В Копыле к празднику белорусской письменности возле краеведческого музея установили памятник Тишке Гартному

Цікавы вобраз юнага паэта

Да нацыянальнага свята кнігі ў Капылі намаляваны муралы ў гонар беларускіх пісьменнікаў — Адама Русака, Алеся Адамовіча, Кузьмы Чорнага. У скверы абсталявалі прысвечаную творцам алею, а побач з краязнаўчым музеем у райцэнтры ўстанавілі помнік Цішку Гартнаму — паэту і перакладчыку, грамадскаму і дзяржаўнаму дзеячу. Размяшчэнне помніка каля будынка музея не выпадковае, бо менавіта тут у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя знаходзілася гарбарная майстэрня, дзе і пачынаў працаваць знакаміты зямляк.


Цішка Гартны паходзіць з сялян, нарадзіўся ў мястэчку Капыль. Ён аўтар маніфеста аб утварэнні БССР, палітработнік Чырвонай арміі на Паўднёвым фронце, сакратар і адказны рэдактар газеты «Савецкая Беларусь», пачынальнік рабочай тэматыкі ў беларускай паэзіі і прозе. Ягоным імем названы вуліцы ў Мінску і Капылі. Упершыню на малой радзіме помнік знакамітаму земляку ўстаноўлены ў 2000 годзе, аднак ён патрабаваў поўнай рэканструкцыі.

За справу ўзяўся айчынны скульптар, мастак кандыдат мастацтвазнаўства Павел Вайніцкі. Ён жа аўтар скульптуры «Няскораная», устаноўленай у вёсцы Хатынь да 75-годдзя трагічных падзей. Якая задумка закладзена ў новай кампазіцыі, ці атрымалася арэчавіць жаданае — «СГ» задала некалькі пытанняў Паўлу Вайніцкаму.

— Помнік, устаноўлены ў 2000 годзе, быў каменным і па маштабе меншым, чым цяпер. Гэта абсалютна новая работа. Аб’яўляўся конкурс, які я выйграў. Часу спатрэбілася нямнога — тры месяцы. У цэлым гэта творчы выклік, бо цікавы вобраз, нестандартная тэма патрабуюць, як правіла, даўжэйшай рэалізацыі. Стаяла задача паказаць на пастаменце юнага Цішку Гартнага, якім ён пачынаў свой самастойны шлях і працаваў у гарбарным цэху. Цэх якраз удала размясціўся за помнікам, гэта частка краязнаўчага музея. Аптымістычны Цішка Гартны літаральна выходзіць з варот.

Павел Вайніцкі расказвае, што з аптымізмам выконваў работу. Добры настрой у майстра залежыць ад выбранай тэмы і яе значнасці. Цішка Гартны — менавіта той герой і вобраз, які няма права ажыццявіць пасрэдна.

— Яшчэ для мяне падавалася важным, каб гэта быў не сацрэалістычны манумент, стараўся абысціся без патэтыкі, узвышанасці. Каб дакладней перадаць рысы твару паэта, карыстаўся яго фотаздымкамі. Спадзяюся, удаліся не толькі знешнія асаблівасці, але і ўнутраны каларыт асобы.

Адкрыццё манумента адбудзецца заўтра на Дні беларускага пісьменства ў Капылі. Чакаем вас!

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter