Две семейные фермы в Докшицком районе показывают примеры экономности и порядка

Цесным кругам

ЯШЧЭ ў васьмідзясятыя гады мінулага стагоддзя на Віцебшчыне ў некаторых гаспадарках невялікія малочна-таварныя фермы на 100—200 кароў часта аддавалі пад апеку якой-небудзь адной сям’і. Практыка апраўдвала сябе. Аўтару гэтых радкоў неаднойчы давялося пісаць пра фенаменальныя рэкорды на такіх аб’ектах у Браслаўскім, Шаркаўшчынскім і іншых раёнах. Пасля па нейкіх прычынах ініцыятыва паціху заглохла. Аднак, аказваецца, не зусім. Добрая традыцыя, напрыклад, адноўлена ў філіяле “Бягомльскі” ААТ “Віцебскдрэў”.


У ФІЛІЯЛЕ дзве малочна-таварныя фермы. Будынкі трыццацігадовай даўнасці, няма даільных залаў. Тым не менш з года ў год павялічваюцца надоі малака, і ідзе яно толькі сортам “экстра”. А сакрэт у тым, што гэтыя фермы — сямейныя. На першай працуе сям’я Гурло, на другой — Шпетаў.

МТФ “Маргавіца”  знаходзіцца непадалёку ад Бягомля, каля павароту на Лепель. З шашы нават бачны воданапорная вежа і самі будынкі аб’екта, які якраз і аблюбавала сям’я Гурло. Сюды я і накіраваўся.

 Нягледзячы на мароз, у памяшканнях было цёпла. Каровы з ахвотай “падмяталі”, відаць, дужа апетытны сянаж. Аператары прыступалі да абедзеннай дойкі.

Загадчык фермы Юрый Гурло, даволі яшчэ малады  хлопец, пераканаўшыся, што ўсё ідзе ладам, запрасіў ў пакой адпачынку жывёлаводаў і пагадзіўся расказаць пра свой сямейны падрад.

На ферме 159 кароў. Падзелены на тры групы. Адну абслугоўвае родная сястра Юрыя — Ганна Батура, другую — цёшча Святлана Шыванава, і толькі на трэцяй чалавек не з сям’і — Лілія Радзюк. Але яе таксама лічаць тут за родную, бо яна не толькі суседка па доме ў вёсцы  Маргавіца, але ні ў чым яшчэ і ніколі не падвяла “сямейны  экіпаж”. І нарэшце, даглядае кароў, корміць іх Юлія Гурло, жонка Юрыя.

Ферма прыбаўляе з года ў год. Ганна Батура, напрыклад, на раздоі першацёлак атрымала па 6180 кілаграмаў. А ў гэтыя зімовыя  дні “плюсуюць” на карову ажно на кілаграм: дояць па 12 кілаграмаў.

Уражвае ж тое, што ўсё малако прадаецца толькі сортам “экстра”. Загадчык так тлумачыць гэты факт:

— Мы ідзём сюды, каб зарабіць! Да кожнай каровы ў аператараў свой падыход. 

Юрый паказвае на вялікі круг цыклографа на паўсцяны, размаляванага ў розныя колеры і ўтыканага маленькімі сцяжкамі:

— Тут сочым за станам статка: якая карова ў гэтыя дні павінна расцяліцца, якую трэба асемяніць, якую адправіць запусціць і гэтак далей. Асобна, у чырвоны кружок у цэнтры, занесена інфармацыя аб праблемнай жывёле. Карову, якая хоць крышачку прыхварэла, неадкладна пераводзяць у асобнае памяшканне, і малако ад яе не трапляе ў агульную ёмістасць. 

Вызначаецца калектыў сямейнай фермы і выключнай дысцыплінай. І разбіраюць парушальнікаў у цесным сямейным крузе. Праўда, калі ў каго запарка, то і загадчык прыходзіць на дапамогу: ці то кармы раздаць, ці то нават і кароў падаіць.

І тут нічога няма дзіўнага, бо пачынаў Юрый працоўны шлях якраз з дояра. Адразу пасля школы ён дзесяць гадоў працаваў аператарам машыннага даення на гэтай самай ферме. Потым завочна закончыў Смілавіцкі аграрна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці “заатэхнія”, стаў загадчыкам фермы і прыкіпеў, па яго словах, да справы.

Сам жа ён і сфарміраваў сямейны калектыў. Зразумела, правай рукой тут была  сястра Ганна, з якой пачынаў калісьці працу на ферме. Не было праблем з цёшчай — Святланай Шыванавай. Трохі цяжэй выйшла з жонкай Юліяй, бо яна па прафесіі повар. Аднак угаварыў: і не толькі на ферму, але і на далейшую вучобу. Зараз Юлія завочна вучыцца на агранома.

Складаней было знайсці яшчэ аднаго чалавека. І тут Юрый праявіў сябе  як сапраўдны псіхолаг і кіраўнік. Ён узяў не падрыхтаванага спецыяліста, а добра знаёмую суседку Лілію Радзюк.

На сямейнай ферме  “Маргавіца” да ўсяго адносяцца, як дома. Імкнуцца эканоміць, дзе можна. Асабліва гэта бачна на электраэнергіі. Ваду, якую, каб памыць малакаправод, іншае абсталяванне, награвалі раней электрапрыборамі, цяпер — дровамі ў спецыяльнай печы. Толькі за адзін месяц эканомія электрычнасці 300 кВт.

 Дасягненні сямейнай фермы не раз адзначаліся кіраўніцтвам раёна. Год таму яе калектыў заняў другое месца ў раённым спаборніцтве, а аператар Ганна Батура занесена на раённую дошку Гонару.

ПРА ферму “Бабцы” гэтай жа гаспадаркі і яе кіраўніка Казіміра Шпета наша газета ўжо расказвала. Чалавек гэты сапраўды незвычайны: вырасціў сямёра дзяцей. І амаль усе яны  звязалі свой лёс з сельскай гаспадаркай — заатэхнікі, аграномы, жывёлаводы. 

Ферма ў Казіміра Францавіча ўсяго 100 кароў. І аператарскі склад чыста сямейны — жонка Алена, дачка Вольга, зяць Віктар.

Абставіны ў апошні час ускладніліся тым, што Вольга пайшла ў дэкрэтны адпачынак, і яе працу выконваюць астатнія члены сям’і. А больш за ўсё — Віктар. Ім, дарэчы, загадчык фермы не можа нахваліцца:

— Ён у мяне і дояр, і даглядчык, і слесар, і майстар па даільнай устаноўцы.

Віктар разам з цесцем сканструяваў і вырабіў такую ўстаноўку для дойкі кароў у палявых умовах, каб малако цякло не ў бідоны, а  прама ў агульную закрытую ёмістасць.

— Пашкадаваў цёшчу, надта ж вёдры цяжкія, — сціпла прызнаваўся потым Віктар.

Як бы там ні было, аднак малако як летам, так і зімой ідзе толькі сортам “экстра”. На асаблівым кантролі ў сямейства Шпетаў расход кармоў і электраэнергіі. На ферме лічаць кожную кармавую адзінку. Калі малако трохі ўпала, прынцыповая  размова аб прычынах будзе працягнута дома за сталом. І на другі ці трэці дзень яны абавязкова будуць ліквідаваны.

Выкінуў Казімір Францавіч і ўсе абагравальныя электрычныя прыборы. Замест іх — толькі печкі на дровах. І электрычная лямпачка не пагарыць лішнюю хвіліну.

— Спачатку хадзіў яшчэ, кантраляваў, — успамінае загадчык. — А цяпер у кожнага рука сама цягнецца да выключальніка.

За месяц тут сэканомілі амаль 300 кВт электраэнергіі. Больш дояць, чым летась, і малака.

На двары перад фермай у Казіміра Шпета не проста парадак, а цэлы музей вясковай даўніны, сялянскага побыту.

— У мяне гэта ў крыві, — прызнаецца ён. —  Раблю так, каб усім было прыемна.

НА ЗДЫМКУ (cправа налева): калектыў фермы  “Маргавіца” — загадчык Юрый  ГУРЛО,  аператары машыннага даення Святлана ШЫВАНАВА, Ганна БАТУРА, Лілія РАДЗЮК. 

saulich@bk.ru

Фота аўтара

Докшыцкі раён

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter