Почему не надо спешить с переводом исключительно мужских профессий в универсальные

Цi варта іграць мускуламi?

Жанчынай у форме міліцыянера ці ратавальнiка МНС сёння ўжо цяжка кагосьці здзівіць. Прыгожы пол усё актыўней асвойвае «брутальныя» прафесіі. Але, нягледзячы на настойлівыя намаганні некаторых грамадскіх аб’яднанняў, у краiне застаюцца прафесіі і спецыяльнасці, на якія закана­даўства забараняе прымаць кандыдатаў жаночага полу. Што гэта за віды працы, чаму іх нельга рабіць даступнымі для ўсіх і ці праўда, што на прасторы СНД хутка з’явіцца агульны для постсавецкіх краін спіс цалкам забароненых для жанчын прафесій, карэспандэнту «Р» расказаў начальнік упраўлення аховы і дзяржэкспертызы працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Іван Карчэўскі.

nat-geo.ru

Кропля ў моры

У афіцыйным дакуменце — Спісе цяжкіх работ і работ са шкоднымі і небяспечнымі ўмовамі працы, на якіх забараняецца прыцягненне да працы жанчын, — 182 пазіцыі. На першы погляд шмат. Але калі ўлічыць, што ўсяго ў краіне каля 8 тысяч прафесій і спецыяльнасцей, па якіх можна працаўладкавацца, то гэтыя дзве сотыя часткi выглядаюць кропляй у моры. Да таго ж спіс забароненых для жанчын прафесій пастаянна абнаўляецца. Пасля апошняга перагляду ён, да прыкладу, паменшыўся ажно на некалькі дзясяткаў пунктаў. 

Іван Карчэўскі.
— Адна з асноўных прычын — аўтаматызацыя працэсу вы­творчасці, якая дазваляе давесці паказчыкі шкодных фактараў — шуму, вібрацыі, пад’ёму і перасоўвання цяжару — да дапушчальных узроўняў, — тлумачыць Іван Карчэўскі. — Паколькі не на ўсіх прадпрыемствах аднаго профілю аднолькавы ўзровень мадэрнізацыі, то ў заканадаўстве з’явілася норма, якая дазваляе прымаць на працу жанчын на канкрэтнае рабочае месца па выніках атэстацыі. 

Напрыклад, прадстаўніц прыгожага полу можна прымаць на працу на пасаду трактарыста-машыніста і вадзіцеля-міжнародніка, ці, па-простаму, дальнабойшчыка. Але толькі пры ўмове, што кандыдатцы давядзецца руліць сучаснай тэхнікай з аўтаматызаваным кіраваннем, дзе паказчыкі вібрацыі, шуму, мікраклімату салона будуць на ўзроўні дапушчальных, а сітуацыі самастойнай замены шыны павінны быць выключаны. Па існуючых нормах жанчыне дапушчальна аднаразова падымаць груз не больш за 10 кілаграмаў, а пастаянна — не больш за сем. 

Мужчыны там, дзе больш за ўсё рызыкі і небяспекі.
reference.com

Дакладна не!

Бескампрамісна мужчынскімі застаюцца спецыяльнасці кiроўцы цягнікоў, забойшчыка жывёлы, вадалаза, шахцёра. Епархія моцнай паловы — выраб кіслотных і шчолачных акумулятараў, спірту і алею, удзел у тушэнні пажараў і ліквідацыі аварый. Мулярам, цесляром і кацельшчыкам жанчынам таксама быць не дазволяць. 

Наконт некаторых заняткаў у горназдабываючай прамысло­васці ў заканадаўстве прадугледжаны паслабленні. Прадстаўніцы слабага полу могуць там быць маркшэйдарамі — спецыялістамі, якія займаюцца геадэзічнымі работамі ў горназдабываючай прамысловасці, а таксама ствалавымі, прасцей кажучы, пад­зем­нымі ліфцёрамі, якія спускаюць шахцёраў у шахту. А вось працаваць непасрэдна ў забоі дакладна ім не дазволяць. 

Мае значэнне і напружанасць працоўнага працэсу. Так, кавалямі на прадпрыемствах дазваляецца быць выключна мужчынам, а вось калі ты рамеснік і займаешся кавальскай мастацкай справай, металічнымі вырабамі — гэта дазваляецца і жанчыне. І тыя і іншыя працуюць з дапамогай молата. Аднак у заводскім цэху ён не толькі большы, але і вырабы значна цяжэйшыя. Рамеснік жа можа дазволіць сабе рэгуляваць свой час і дазіраваць нагрузку. 

Зараз зацікаўленыя ведамствы абмяркоўваюць пытанне дазволу прадстаўніцам жаночага полу працаваць на лесанарыхтоўках. Пакуль вальшчыкі лесу на Беларусі выключна мужчыны, аднак у шэрагу арганізацый з’явіліся аўтаматызаваныя сістэмы, якія дазваляюць выконваць задачы, седзячы ў кабіне камфортнай машыны. Зараз гігіеністы вымяраюць гранічна дапушчальныя ўзроўні шкодных фактараў на такіх рабочых месцах, а Міністэрства працы і сацабароны аналізуе, колькі такіх мадэрнізаваных рабочых месцаў. 

За апошнія некалькі год колькасць «брутальных» прафесій зменшылася на 70 пунктаў.
uralmash.ru

Агульны спіс для СНД

Спіс цяжкіх работ, на якіх забаронена прыцягненне да працы жанчын, існуе не толькі ў нашай краіне. Аналагічны пералік ёсць у Расіі, ён налічвае больш за 400 пунктаў абмежавання. 

Існаванне такога спіса — практыка, якая з’явілася ў часы СССР, і пасля яго распаду большасць былых рэспублік захавала яе. Першы пералік «чыста мужчынскіх» работ з’явіўся ў 1932 годзе, калі кіраўніцтва краіны падняло пытанне пра ахову здароўя жанчын. Праца ў цяжкіх і небяспечных умовах пагаршала іх здароўе і кепска адлюстроўвалася на нараджальнасці ў маштабах краіны. Спіс дзейнічаў толькі дэ-юрэ пасля Вялікай Айчыннай вайны, калі большая частка мужчын загінула, а трэба было падымаць гаспадарку. 

— Зараз, калі мужчын хапае, жанчыне на рынку працы дастаткова варыянтаў для прафесій­най рэалізацыі, — лічыць Іван Карчэўскі. 

Да 2020 года на прасторы СНД запланавана стварыць агульны ўніфікаваны пералік прафесій, забароненых для жанчын. Дарэчы, у Расіі, дзе зараз пераглядаецца спіс, гучаць прапановы аб увядзенні нормы па ўзроставым абмежаванні дзеяння дакумента. Ёсць верагоднасць, што палажэнні спіса будуць распаўсюджвацца толькі на працаздольных жанчын да 50 гадоў. 

КАМПЕТЭНТНА

Жанна ІВАНОВА, галоўны пазаштатны прафпатолаг Міністэрства аховы здароўя:

— Арганізм жанчыны больш уразлівы да шкодных прафесійных фактараў, перш за ўсё хімічных рэчываў, іанізуючага выпра­меньвання, да пад’ёму і пера­соўвання цяжару ўручную і г.д. У ранні перыяд цяжарнасці, калі будучая маці яшчэ не ведае пра свой стан, але ідзе закладка асноўных функцый плода, уздзеянне прафесійных шкоднасцей можа прывесці да мутацый генаў, парушэння развіцця эмбрыёна, збояў у працяканні цяжарнасці і іншых цяжкіх наступстваў. Акрамя гэтага, у дзетародным перыядзе жанчына схільная назапашваць многія шкодныя рэчывы, якія потым могуць адбіцца на будучых дзецях. І трэцяе, жанчына ад нараджэння атрымлівае пэўны запас палавых клетак, які з цягам часу скарачаецца. Атрымаўшы ўдар па рэпрадуктыўнай сістэме ў выглядзе шкодных фактараў, аднавіць запас гэтых клетак ужо немагчыма. А ў мужчын палавыя клеткі аднаўляюцца на працягу жыцця. Таму негатыўнае ўздеянне шкодных прафесійных фактараў на рэпрадуктыўную сістэму жанчын нясе больш рызыкі, чым на мужчынскую. 

Тое, што ў нашай краіне захаваны спіс забароненых для жанчын работ і спецыяльнасцей, на мой погляд, вялікае дасягненне краіны, клопат дзяржавы аб здароўі жанчын і будучых дзяцей. Сёння, калі дэмаграфічныя праблемы ўголас заяўляюць пра сябе, актуальнасць тэмы толькі павялічваецца. 

На жаль, практыка як нашых, так і замежных краін паказвае, што зрабіць вытворчасць поўнасцю бяспечнай для здароўя — утопія. Адны фактары ўдаецца ліквідаваць, а ім на змену прыходзяць іншыя. Калі мужчыны працуюць там, дзе найбольшая небяспека і рызыка для жыцця і здароўя, засцерагаючы такім чынам жанчыну і яе будучых дзяцей, гэта прыкмета здаровай ідэалогіі дзяржавы.

kozlovskaja@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter