Ці трэба чытаць Біблію

На кніжных паліцах у нашых дамах часта стаіць кніга, выда­дзеная найбольшай колькасцю экзэмпляраў у свеце, — Біблія. Але ж многія хрысціяне рэдка зазіраюць у Святое Пісанне. Ці здольная гэта кніга стаць для нас цікавай і ўплываць на наша жыццё?

Можа, мы рэдка чытаем Біблію, бо не спрабавалі чытаць яе ўдумліва і сур’ёзна, улічваючы кантэкст яе ўзнікнення? Варта задацца пытаннем, што перашкаджае нам адкрываць для сябе і засвойваць Святое Пісанне: магчыма, меркаванне, што старажытныя аповеды нас не датычацца, што мова Бібліі складаная і незразумелая, або наша лянота ці проста нявер’е ў прысутнасць Бога ў словах Пісання?

Біблія ўзнікала напрацягу многіх стагоддзяў, на розных мовах яна запісвалася людзьмі, якія жылі ў разнастайных гістарычных абставінах, па-рознаму думалі і выражалі свае думкі, выкарыстоўвалі розныя літаратурныя жанры. Менавіта таму камусьці яна можа здавацца кнігай, у якой адсутнічае паслядоўнасць.

У Святым Пісанні Бог гаворыць праз людзей і па-чалавечы. Бог звяртаецца да чалавека разнастайнымі спосабамі — праз прыгажосць свету, праз знакі апекі над людзьмі, праз любоў іншых людзей да нас... Але словы, перададзеныя нам у Святым Пісанні, з’яўляюцца асаблівым спосабам камунікацыі Бога з намі.

Біблія дае нам адказ на пытанне, што значыць быць веруючым чалавекам. Калі мы адчуем глыбока ўнутры саміх сябе голад Божай праўды і няздольнасць выратаваць сябе ад нашай разгубленасці на жыццёвым шляху, тады мы можам адкрыцца на Божае Слова ў Бібліі.

Святое Пісанне натхняла многіх знакамітых пісьменнікаў сучаснасці, і гэта праяўляецца ў іх творчасці. Біблейскія сімвалы можна заўва­жыць у творах Джона Руэла Толкіена, аўтара знакамітага «Уладара пярсцёнкаў», пісьменніка, які жыў глыбокай верай, а адзін з яго сыноў стаў каталіцкім святаром. У лісце да свайго сябра, ксяндза Роберта Мюрэя, які яго выхоўваў, калі Толкіен застаўся сіратой, пісьменнік запісаў, што «Уладар пярсцёнкаў» з’яўляецца рэлігійным творам. Аўтар стварыў гісторыю пра канфлікт дабра і зла, пра бескарыслівую ахвяру, пра адвечнае пытанне пра час і вечнасць, а асабліва пра жыццё і смерць. Галоўныя героі знакамітага твора — Фрода, Гендальф і Арагорн — прадстаўляюць тры функцыі: прарока, святара і караля, а вызваленне іх прыдуманага свету адбываецца праз ахвяру аднаго з іх. Метафарычна яны ўвасабляюць Хрыста, найбольшага святара, караля і прарока, які ахвяраваў сваё жыццё за чалавецтва.

Ведаць Пісанне — значыць не проста спасцігаць яго змест розу­мам, але дазволіць слову Божаму трапіць у глыбіні нашай асобы, стаць асновай нашага светапогляду і ўсіх жыццёвых рашэнняў.

Ксёндз Кірыл Бардонаў.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter