Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Выхавальніца мінскага дзіцячага садка № 208 Ірына Пятроўская задумала Свята беларускай культуры для дзяцей, натхніўшыся этнафэстам “Покліч Палесся”

Цікавыя і змястоўныя ўрокі

Чытачы “Голасу Радзімы” ведаюць: “Покліч Палесся” — гэта Міжнародны фэст этнакультурных традыцый, які ладзіцца ў аграгарадку Ляхавічы Петрыкаўскага раёна Гомельшчыны. Вось якраз ён і натхніў Ірыну Пятроўскую, выхавальніцу дзіцячага садка № 208 у мінскім мікрараёне Дамброўка, правесці падобнае Свята беларускай культуры — для дзяцей, з якімі яна сустракаецца штодзень. І мне асабіста, прызнаюся, тое вельмі прыемна. Бо словы “дзякуй”, “калі ласка”, “прывітанне”, “да пабачэння”, “мамачка — ты мая зорачка” ў апошні час у актыўным ужытку майго 4-гадовага сына. Як і многія іншыя. Часта, складваючы канструктар ці малюючы, Цімур напявае беларускія песенькі.

Напрыканцы навучальнага года ён прынёс з садка вершык, мы разам вывучылі яго да свята: “Добры дзень у хату,/ нашы ягамосці,/ прыехалі да нас/ сёння вы ў госці”, — адкрываў сынок ранішнік. За ім іншыя дзеці чыталі вершы, адгадвалі загадкі, спявалі, танцавалі. Радавалі бацькоў пацешкамі, прыказкамі-прымаўкамі... “Курачка-рабка”, “Муха-пяюха”, “Піліпка-сынок”, “Сынок з кулачок”, “Былінка і верабей”, “Каза-манюка”, “Каток залаты лабок”, — наперабой малыя называлі па малюнках казкі. Значыць, ведаюць іх!

Шанаваць родную культуру трэба з маленства
Фота Рамана Федаровіча

Галоўны ініцыятар правядзення свята, яго натхняльніца, выхавальніца Ірына Пятроўская расказвала хлопчыкам і дзяўчынкам пра традыцыйны вясковы побыт, прызначэнне многіх прылад працы. У музычнай зале быў аформлены беларускі куток: ложак з вышываным пакрывалам і навалачкамі на падушках. Быў стол з натуральнымі бульбай, яйкамі, салам, каўбасой. А ў кардоннай печцы нібыта насамрэч гатавалася ў гаршчочку каша... А якія былі задаволеныя дзеці! У кожнага пасля свята засталася на памяць цацка — лялька-мотанка, якую рабілі разам з матулямі пад кіраўніцтвам Ірыны Міхайлаўны.

Цудоўныя здымкі з незвычайнай імпрэзы зрабіў тата хлопчыка Андрэя — Раман Федаровіч. Некаторыя з іх увайшлі ў выставу “Па слядах свята...”, што на працягу тыдня “працавала” ў фае дзіцячага садка.

Мне ж было цікава: як свята рыхтавалася, адкуль столькі эксклюзіўных старадаўніх экспанатаў. Ірына Пятроўская прызналася: “Такое з “бухты-барахты” не робіцца. Рыхтаваліся, займаліся з дзецьмі, стараліся больш размаўляць з імі па-беларуску. Вельмі дапамаглі казкі: мы іх чыталі, малявалі герояў. Дзеці ўсе ў нас з рускамоўных сем’яў, а ў навучальнай праграме — усяго адзін занятак па мове на ты-дзень. Аднак у нашым садку кожны чацвер — беларускамоўны дзень. На працягу дня гаворым па-беларуску. На музычных занятках дзеці спяваюць беларускія песні”.

У Ірыны Міхайлаўны цікаўнасць да роднай культуры даўняя. Нарадзілася яна ў палескай глыбінцы: у пасёлку Азёрны (рыбгас Белае) Жыткавіцкага раёна Гомельшчыны. Кажа: той ложак, што быў на свяце, а цяпер — у садаўскім музеі, а таксама ручнікі ды посцілкі — з бацькоўскай хаты. А бацька яе, Міхаіл Андрэевіч Катовіч, быў сталяром. Майстраваў мэблю, рэзаў лыжкі, плёў лапці, нават бочкі рабіў. Хата на лецішчы Ірыны Міхайлаўны ў Чэрвеньскім раёне — татаў падарунак: цалкам збудавана яго рукамі. Маці, Аляксандра Рыгораўна, шыла, вышывала, вязала, ткала... І прыгожа спявала, танцавала, умела граць на балалайцы ды гармоніку, чаму і дзяцей вучыла. Ірына Міхайлаўна таксама ніколі без справы не сядзіць: шые, вяжа, майструе карціны са стужак. Летась, напрыклад, на спартыўным свяце ў садку дзяўчынкі з групы былі ў жоўта-чорных вязаных гетрах і жоўценькіх спаднічках. Сёлета на ранішніку да 8 Сакавіка дзеці намаганнямі выхавальніцы пераўтварыліся ў матылькоў з празрыстымі крылцамі на спінах.

Успамінала Ірына Міхайлаўна пра бацькоў, узгадвала гісторыі з дзяцінства. Казала: годна пражылі яны жыццё — абое з 1923 года, прайшлі вайну, сямёра дзяцей выхавалі... Любіць яна бываць у родных мясцінах, набірацца ад іх моцы, чэрпаць натхненне. “Пасёлак наш увесь у азёрах, а вакол лес, — расказвае. — У школу хадзілі за тры кіламетры. Ягады, грыбы збіралі, па гаспадарцы шмат рабілі. І весела так было, хораша! А якія людзі ў нас добрыя!.. Часта перачытваю трылогію Івана Мележа “Людзі на балоце”. Там жа ўсё нібы й пра нашае жыццё напісана. А ў паэме “Новая зямля” Якуба Коласа радкі ажно льюцца-пераліваюцца. Я ўсё думаю: як можна так прыгожа пісаць? І без аніякіх камп’ютараў... Таленты ад прыроды! І дзяцей трэба навучаць сапраўднаму: любіць родны кут, шанаваць бацькоў, захоўваць традыцыі”.

Літаратуру розных народаў вывучала Ірына Пятроўская ў Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме і на філфаку БДУ. Шмат чытае па жыцці, сёння ж усё часцей вяртаецца да беларускіх класікаў. А настольная кніга ў яе — “Залатыя правілы народнай культуры” Івана Крука і Аксаны Катовіч. “Па гэтай кнізе сына жаніла, — прызнаецца. — Цяпер вось дачка на выданні. Як мая маці праводзіла розныя абрады, на жаль, не памятаю: у сям’і была самая малодшая. А ў кнізе знаходжу падказкі. Нядаўна, скажам, запрасілі мяне за бабку на першае купанне праўнучка старэйшай сястры. Дык чытала, што і як трэба рабіць, рыхтавалася”.

А ідэя правесці Свята беларускай культуры ў дзіцячым садку, гаворыць, узнікла ў яе на Міжнародным фэсце этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”. Летась Ірына Міхайлаўна пабывала на ім упершыню, і так ён уразіў яе, што захацелася зрабіць нешта падобнае і ў Мінску. І добра ж атрымалася!

На ўспамін пра свята вісіць цяпер над ложкам сына лялька-мотанка: зрабілі мы яе разам з Цімурам. “Галоўнае правіла, — казала Ірына Міхайлаўна, калі майстравалі гэты невялічкі абярэг, — рабіць усё з адкрытай душой і добрымі думкамі. Светлы колер тканіны абявязкова перадасць дзіцяці вашу пазітыўную энергетыку, чырвоная нітка — зберажэ ад хваробаў ды нягодаў”. Гэтую вялікую праўду ведалі нашы мудрыя продкі. Да яе патроху вяртаемся і мы з сынам...

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 31 (3535), чацвер, 17 жніўня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter