Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Мінску выйшла першая ў Беларусі навукова-папулярная кніга пра інвазіўныя расліны

Цікава і карысна ведаць

Рознымі шляхамі яны прабраліся на тэрыторыю Беларусі, а цяпер ад іх цяжка пазбавіцца. Усё амаль як у рамане Герберта Уэлса “Вайна светаў”. Там наступаюць іншапланецяне, а тут — агрэсіўныя зялёныя чужынцы. Запаланяюць палі, сады, агароды, пусткі… Гэта інвазіўныя расліны: так батанікі называюць чужародныя для канкрэтнага прыроднага асяроддзя расліны, занесеныя часта самім чалавекам у месцы, дзе яны раней не раслі, але пры тым прыжыліся, пачалі актыўна захопліваць новыя землі. Калі нічога не прадпрымаць, то неўзабаве ў беларускіх лясах знікнуць грыбы, ягады, мясцовыя дрэвы, у палях — жыта, пшаніца... Адным словам: катастрофа. Каб тое не здарылася, па ўсім свеце прадпрымаюцца меры. І Беларусь не выключэнне: распрацаваны праграмы па барацьбе з інвазіўнымі відамі, на гэта трацяцца мільёны рублёў.


Не застаюцца ў баку ад глабальнай барацьбы з чужынцамі й беларускія навукоўцы. Летась у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа прайшла прэзентацыя кнігі “Расліны-агрэсары. Інвазіўныя віды на тэрыторыі Беларусі”. Яе прадставілі навукоўцы з Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі. У кнізе пералічаны, апісаны асноўныя віды зялёных прышэльцаў, якія сустракаюцца на тэрыторыі краіны. У нарысах прыведзены навуковыя і народныя назвы відаў, звесткі пра іх біялогію, экалогію, паходжанне, канкрэтныя рэкамендацыі па абмежаванні колькасці, знішчэнню раслін-агрэсараў. Гэта першае даведачна-інфармацыйнае выданне, якое выйшла ў Беларусі, прадставіла ўсю інфармацыю аб інвазіўных відах раслін у абагульненым выглядзе. 

Кожны дачнік уздрыганецца, пагартаўшы кнігу. Да вядомага ўсім атрутнага монстра пад назвай баршчэўнік Сасноўскага прымыкаюць некалькі дзясяткаў не менш шкодных і небяспечных раслін. Многія з іх так ціха “ўвайшлі”, што ўспрымаюцца намі як сваё-роднае, бо й сёння балююць у якасці ўпрыгажэння на лецішчах. Скажам, клён ясенелістовы, залатарнік канадскі. На выгляд — сімпатычныя, іх можна сустрэць бадай ці не ў кожнай вёсцы. Але ж тыя чужынцы па ступені небяспекі параўнальныя з баршчэўнікам і каларадскім жуком! У Беларусі ў іх няма прыродных ворагаў з ліку раслін-канкурэнтаў. А рэчывы, што выпрацоўваюць “акупанты”, могуць душыць рост іншых раслін: дубоў, клёнаў, ясеняў. Дай ім волю — і не будзе дубраў, якімі ганарымся, якія даюць каштоўную драўніну. Да таго ж большасць прыхадняў вельмі жывучыя, таму перамагчы іх складана. Яны — як гідра: адну галаву адсякаеш, а дзве-тры вырастаюць. Ці вось, напрыклад, эхінацысціс лопасцевы, многім вядомы як  “шалёны агурок”. З дзяцінства памятаю, як мая мама пад лістотай ліяны на дачы прыхоўвала скошаную траву, апалае лісце. Я любіла тады абрываць калючыя “гурочкі” ды страляць імі ў суседскага хлопчыка. Тым уводзіла ў стан шаленства толькі яго, а сёння ліяна ўвяла ў лютасць усю Акадэмію навук. Гэта інвазіўная расліна, небяспечная і атрутная (бедны хлопчык…), можа ўблытаць ліянамі кусты, прыбярэжныя зараснікі, нават цэлыя рэчкі.

У свеце раслін усё — амаль як у людзей. Аднак агрэсіўныя чужынцы не павінны браць уладу над намі, хто жыве на роднай зямлі спрадвеку. Вонкава бяскрыўдныя, часам і прыгожыя, расліны-агрэсары здольныя за кароткі час пацясніць, выцесніць “карэнных жыхароў” з іх тэрыторый. Так што кніга і цікавая, і актуальная. Карысная для многіх. А перш чым вырошчваць экзоты, заўсёды варта падумаць. Інакш аднойчы замест рамонкавага поля перад намі раскінецца зараснік ячменю грывастага, па якім не пагуляеш. То будзьма пільнымі, выбіраючы сабе суседзяў па планеце.

Іна Ганчаровіч

Голас Радзімы № 17 (3569), пятніца, 11 мая, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter