Цi гатовыя мы да таго, што дыктуе час?

Трапiў на вочы артыкул Пятра Краўчанкi ў нумары газеты за 13 верасня 2017 года.

Вядомы ў краiне грамадскi дзеяч, мiнiстр замежных спраў у 1990 — 1994 гг., Пётр Кузьмiч вядзе размову пра намаганнi па ўслаўленнi iмя Францiшка Скарыны за мяжой i, спасылаючыся на замежны вопыт, ставiць пытанне пра неабходнасць стварэння ў Беларусi нацыянальнага Пантэона. Не прапануючы канкрэтны вобраз гэтага «аб’екта», што цалкам слушна, аўтар падводзiць да думкi, што ўсё ж наспеў час мець у сталiцы будынiну, у якой былi б змешчаны, дзе сiмвалiчна, а дзе i яўна, парэшткi вядомых i дарагiх для нацыi беларусаў. У шмат якiх краiнах Еўропы гэта пытанне вырашана, прычым даўно. Пантэон у Рыме пабудаваны ў 126 годзе н.э., у французаў ён паўстаў у канцы ХVIII стагоддзя, грузiны адкрылi свой пантэон у 1929 годзе. На вялiкi жаль, аўтар не раскрыў магчымасцей для ажыццяўлення сваёй iдэi ва ўмовах сённяшняй Беларусi. Пакiдаючы за межамi матэрыяльны бок пытання, звярну ўвагу на тое, што скласцi нават пералiк асоб, вартых такога ўшанавання, сёння праблематычна. Няма для гэтага належнага механiзму адбору. Зразумела, што гэта павiнна рабiць не дзяржава, а народ. Але якiм чынам, цераз плебiсцыт? I дзе гарантыя, што iмёны Пантэона будуць аб’ядноўваць, а не разлучаць нас сённяшнiх? Нават калi ўвесцi цэнз па часе i заносiць на скрыжалi iмёны, якiя адышлi ў нябыт найменей стагоддзе таму, то пры нашай пакуль гiстарычнай маладасведчанасцi мы не здолеем вызначыць, хто варты такой пашаны. Зразумела, што меркаванне гiсторыкаў тут другаснае, бо вызначаць належыць народу на падставе ўласнай дасведчанасцi. Калi ўзяць эпоху ад 1917 года i да нашага часу, то тут будзе вельмi горача.

Таму, перш чым заяўляць пра стварэнне Пантэона, належыць весцi гутарку пра гiстарычную адукаванасць насельнiцтва краiны. Дзяржава ў нас гэтым займаецца, але зусiм вiдавочна, што адных яе намаганняў недастаткова. У iншых краiнах для вырашэння гэтага важнага пытання iснуюць грамадскiя арганiзацыi кшталту iнстытутаў нацыянальнай памяцi. Калi б такi iнстытут iснаваў на Беларусi, гэта б быў сапраўдны перадпантэон, якi б фармiраваў грамадскую думку ўнутры краiны i за мяжой адносна старажытнасцi беларускага этнасу, яго мовы i культуры. Заўважу, што iнстытут нацыянальнай памяцi, на маю думку, павiнен быць не палiтызаваным, гэта значыць, што палiтычныя дзеячы ўдзелу ў яго працы браць не павiнны. Парадак стварэння такога iнстытута належыць абмеркаваць публiчна.

Таму, цалкам падзяляючы клопат Пятра Кузьмiча пра аб’яднанне беларусаў на шляху стварэння моцнай нацыi, падтрымлiваю iдэю стварэння Пантэона, але мяркую, што i ён пагодзiцца: каб не палiтызаваць пытанне нашай гiсторыi, асаблiва ў сучасных зносiнах з суседзямi, належыць вырашаць яго з дапамогай грамадскай сiлы. Абапiраючыся на выпрацаваныя iнстытутам нацыянальнай памяцi рэкамендацыi, можна будзе рухацца i да стварэння Пантэона.

Вiктар ХУРСIК.

Мiнск.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter