Нашы навукоўцы прыдумалі новы метад дыягностыкі раку

Цiхi забойца: знайсцi i абясшкодзiць

Рак — гэта хвароба, якая, як мяркуюць навукоўцы, ужо ў перспектыве бліжэйшага дзесяцігоддзя можа быць цалкам пераможана. Ва ўсім свеце ў сотнях лабараторый распрацоўваюць методыкі і лекі, здольныя супрацьстаяць гэтаму захворванню. Пакуль абсалютнага поспеху не дабіўся ніхто, але, мяркуючы па навінах, шанцы на тое, што гэта здарыцца, вельмі вялікія. Удзельнічаюць у такіх праектах і нашы спецыялісты, прычым сярод iх ёсць і «тэхнары». Намеснік прарэктара па навуковай рабоце БДУІР, кандыдат тэхнічных навук Ганна БАНДАРЭНКА прызнаецца: iнтарэс да iх распрацоўкi па першым часе быў чыста навуковы. Але на яе камерцыялізацыю навуковы калектыў таксама спадзяецца.

Ганна БАНДАРЭНКА дэманструе методыкі дыягностыкі анкалагічных захворванняў.

—Першыя работы па гэтым кірунку пачаліся гадоў 15—20 таму адначасова ў розных краінах Еўропы, у ЗША. Тады ж гэтым пачалі займацца і нашы навукоўцы, і адзін час мы ішлі нараўне з усімі. Таму абвінавачванні, што мы займаемся тым, што ўжо вынайшлі, зусім несправядлівыя. Ініцыіраваў распрацоўку Інстытут фізікі імя Сцяпанава. На Nanomeeting — адной з канферэнцый БДУІР — у 2009-м мы ўсе і пазнаёміліся. Тады мы даведаліся аб іх працы, а яны праявілі цікавасць да нашых напрацовак — гэта нанаструктурыраваны крэмній, на аснове якога можна ствараць спецыяльныя падкладкі для хімічнага аналізу. Здавалася б, тэхналогія іх вырабу — найпрасцейшая. Але паўтарыць яе, а ў нас вялікі дослед такой працы, атрымліваецца далёка не ва ўсіх.

— Тады скажыце, як вывесці хваробу на чыстую ваду?

—Нашы нанаструктуры валодаюць адмысловымі ўласцівасцямі, якія пад уздзеяннем лазера дазваляюць павялічваць сігнал так званага раманаўскага рассейвання, якое ідзе ад арганічных малекул. Калі ў малекуле ёсць змены, характэрныя, напрыклад, для хваробы, мы гэта ўбачым. Дарэчы, рак — гэта прыватны выпадак. Такі метад дазваляе выводзіць на чыстую ваду шматлікія iншыя праблемы. Мы звярнуліся да анказахворванняў, паколькі цяпер існуе шмат праблем з іх ранняй дыягностыкай. Гэта заданне ўтрымліваецца і ў дзяржпраграме навуковых даследаванняў. Яго выконвае Інстытут фізіялогіі НАН. Дарэчы, яны ў нас набываюць падкладкі для такой дыягностыкі. Мы ім рэалізуем іх па цане ніжэй за рыначную і разам даследуем тыя матэрыялы, якія яны прыносяць. Інстытут падпісаў дамову з Мінскім анкадыспансерам на прадастаўленне ўзораў сывараткі крыві пацыентаў для даследаванняў.

Паралельна мы даследуем і іншыя рэчывы. Напрыклад, пептыды, у супрацоўніцтве з тым жа Інстытутам фізіялогіі і з медуніверсітэтам. Наша задача — у далейшым распрацаваць вакцыну ад ВІЧ. З Аб'яднаным інстытутам ядзерных даследаванняў з Дубна мы правялі даследаванні фасфаліпідаў і падрыхтавалі артыкул па дадзенай тэматыцы. Размова таксама ідзе аб ранняй дыягностыцы іншых захворванняў, у прыватнасці пульманалогіі.

— Калі ваш метад дыягностыкі раку запрацуе ў поўную сілу?

— Каб упэўнена сцвярджаць, што метад працуе, патрэбны час і зладжаная праца многіх арганізацый. Мы толькі вытворцы падкладак, у камандзе з намі павінны працаваць медустановы як пастаўшчыкі ўзораў для даследаванняў, прадстаўнікі НАН для ацэнкі атрыманых вынікаў, іх расшыфроўкі і аналізу. Мяркую, даследаванні могуць заняць яшчэ 3—5 гадоў. Толькі потым можна будзе гаварыць аб іх шырокім прымяненні.

Дарэчы, у ЕС, Штатах ідзе велізарнае фінансаванне такіх праграм. У іх задзейнічана вялікая колькасць арганізацый. Напрыклад, у праекце нашых калег з інстытута ў Валенсіі, дзе распрацоўваюцца датчыкі, якія па кроплі крыві распазнаюць мікра-RNK (кожнаму віду раку адпавядаюць розныя тыпы RNK), удзельнічаюць дзевяць (!) краін. Гэты спосаб дапаможа выканаць тую ж задачу, над якой мы б'ёмся, — гэта ранняя дыягностыка хваробы. Можаце сабе ўявіць такiя маштабы? Гэта ВНУ і медустановы з Іспаніі, Даніі, Германіі і многіх іншых краін. 

Але ж і мы не адны. Нам дапамагае дзяржава: мы неаднаразова выйгравалі гранты Фонду фундаментальных даследаванняў і працавалі па заданнях дзяржпраграм. Зараз выконваецца грант, па якім мы ўдасканальваем крэмніевыя падкладкі — пакрываем іх графенам, каб малекулы, якія мы даследуем, не так хутка разбураліся пад уздзеяннем лазернага прамяня.

— А праўда, што ваша экспрэс-дыягностыка займае лічаныя секунды?

— Не зусім так. Сама меней да таго моманту, пакуль цалкам не прапісана методыка ацэнкі выніку, якая будзе пад сілу простаму лабаранту. Вынікі аналізу мы сапраўды атрымліваем хутка — на працягу 30 секунд, але вось на іх расшыфроўку (а мы здымаем даныя каля 200 спектраў) пакуль затрачваецца шмат часу — ад тыдня да месяца.

— Падкладка, на якую потым спецыяльным дазатарам наносіцца кропелька рэчыва, якое даследуецца, — малюсенькі прамавугольнік памерам ад 36 да 100 міліметраў. Ці будзе канкурэнтаздольнай цана? 

—Яна ўжо танней за тую, што прапануе сёння рынак. А цана еўрапейскіх аналагаў вар'іруецца ад 15 да 75 еўра. За 15 еўра можна знайсці падкладкі на аснове серабра. Іх вырабляе, напрыклад, літоўскі вытворца Integrated optics. Дарэчы, па ацэнцы нашых расійскіх партнёраў, з якімі мы ў 2015 годзе заключылі пратакол аб супрацоўніцтве і якія выкарыстоўвалі літоўскую прадукцыю, пры невысокім кошце вынікі на нашых падкладках лепшыя, больш дакладныя. Ёсць вядомая фірма Renishaw Diagnostics, якая прапануе падкладкі на аснове золата. Кошт такой адзінкі складае ўжо 75 еўра. Але не трэба забываць, што яны прадаюцца партыямі ад пяці штук. А для дакладнасці даследаванняў часам нават аднаго ўзору трэба 20 падкладак! Гэта расходны матэрыял. Вось і лічыце. Хоць дапускаю, што іх якасць вельмі высокая.

— Тым не менш вы настроены рашуча ў плане камерцыялізацыі вашага праекта. Разлічваеце на цікавасць з-за мяжы?

—Зусім хутка мы павязём нашы напрацоўкі ў Амерыку на выставу eMerge Americas. Такая цікавасць ужо ёсць. Гэта пры тым, што там такія методыкі камерцыйна даступныя і ўжо шырока выкарыстоўваюцца крыміналістамі. Толькі сфера даследаванняў трохі іншая — гэта атрутныя газы, выбуховыя рэчывы, прадукты рэакцыі стрэлу і гэтай далей.

Хоць нам у першую чаргу хацелася б быць карыснымі ў нашай краіне. Мы гатовыя вырабляць падкладкі па невысокім кошце, каб мінімізаваць затраты на правядзенне ранняй дыягностыкі і павялічыць яе эфект. Пры гэтым, зніжаючы кошт да мінімуму, мы разлічваем, што зможам зарабіць. Якiм чынам? Камерцыйная тайна.

veraart14@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter