Вандроўкі з Уладзімірам Субатам. У былым райцэнтры Церахоўка Гомельскага раёна зараз аграгарадок

Церахоўка: гарпасёлак, якi стаў аграгарадком

Паміж прытокам паўнаводнага Сожа, рачулкай Вуць і чыгункай з Гомеля на поўдзень выцягнуўся гарпасёлак Церахоўка. Са старажытных часоў акружаюць сядзібы курганы радзімічаў. 

У пісьмовых крыніцах Вялікага Княства Літоўскага паселішча ўпершыню ўзгадваецца на пачатку ХVІІІ стагоддзя як уладанне магнатаў Чартарыйскіх. 

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Церахоўка адышла да Расійскай імперыі. У 1776 годзе ў складзе Гомельскага маёнтка імператар падараваў мястэчка генерал-фельдмаршалу Пятру Румянцаву-Задунайскаму, які пабудаваў тут драўляную царкву. З 1834 года ўладанне маёнткам перайшло генерал-фельдмаршалу Івану Паскевічу. На той час тут дзейнічалі царкоўна-прыходская школа, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, чатыры ветраныя млыны, крупадрабілка, паштовае аддзяленне, вінныя лаўкі, некалькі тракціраў. 

Пракладка Лібава-Роменскай чыгункі змяніла лад жыцця тутэйшых. Многія з іх сталі чыгуначнікамі. 

З 1927 па 1962 год Церахоўка — раённы цэнтр. У 1928-м сяляне аб’ядналіся ў калгас. У 1938 годзе вёска атрымала статус гарпасёлка. 

Ваенныя падзеі мінулага стагоддзя закранулі гэты ціхі куток Гомельшчыны. На пачатку восені 1941-га нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі 320 церахоўскіх сядзіб. З акупантамі мужна змагаліся народныя мсціўцы. Трыма мемарыяльнымі помнікамі ў пасёлку ўвекавечаны ахвяры Вялікай Айчыннай вайны.

Церахоўка — радзіма народнага артыста СССР Леаніда Рахленкі, які больш за паўвека творчай дзейнасці ў тэатры імя Янкі Купалы стварыў мноства ролей, якія сталі прызнанай класікай сцэны. У 2011 годзе да гарпасёлка, які атрымаў статус аграгарадка, далучана аднайменная вёска. Дзейнічаюць СУП «Церахоўка-Агра», прыватнае прадпрыемства аграхіміі, дарожна-эксплуатацыйны ўчастак, лясніцтва, філіял Добрушскай раённай бальніцы, чыгуначная станцыя, установы адукацыі і культуры.


У добрушскую Церахоўку, якая за паўсотню кіламетраў ад Гомеля, дабірацца даволі зручна. Сюды некалькі разоў на дзень з абласнога і раённага цэнтраў курсіруюць аўтобусы. На чыгуначнай станцыі, што побач з гарпасёлкам, спыняюцца ўсе пасажырскія цягнікі. Праз гадзіну падарожжа ад гомельскага аўтавакзала мікрааўтобус прымчаў у залітую сонечнымі промнямі Церахоўку. 

Цэнтральная частка былога райцэнтра забудавана шматпавярховымі жылымі дамамі. На высокіх бярозах  неўгамонныя гракі спешна ладзяць гнёзды. Са школьнага падворка даносяцца звонкія дзіцячыя галасы. З венікамі, граблямі, рыдлёўкамі юныя церахоўцы з педагогамі наводзяць парадак на кветніках, газонах, каля абеліска, устаноўленага насупраць школы. Па галоўнай вуліцы раз-пораз імчаць легкавікі.

Шасцікласнікі Дар’я ШЭЛЕГАВА, Паўліна ВАРОНІНА, Сяргей РУДЗЯНКОЎ і Арцём РЫДКІН наводзяць парадак у скверы. 

Каля бетоннай агароджы бальнічнага двара немаладых гадоў мужчына ўвіхаўся ля коннай павозкі. Павіталіся. Дзмітрый Воранаў з суседняй вёскі Васільеўка прывёз у паліклініку жонку. Жанчына аступілася і зламала нагу. Працуе сямейная пара жывёлаводамі на малочна-таварнай ферме СУП «Церахоўка-Агра». Мае сваю гаспадарку. З жарабяці выгадавалі кабылку Раду. Раней у хляве была і карова. Дочкі Ірына і Таццяна выйшлі замуж і раз’ехаліся. Падрастаюць тры ўнучкі. Гэтай вясной чакаюць нараджэння чацвёртай. 

Многія жыхары сельсавета кароў замянілі на коз. Старшыня сельвыканкама Аляксандр Кузняцоў, з якім адправіліся вандраваць па аграгарадку, пераехаў сюды з сям’ёй з выселенай з-за радыяцыйнай забруджанасці добрушскай вёскі Бярозкі. Амаль дзве сотні перасяленцаў прыняла Церахоўка. Людзей працаўладкавалі. Да старшынёўства ў сельвыканкаме Аляксандр Мікалаевіч працаваў аграномам у добрушскім калгасе «Рассвет». Дванаццаты год кіруе мясцовай уладай. Кожную сям’ю на тэрыторыі сельсавета ведае. Рэгулярна сустракаецца з вяскоўцамі, цікавіцца іх клопатамі. Пастаянную сувязь з сельвыканкамам трымаюць старасты населеных пунктаў. Яны арганізуюць суботнікі па ўборцы грамадскіх тэрыторый, садзейнічаюць састарэлым жыхарам засяваць агароды.

Дырэктар сярэдняй школы № 1 Наталля АТРАЧОВА з вучнямі.

У СУП «Церахоўка-Агра» конефермы няма. Вясной коні надта патрэбны для апрацоўкі агародаў, сотак. Многія гаспадары трымаюць іх на сваіх падворках. У Лідзіі Уласенка з Высокага Хутара пара вараных. У гэтыя дні працы конікам стае.

НА новым малочна-таварным комплексе, куды завіталі з дырэктарам СУП «Церахоўка-Агра» Русланам Сакаловым, фураж каровам падвозяць на трактарах. У прасторных светлых памяшканнях комплексу 900 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 600 — дойны статак. Летась сярэдні надой ад кожнай каровы дасягнуў амаль 6000 кілаграмаў малака. На фермах сельгаспрадпрыемства звыш 4500 галоў буйной рагатай жывёлы. Удосталь назапашана кармоў. 

Дырэктар СУП «Церахоўка-Агра» Руслан САКАЛОЎ і жывёлавод Генадзь ХУЗЕЕЎ.

У адным з памяшканняў жывёлагадоўчага комплексу засталі за працай Генадзя Хузеева. Ён раздаваў каровам сянаж. Пабеленыя сцены, акуратна прыбраныя шырокія праезды, чысціня ў стойлах — вынік старання даглядчыка, які працуе тут некалькі гадоў. Раней з землякамі выязджаў на заробкі ў Расію. Месяцамі сям’і не бачыў. Жонка Наталля Пятроўна ледзьве паспявала з трыма дзецьмі, працай і клопатамі справіцца. Адмовіўся Генадзь Віктаравіч ад паездак на расійскія будоўлі. Пайшоў у жывёлаводы. На вачах падрастаюць дачушка Ганначка і сыны Косцік і Мікітка. Жывуць Хузеевы ў бацькоўскім доме гаспадара. Пераабсталявалі і пашырылі памяшканне на пяць пакояў і кухню. 

Многія жывёлаводы, як і механізатары сельгаспрадпрыемства, — перасяленцы з забруджаных радыяцыяй вёсак Гомельшчыны. З добрушскай вёскі Дземянкі, якую накрыла чарнобыльская хмара, яшчэ школьнікам з бацькамі прыехаў Дзмітрый Астапенка. Сустрэліся з ім на веснавым полі. Малады трактарыст на МТЗ-1221 рыхтаваў глебу пад яравыя культуры. У Добрушскім прафтэхвучылішчы Дзмітрый атрымаў спецыяльнасці электразваршчыка і механізатара. Замяніў на трактары бацьку. Ажаніўся. Ад гаспадаркі маладая сям’я атрымала двухпакаёвую кватэру. Падрастае дачушка Дзіяна. У гэтыя веснавыя дні толькі ўвечары бачыць яна бацьку. З узыходам сонца ён выязджае ў поле. Трактар у Дзмітрыя Уладзіміравіча не новы, сваімі рукамі перабраны кожны вузел.

Механізатар Дзмітрый АСТАПЕНКА.

Веснавую сяўбу ў гаспадарцы пачалі з аўса, пад які адведзена 460 гектараў. Яравыя збожжавыя зоймуць амаль тысячу гектараў, і пад кукурузу падрыхтавана паўтары тысячы гектараў.

Больш за дзве сотні жыхароў сельсавета заняты на вытворчасці ў СУП «Церахоўка-Агра». Паўтары сотні рабочых — на прыватным прадпрыемстве аграхіміі. 

Славіцца Церахоўка хлебапёкамі. Дзясятак мучных вырабаў у асартыменце хлебазавода. Ён няспынна дзейнічае з першых пасляваенных гадоў. Залатым медалём на рэспубліканскай выставе харчовых прадуктаў адзначаны церахоўскі хлеб «Дзень і ноч». Штораніцы некалькі аўтамашын развозяць хлебабулачныя вырабы па Гомельшчыне. 

Раней дзейнічалі ў гарпасёлку завод масла і сухога малака, ільнозавод, філіялы Гомельскага пладова-агародніннага завода і Веткаўскага аб’яднання будаўнічых матэрыялаў.

Па падліках вучоных, у мясцовым радовішчы запасы гліны перавышаюць паўтысячы метраў кубічных. Упрыгожваюць гарпасёлак муры, збудаваныя з мясцовай цэглы. 

Два дзесяцігоддзі да выхаду на пенсію кіраваў раённым прамкамбінатам франтавік Уладзімір Гадлеўскі. Маладосць яго выпала на ваеннае ліхалецце. Тры браты з першых дзён пайшлі на фронт. Вярнуліся з вайны толькі Якаў і Мікалай. Міхаіл загінуў.

Старшыня Церахоўскага сельвыканкама Аляксандр КУЗНЯЦОЎ, ветэран вайны і працы Уладзімір ГАДЛЕЎСКІ і старшыня савета ветэранаў Валянцін КУЧЫК.

Летам 1943 года, пасля вызвалення савецкімі войскамі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў роднай вёскі Чырвоная Буда, сямнаццацігадовым пайшоў змагацца з ворагам малодшы Уладзімір. У Бранску скончыў сямімесячныя курсы малодшых камандзіраў і яфрэйтарам адправіўся эшалонам праз знішчаны фашыстамі дашчэнту Мінск у Вільнюс. Разам з васьмю равеснікамі-аднавяскоўцамі атрымаў прызначэнне ў разведроту 3-га Беларускага фронту. Савецкая Армія масіўна гнала гітлераўцаў на захад. Разведчыкі аператыўна сачылі за панічна адступальным ворагам. Часта даводзілася рызыкаваць жыццём. У прадмесці Кёнігзберга разведвальны ўзвод уступіў у бой з фашыстамі. Варожая куля параніла яфрэйтара Гадлеўскага. Баявыя сябры ўратавалі яго. Лячыўся ў ваенным шпіталі Вільнюса, а потым у адной з маскоўскіх бальніц. Дзень Перамогі сустрэў у Сяміпалацінску, дзе завяршаў лячэнне. Баявыя заслугі франтавога разведчыка адзначаны ордэнамі Славы III ступені і Айчыннай вайны III ступені, медалём «За перамогу над Германіяй».

Два гады пасля заканчэння вайны Уладзімір Гадлеўскі служыў у вайсковай частцы на поўдні Узбекістана. Да бацькоў у родную вёску Чырвоная Буда вярнуўся ў канцы 1947-га. Паступова наладжвалася мірнае жыццё, сяляне адбудоўвалі спаленыя за вайну падворкі. 

Уладзімір Захаравіч атрымаў адукацыю бухгалтара. Працаваў у прамкамбінаце рахункаводам, бухгалтарам, а потым дырэктарам. Былога ваеннага разведчыка запрашаюць на сустрэчы школьнікі. 

У пярвічнай арганізацыі ветэранаў вайны і працы, якую ўзначальвае падпалкоўнік у запасе Валянцін Кучык, шэсць франтавікоў і два працаўнікі тылу. Інвалід вайны Дзмітрый Фядосаў з аграгарадка Васільеўка сустрэў 96-ю вясну. Шмат перажыла ў ваеннае ліхалецце 95-гадовая На-дзея Асадчая з пасёлка Крынічны. За адзінокімі пенсіянерамі замацаваны сацыяльныя работнікі. 

Вартаўнік жывёлагадоўчай фермы «Васільеўка» Дзмітрый ВОРАНАЎ.

ВАНДРУЮЧЫ па былым райцэнтры, пад’ехалі да ўнікальнага чыгуначнага вакзала, пабудаванага ў даваенныя гады. Побач узвышаецца помнік архітэктуры — воданапорная вежа. Начальнік станцыі Аляксандр Камзолаў адзначыў, што ў Вялікую Айчынную вайну з гэтай вежы запраўляліся вадой франтавыя паравозы. Паўднёвымі варотамі Беларусі стала вузлавая станцыя Церахоўка. Усе цягнікі, акрамя прыгарадных, што курсіруюць з Гомеля да станцый Кругавец і Куток, праходзяць тут памежны і мытны кантроль.

Ад чыгуначнага вакзала вядзе галоўная вуліца, на якой у цэнтры ўзвышаюцца карпусы філіяла раённай бальніцы і паліклінікі. Кіруе медкалектывам доктар Уладзімір Нікулін. Дзясятак рознапрофільных урачоў працуе тут. Дзейнічае сацыяльнае аддзяленне, дзе даглядаюць адзінокіх жыхароў сельсавета.

Цiкавай была сустрэча з самадзейнымі артыстамі ў Доме культуры, які ўзначальвае Анатоль Мармынаў. Па адукацыі ён інжынер. Захапленне творчасцю стала асноўным заняткам Анатоля Яўгенавіча. Харавы калектыў, якім кіруе Тамара Шпакава, носіць званне народнага. Мастацкі кіраўнік Дома культуры Людміла Кавалёва стварыла вакальны ансамбль «Ваколіца». Дзеці займаюцца ў лялечным тэатры «Баніфацый» і аматарскім фотааб’яднанні «Шчаўкунчык». 

Хормайстар Аляксандра АБУШАНКА, дырэктар Дома культуры Анатоль МАРМЫНАЎ і мастацкі кіраўнік Людміла КАВАЛЁВА.

Гонар Церахоўкі — выпускнікі дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы: майстар спорту міжнароднага класа па грэблі, двойчы чэмпіён Еўропы і свету Дзмітрый Вайцішкін і майстар спорту, чэмпіён Беларусі, сярэбраны прызёр чэмпіянату свету ў камандным заліку па паліатлоне Уладзімір Кісялёў. Штогод у Церахоўцы праводзіцца валейбольны турнір, прысвечаны памяці воіна-інтэрнацыяналіста Аляксандра Палявікова. 

Амаль паўтысячы навучэнцаў у дзвюх сярэдніх школах гарпасёлка. Сярэднюю школу № 1 узначальвае былая выпускніца Наталля Атрачова. Са старшакласнікамі пасля ўрокаў яна ўвіхалася на ўборцы тэрыторыі. Стагоддзе таму вучнем гэтай школы быў будучы народны артыст СССР Леанід Рахленка. Сёння ў школе дзейнічаюць профільныя класы па фізіцы, матэматыцы, біялогіі, роднай і рускай мовах. Сустракаецца са школьнікамі і настаяцель царквы Архангела Міхаіла іераманах Венедыкт. Святар — выпускнік Кіеўскай праваслаўнай духоўнай семінарыі. Шосты год узначальвае церахоўскі прыход. У цэнтры гарпасёлка на сродкі дабрачынных ахвяраванняў узводзіцца праваслаўны храм. Пад сонечнымі промнямі зіхацяць усталяваныя купалы. Блакіт нябёс адлюстроўваецца ў церахоўскім возеры. Пяшчотнай рунню красуе за ваколіцай пасёлка хлебная ніва. Чарговая вясна пануе ў Церахоўцы! 

Добрушскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter