Міжнародны дзіцячы конкурс песні “Еўрабачанне-2014” пройдзе на Мальце 15 лістапада

Цi заваюе Еўропу наш “Сокал”?

Незвычайны сувенір у выглядзе этнічнага галаўнога ўбору павязе на дзіцячае “Еўрабачанне” ў мальтыйскі горад Валета чатырнаццацігадовая мінчанка Надзея Місякова. У прэзентацыйны еўравізійны набор беларускай удзельніцы ўвойдуць буклеты з інфармацыяй і фота, а таксама дыскі з кліпам і аўдыёзапісам конкурснай кампазіцыі.


Да моманту, калі беларускі “Сокал” (менавіта так называецца песня Надзеі) загучыць на ўсю Еўропу, застаецца крыху больш за месяц —  міжнародны дзіцячы конкурс песні “Еўрабачанне-2014” пройдзе на Мальце 15 лістапада. Зараз Надзея разам са сваёй камандай адточвае вакальнае і харэаграфічнае майстэрства. Графік Місяковай распісаны па гадзінах: рэпетыцыі, кансультацыі ў фаніятараў, вывучэнне англійскай мовы, удзел у розных канцэртах. Нядаўна юная артыстка выступіла ў Нацыянальнай бібліятэцы для ўдзельнікаў III З’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі СНД, выйшла на сцэну Малой залы Палаца Рэспублікі з нагоды Дня настаўніка, прыняла ўдзел у дабрачынным канцэрце “Усе фарбы жыцця для цябе” ў Салігорску.


На Мальту Надзея Місякова адправіцца 8 лістапада разам з дэлегацыяй, у якую ўвойдуць творчая каманда юнай артысткі, прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі, харэограф, стыліст і ўрач-фаніятр.


pepel@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter