Чаму беларусы змяняюць прозвішчы і па якіх прычынах у гэтым могуць адмовіць

Ці можа Налівайкін стаць Выпівайкіным?

Люцыфер, Прынцэса Даніэла, Архіп-Урал, Хрыстамрырадас, БАЧ рВФ 260602… Не паверыце, але гэта самыя незвычайныя імёны, зарэгістраваныя ў Расіі за апошнія гады. Сёння ў Дзярждуме суседняй краiны абмяркоўваецца законапраект, які не дазволіць называць дзяцей як заўгодна. Некалькі гадоў таму польскі паштальён захацеў стаць Джэймсам Бондам. Чыноўнікі адмовілі яму, таму што палічылі: імя можа быць скарыстана ў злачынных мэтах. А як справа выглядае ў нас? Карэспандэнт «Р» даведалася, чаму беларусы змяняюць прозвішчы і па якіх прычынах у гэтым могуць адмовіць у нашых загсах.

Як Казлоў стаў Васютовічам


Атрымалася так, што бацькі Ірыны Васютовіч развяліся. Але жанчына захавала добрыя адносіны з татам. Ён вельмі шкадаваў: калі дачка выйдзе замуж, яна зменіць прозвішча, і не будзе працягвацца род Васютовічаў.

Ірына ВАСЮТОВІЧ змяніла прозвішча сына на сваё дзявочае пасля пазбаўлення таты хлопца бацькоўскіх правоў.

— Напэўна, яго думкі перадаліся і мне. Калі брала шлюб, прыняла рашэнне не змяняць дзявочае прозвішча, — з сур’ёзнасцю ў голасе гаворыць Ірына. — Праз некаторы час мой шлюб распаўся. Дзіця засталося пры мне, а былы муж наогул не прымаў ніякага ўдзелу ў выхаванні і матэрыяльным забеспячэнні сына.

У інтарэсах дзіцяці Ірына звярнулася да самай жорсткай меры — пазбаўлення бацькоўскіх правоў. Вядома, суд падтрымаў жанчыну. Тады Ірына з сынам вырашылі ўсё пачаць з чыстага аркуша.

— Тады сыну было 10 гадоў. Ён насіў прозвішча бацькі: Казлоў. Пачынаць новае жыццё з адбіткам мінулага неяк несур’ёзна, — упэўнена Ірына. — Пасля пазбаўлення бацькоўскіх правоў згода таты на гэтую працэдуру не спатрэбілася. Без празмернай цяганіны дзесьці за месяц мы змянілі прозвішча сына на маё дзявочае.

Узяла «графскае» прозвішча…


— Калі бацькі мяне толькі запланавалі, яны адразу вырашылі: з’явіцца хлопец — дадзiм прозвішча дзядулі — Графаў. Проста ў дзеда было тры дачкі. Усе замуж павыходзілі і ўзялі прозвішчы мужоў, акрамя маёй матулі. Яна стала Графавай-Гарэльчык, — з захапленнем тлумачыць Аляксандра Графава. — Калі мае бацькі даведаліся, што будзе дзяўчынка, яны вырашылі пакінуць бацькава прозвішча.

Аляксандра стала Графавай у гонар дзядулі.

Пра змену прозвішча на маміна дзявочае Аляксандра задумалася два гады таму. Упаўнаважаныя органы разглядалі просьбу каля месяца. На вялікую радасць дзяўчыны, зварот адобрылі. З моманту ад першапачатковай падачы заявы да атрымання новага пашпарта прайшло каля двух з паловай месяцаў. На аплату ўсіх дакументаў і паслуг Графава аддала на той момант каля 50 рублёў.

— Калі атрымала новае пасведчанне аб нараджэнні, там я ўжо была Графавай. Быццам усё жыццё пражыла з гэтым прозвішчам, — з усмешкай прыгадвае Аляксандра. — Працую на «хуткай дапамозе». Калегі гавораць, што вельмі прыгожае прозвішча і яго нельга змяняць нават у шлюбе. Мне падаецца, яны нават крыху зайздросцяць: калі выклікаюць брыгаду, да нас звяртаюцца па прозвішчы.

Мяняю Сапліца на Бекіш


— У мяне гісторыя закруцілася гады тры таму, — пачынае шчыры аповед Кацярына Бекіш. — Тады мая лепшая сяброўка змяніла імя. Яна нервавалася, калі да яе звярталіся Аксана. Яна ўсе дакументы афіцыйна перааформіла на Ксенію.

У самой Кацярыны былі сур’ёзныя падставы для змены прозвішча — надта бянтэжыла прозвішча Сапліца. Па-першае, яе маці ўжо даўно ў разводзе з першым мужам, бацькам Каці. Тату дзяўчына амаль не памятае, ён ніколі i не імкнуўся аднавіць стасункі з дачкой. Па-другое, адыграла сваю ролю тое, што з прозвішча смяяліся ў школе, дзяўчынку дражнілі, абзывалі, ды і ў дарослым жыцці амаль не хавалі ўсмешак.

З-за прозвішча Кацярыну дражнілі ў школе, ды і ў дарослым жыцці амаль не хавалі ўсмешак.

— Я вырашыла ўзяць прозвішча бабулі. Яно мне заўсёды падабалася, — прызнаецца Кацярына. — Тады ў загсе, акрамя асноўнага пакета дакументаў, запатрабавалі пасведчанне аб смерці бабулі. Мне сказалі, што лепш браць адвольнае прозвішча, тады ніякіх даведак не трэба. Чакала каля двух месяцаў. Калі знаёмыя даведаліся, што я змяніла прозвішча, першая думка ў іх: выйшла замуж. Шмат цікаўнасці адразу было.

Застаецца толькі меркаваць, якой шчаслівай была Кацярына, калі ўбачыла ў пасведчанні замест прозвішча Сапліца Бекіш. Потым, канешне, прыйшлося пабегаць па розных інстанцыях, каб перааформіць дакументы на рабоце, на кватэру. Але гэта ўжо справа тэхнікі.

Дык што ж рабіць, калі Аляксандр усё ж такі жадае быць Неўскім? Адказ відавочны: афіцыйна пацвердзіць, што яго родзічы насілі знакамітае прозвішча. На самай справе некаторыя пачынаюць шукаць, складаюць радаводныя дрэвы. У такіх выпадках ужо ніхто не мае права адмаўляць. Усё-такі ад самага пачатку важна, каб жаданне было незавоблачным. Тады, глядзім, і справа пойдзе на лад.


veronika.ulasevich@mail.ru

Фота з архіва герояў

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter