Про "цапстрыкі" и "груцу" расскажет викторина "Размаўляем па-беларуску"

Цi ёсць у вас цапстрыкi?

Няма? Вы ўпэўнены цi, можа, проста не ведаеце сэнс гэтага прыгожага і трошкі гуллівага слова? А што такое «цыдулка», «груца»? Магчыма, скажаце, чаму «дарэктар» — зусім не кіраўнік? А зможаце 8 Сакавіка падабраць для сваёй каханкі дзясятак кампліментаў на роднай мове? Калі не, уключайце ў нядзелю тэлеканал «Беларусь 3» і глядзіце гульнёвую віктарыну «Размаўляем па–беларуску». Яе аўтар і вядучая Алена Трацэнка пазнаёміць вас з усёй глыбінёй адной з самых прыгожых моў свету.


Папулярызаваць беларус­кую мову рэдактар тэле­радыёкампаніі «Гомель» Алена Трацэнка, філолаг па адукацыі, пачынала з маленькай пяціхвіліннай перадачы «Вучымся размаўляць па-беларуску». Паступова ад прыкладаў правільнага выкарыстання слоў дайшлі да тлумачэння фразеалагізмаў і экскур­саў у жыццёва-літаратурнае мі­нулае. Масштабная віктарына стала лагічным наступным крокам — такая форма здольная сабраць перад экранамі больш вялікую аўдыторыю. Творчая група абклалася слоўнікамі і класічнымі творамі, заручылася падтрымкай выкладчыкаў Гомельскага дзяржуніверсітэта, супрацоўнікаў Інстытута мова­знаўства НАН і стварыла шэраг самых разнастайных заданняў. Кожны выпуск дзве каманды па тры гульцы перакладаюць словы і сказы, выбіраюць правільнае значэнне рэдкаўжывальнага паняцця, тлумачаць сэнс устойлівых словазлучэнняў, працягваюць цытаты. З 2014 года ў гомельскай студыі пабывалі больш за 1.200 удзельнікаў. Алена Трацэнка паспела зразумець: дарослыя гуляюць часам больш азартна, чым дзеці.

— У нас не сорамна памыляцца і прапаноўваць свае версіі. Мы ствараем атмасферу, дзе цікава спрабаваць нават у першы раз гаварыць па-беларуску. Былі і вучні пачатковых класаў, і тыя, каму за шэсцьдзясят. Удзельнічалі прадстаўнікі заслужанага калектыву Беларусі ансамбля народнай музыкі «Бяседа» і цыганскага тэатра «Джыпсі Бэнд». Цікаўныя гледачы прыязджалі камандамі з усёй краіны. Ніколі не забуду мінскую каманду «Партызаны». Яны, прадпрымальнікі, аматары беларускай мовы, удзельнічалі разоў пяць. Былі футбалісты, валейбалісты, хакеісты, супра­цоўнікі ЦУМа і трактарнага завода, усіх не пералічыць!

Часам на пляцоўцы завязвалася сяброўства, якое працягвалася па-за эфірам. Вучні 10-й гомельскай гімназіі неяк зладзілі для супернікаў з г. Бярозаўкі Гродзенскай вобласці экскурсію па гораду — сябруюць і дагэтуль. А самае галоўнае — са здымачнай пляцоўкі кожны выходзіць з добрым настроем і пэўным багажом ведаў. «Груца» — гэта, аказваецца, ячменные крупы ці каша з іх. «Дзяркач» — стары венік без лісця.

Невычарпальная крыніца для заданняў — класічная беларуская літаратура. З лексікі Коласа Алена з задавальненнем узяла старое паняцце «дарэктар». Гульцы шукалі ўсемагчымыя варыянты для абазначэння пасады кіраўніка, а на самай справе так называлі дамашняга настаўніка. У «Новай зямлі» адшукалася і адно з самых яскравых слоў передачы — «цапстрыкі», якое нязменна выклікала сярод удзельнікаў жарты. Аказалася, што гэта і не гульня, і не малыя дзеці, а проста дробныя рэчы хатняга ўжытку. Часам удзельнікі прапануюць і свае варыянты на будучыя гульні.



— Акцёр Гомельскага драмтэатра Андрэй Шыдлоўскі прапанаваў цікавае слова «грымзолі». Азначае гэта каракулі. А вось дзякуючы старшыні абласнога саюза пісьменнікаў Уладзіміру Гаўрыловічу ў праграме з’явілася «цыдулка» — гэта запіска, нататка, якую пакідаюць на паперцы.

З перадачы бацькі могуць даведацца, як правільна расказваць дзецям пра гукі жывёльнага свету: па-беларуску курыца сакоча, камар звініць, бусел клякоча, сабака брэша, а свіння рохкае. Ёсць у Алены Трацэнка і парада для мужчын напярэдадні 8 Сакавіка:

— Калі не ведаеце, як зрабіць камплімент сваёй даме па-беларуску, мы падкажам. Дзяўчына можа быць пяшчотнай (ласкавай, поўнай замілавання), зграбнай (прапарцыянальна і прыгожа складзенай), натхняльнай (той, якая абуджае, уздымае захапленне), спакуслівай (прывабнай, той, што ўзбуджае пачуццёвую цягу), чуллівай (здольнай тонка адчуваць). Гаварыце каханай прыгожыя словы і размаўляйце па-беларуску самі і разам з намі!


Фота прадастаўлена Аленай Трацэнка.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter