыні, пакінуўшы пасля сябе звінячую цішыню. Ад камбайнаў беглі людзі, Мішавы аднакурснікі, якія яшчэ не зразумелі, што адбылося.

Аднавяскоўцы-аднакласнікі: Рыгор РУДНІЦКІ, Леанід ЮШКЕВІЧ, Віктар КАШПЕЙ, Міхась МАРОЗ і Вячаслаў ПЕТРУШЭНЯ.
Вясна ў Бярэжцах, 1977 год

— Ці то спатыкнуўся і выпусціў цяжкі мокры снарад, ці то неасцярожна апусціў яго… Ніхто так і не зразумеў, што здарылася, — аднаўляе падзеі адбытага тагачасны дырэктар вучылішча Аляксандр Хмяльніцкі. Адным з першых ён даведаўся пра трагедыю са слоў Мішавых аднакурснікаў. — Дзеці распавядалі пра жудасную карціну. Маўляў, падбеглі да хлопца, а ён увесь у крыві… Рукі цэлыя, а ногі. Спехам, як умелі, перавязалі. Толькі ўся павязка хутка змокла ад крыві… Адбытае тады нагадвала мне нейкую катастрофу. Мы ведалі, што некалькі гадоў да гэтага падобныя надзвычайныя здарэнні былі на тым полі. Але быў ранены наш навучэнец. Здаецца ж, ніколі бяды з тваім не здарыцца, а тут…

Як высветлілася пазней, зямля на тым участку была літаральна нашпігавана снарадамі часоў ліхалецця: у Вялікую Айчынную фронт стаяў тут дзевяць доўгіх месяцаў, баі былі не на жыццё, а на смерць. Як вынік — каля 20 тысяч салдат засталіся ляжаць там, на дубровенскай зямлі, у брацкіх магілах. Таму, акрамя земляробаў, часта завітвалі на тое самае поле сапёры: зробяць сваю работу і паехалі, а зямля з кожным новым годам “выплёўвала” са сваіх нетраў чарговыя боепрыпасы. Ведаючы гэта, механізатары нават на заднюю сценку трактара вешалі браніраваны ліст, каб, калі ненарокам зачэпяць снарад, заставаліся шанцы выжыць. Студэнтам жа, якія прыязджалі працаваць восенню на бульбу, не афішуючы, сказалі, каб знаходкі ваеннага часу стараліся акуратна прыбіраць і несці бліжэй да Ліпавага яра. Гэтак зрабіў і Мароз.

Аднакласнікі Мішы Вячаслаў ПЕТРУШЭНЯ і Вера СЕМЯНЯКА каля хаты Марозаў

АМАЛЬ трое сутак змагаліся ўрачы за жыццё Міхася. Прыбыла група хірургаў з Мінска па спецыяльным распараджэнні міністра аховы здароўя рэспублікі. Рабілі ўсё магчымае. І трое сутак дзяжурылі пад вокнамі шпіталя сябры, вучні з вучылішча. Усё думалі: раптам тэрмінова спатрэбіцца кроў ці якая-небудзь іншая дапамога.

Зрэдку да юнака вярталася свядомасць. Спачатку здзівіўся, што побач каля пасцелі мама ў белым халаце: шлях ад палескага сяла Бярэжцы да Оршы зусім няблізкі. Першае, што спытаў: як адчувае сябе з дарогі? Ведаў, што маці хворая на сэрца, таму, калі здараліся якія-небудзь непрыемнасці ў тэхнікуме, прасіў свайго класнага кіраўніка Івана Ермалаевіча ёй не распавядаць. А тут вось не ўсцярог.

…Размаўляю з Вольгай Мароз, і дрыжыкі бягуць па скуры. Цяпер 77-гадовая жанчына жыве ў сваёй сястры ў Мазыры. Акрамя Мішы, за сваё жыццё пахавала і другога з траіх сыноў – малодшага Аляксандра (ён загінуў у аўтакатастрофе). Два гады таму пайшоў з жыцця яе муж Міхась Сцяпанавіч, таму з Бярэжцаў з’ехала. Вольга Іванаўна ўспамінае, як ёй з гаспадаром паведамілі страшэнную навіну, і яны панесліся ў Оршу.

Хавалі героя-камсамольца цэлай вёскай, 1977 год.

У бальнічным калідоры Вольгу Іванаўну тады папярэдзілі: сын не ў свядомасці. Супакоілі — так і павінна быць: каб не трывожыць болем, яму ўвялі адмысловыя лекі, хай спіць. Але, насуперак усім законам медыцыны, адбылося незвычайнае. Ледзь маці, якая пераадолела 400-кіламетровы шлях з Бярэжцаў да Оршы, прысела з дазволу доктара ля ложка сына, Міша расплюшчыў вочы. Убачыўшы Вольгу Іванаўну, ціха, аблізнуўшы запечаныя ад спякоты губы, паклікаў: “Мама!”

— Я сядзела ля ложка, гладзіла рукі сына, стрымлівала слёзы, якія стаялі калючым горкім камяком у горле, — усхліпвае Вольга Мароз. — Калі Міша апрытомнеў, нават узрушыўся, што толькі метраў сем не дайшоў да рова. Потым пажаліўся на боль у назе. Хоць нагі ўжо не было — ампутавалі. Але ён “адчуваў” яе, трывожыўся, як бы гэта раненне не перашкодзіла яго службе ў войску. Ён ні словам не пашкадаваў, што першым выклікаўся несці ад камбайна той снарад… Мы спадзяваліся, што сын выкараскаецца. Хіба можа вайна забіваць такіх юных праз трыццаць з лішнім гадоў пасля яе заканчэння? Але не збылося…

Помнік Міхасю МАРОЗУ ў Жыткавічах


СКАЗАЦЬ, што хавалі Мішу Мароза ўсёй вёскай, значыць, не сказаць нічога. З’ехаліся жыхары з суседніх вёсак, дэлегацыя з вучылішча, з Жыткавіч, з Мінска… Асобнай групай прыбылі і аднакурснікі Міхася. Развітальная працэсія расцягнулася недзе на кіламетр, удакладняе Якаў Шруб — аднакласнік і адначасова аднагрупнік Мароза па вучылішчы:

— Міша скончыў у Бярэжцах пачатковую школу, а потым прыйшоў да нас у клас у Хільчыцы. Мы пасябравалі. Выдатнікам ён ніколі не быў, але адрозніваўся адказнасцю. Памятаю, як мы з задавальненнем збіралі каманду і гулялі ў валейбол, футбол. Гэта ж Міша мяне і брата Фёдара падбухторыў паступаць у педагагічнае вучылішча. Нас адгаворвалі, мы нават і не заўважылі, як ён нас на свой бок перацягнуў — дый паехалі ў Оршу. Там нам, землякам, вядома, было весялей. Мы вучыліся на настаўнікаў працы і чарчэння, добра паспявалі. Як казалі пра нас выкладчыкі, былі юнакамі сельскай закваскі — працалюбівыя, па-майстэрску трымалі ў руках гэбель.

На рашэнне стаць настаўнікам, дарэчы, бацькі Мароза не ўплывалі: мэтанакіраваным быў Міхась юнаком. Маці працавала ў гандлі, бацька трактарыстам у леспрамгасе. З дзяцінства іх сын быў прывучаны да працы, дапамагаў сям’і на падворку. Быў і гасцінным чалавекам, распавядае сусед Марозаў Вячаслаў Петрушэня:

— Аднойчы, здаецца, прыязджаў ён з аднакурснікам у Бярэжцы. Быў літаральна ўлюбёны ў нашыя краявіды, палескую прыроду, родную вёску. А восенню вазіў у Оршу для сваіх аршанскіх аднагрупнікаў яблыкі з Палесся, з бацькавага сада, частаваў. Добра памятаю і яго апошнюю вясну. Ён прыехаў дадому, і мы з юнакамі-аднавяскоўцамі пайшлі ў лес фатаграфавацца. З прафесійным “Зенітам” наперавес ён сабраў нас, сяброў, каб зрабіць здымкі на памяць.

У асабістым альбоме Вячаслава Петрушэні захавалася іх з дзясятак. Перабірае пажаўцелыя ад часу фота вясковец акуратна — гэта ўсё, што засталося ў яго ад сябра, якому б цяпер было 57 гадоў. З фотаздымка паглядае ў камеру прыгожы высакаваты юнак з моднай стрыжкай, усміхаецца, яшчэ не ведае, што прыгатаваў яму лёс…

Шкадуе Вячаслаў Фёдаравіч толькі аб адным: не ўдалося развітацца з Мішам. У той час Петрушэня служыў у войску ў Германіі, а пра трагедыю даведаўся з газеты “Знамя юности”.

Пра гучнае здарэнне пісалі тады многія СМІ. За мужнасць і самаадданасць, выратаванне жыцця калгаснікаў і навучэнцаў пасмяротна Міхася Мароза ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі. Амаль кожны дзень на парог дома, цяпер пустога, дзе жылі бацькі героя, прыходзіў паштар. Лісты дасылалі зусім незнаёмыя людзі. Убеленыя сівізной ветэраны Вялікай Айчыннай, Мішавы аднагодкі, піянеры… Словы спагады, роздумы. Гора сям’і Марозаў болем адклікалася ў чужых сэрцах.

Цяпер гэтыя лісты захоўваюцца ў музейным кутку Хільчыцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы. З унікальных экспанатаў у ім акуратна складзеныя дзве пары сарочак і штаноў Мішы, класны часопіс, дзённік, фотаздымкі… А на самой школе, дарэчы, узведзены яе будынак-прыгажун на новым месцы, — мемарыяльная дошка ў памяць пра Міхася Мароза.

Піянерская дружына ў Хільчыцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе носіць імя земляка

Дырэктар школы ў Хільчыцах Уладзімір Лесько зазначае:

— Кожны год у лістападзе, напярэдадні чарговага дня нараджэння нашага славутага выпускніка, мы праводзім тэматычны тыдзень. Імя Міхася Мароза нададзена піянерскай дружыне, якая выконвае розную валанцёрскую работу. Наш абавязак — старанна захоўваць памяць пра земляка, пра ўчынак якога вам раскажа літаральна кожны наш вучань. Кажуць, мы павінны ведаць сваіх герояў у твар. І гэта проста той самы выпадак.

Мемарыяльная дошка ўсталявана на будынку школы ў Хільчыцах

Імя Міхася Мароза таксама прысвоілі пасажырскаму цеплаходу Галоўнага рачнога флоту БССР, піянерскім дружынам Краснаборскага дзіцячага саду — сярэдняй школы і школы № 2 Оршы. У цэнтры Жыткавіч усталяваны помнік юнаку з Бярэжцаў. Менавіта такім вырашылі вярнуць землякам Мішу Мароза маладыя скульптары Мікалай Патапаў і Сяргей Бандарэнка, выпускнікі тагачаснага Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (сёння — Акадэмія мастацтваў). Хлопцы перамаглі ў конкурсе на стварэнне помніка герою-камсамольцу.

УГЛЯДВАЮСЯ ў маўклівую бронзавую фігуру. Імжыць дождж, і здаецца, што на твары Міхася Мароза зіхацяць слязінкі. Ён пражыў нядоўгае жыццё, але ў свае сямнаццаць паспеў здзейсніць подзвіг. Таму застаецца разам з намі, жывымі. І нядзіўна, чаму назаўсёды.

ДАВЕДКА «СГ»

У разлютаваных баях увосень 1943 года за месяц войска прасунулася толькі на паўтара кіламетра. Усяго фронт (7 кіламетраў ушырыню і столькі ж удаўжыню) у месцах ля Мішавага поля стаяў не менш васьмі месяцаў. У Дубровенскім раёне пасля вайны налічвалася больш за 250 брацкіх пахаванняў. Па апошніх звестках, тут загінулі больш за 20 тысяч савецкіх салдат.

uskova@sb.by

Фота аўтара, з архіва Хільчыцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы  і асабістага архіва Вячаслава ПЕТРУШЭНІ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Алесь, 54 года, деревня Сперижье
Прочитал замечательный материал, который меня тронул до слез, я хорошо знаю что такое земледелие и как нас школьников во времена СССР привлекали к оказанию помощи уборки картофеля на колхозных полях. Такой поступок как совершил Миша, это героизм, о котором мы должны всегда помнить. Журналист профессия творческая, спасибо газете, и Татьяне Усковой, что Вы находите такие факты которые нужно ставить в пример нашей молодежи.
Материал очень впечатлил, еще и тем что нашлись и живые свидетели произошедшего печального подвига.
Газету Вашу Всегда стараюсь перечитывать каждую страницу, мне она нравится тем что есть много материалов о простых людях которые выросли от земли и так ею дорожат, Коллективу газеты спасибо.
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?


Новости
Все новости