Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Пару Калядных і навагодніх святаў беларусы ў Самарскай вобласці творча скарысталі для таго, каб духоўна паяднаць людзей розных пакаленняў

Цеплыня сямейнага свята

Беларусы, якія ўдзельнічаюць у жыцці Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”, звычайна ў канцы года падводзяць вынікі дзейнасці, прысвячаюць беларускім Калядам і Навагоднім святам свае імпрэзы. Прэзідэнт суполкі Ірына Глуская гаворыць, што пара гэтая — для ўсіх доўгачаканая і радасная, асабліва ж для дзяцей: “Наш “самы галоўны беларус” і мой дарагі ўнук Арцёмка на святах, якія прайшлі, упершыню ў жыцці пабываў на Навагодняй ёлцы. Ён першы раз убачыў Дзеда Мароза (і гэта быў такі вялікі цуд!!!), да таго ж атрымаў першы ў жыцці Навагодні падарунак. Ды й кожны з нас у тым навагоднім карагодзе атрымаў мора станоўчых эмоцый, пакупаўся ў акіяне шчасця — дзякуючы судакрананню з самабытнай беларускай культурай. Бо ўсе ўрачыстасці нашы супольныя мелі нацыянальны каларыт”.

Самая першая сустрэча з Дзедам Марозам
Фота: георгій курмакоў
А чараўніцтва для юных самарскіх беларусаў пачалося напярэдадні Новага года. Дзеці, найактыўныя ўдзельнікі беларускіх імпрэзаў, атрымалі запрашальныя білеты на Навагоднія спектаклі-казкі. Там іх сустракалі Дзед Мароз і Снягурка, і кожны атрымаў салодкі навагодні падарунак. Дарэчы, галоўная ёлка ў Самары была, як заўжды, на плошчы імя В. Куйбышава, там жа ў сядзібе атабарыўся Дзед Мароз, а гасцей разам з ім сустракалі казачныя персанажы. Разам са Снегавікамі юныя беларусы бясстрашна прайшлі праз “чароўны” сасновы бор-лабірынт, пабывалі на трох казачных станцыях. На адной з іх пабачылі светлавыя фігуры аленяў пад назвай “Лясное сямейства”, наведалі казачную вёску (30 хатак у мініяцюры) ды іншыя незабыўныя мясціны.

З беларускім каларытам напярэдадні Раства Хрыстова, 6 студзеня, праўленне, актыў і моладзевае аддзяленне суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” у Доме дружбы народаў адзначалі Святкі. Як і належыць, сабраліся ў Святы вечар адзінай сям’ёй сябры суполкі. А ёсць жа ў беларусаў даўняя прыкмета: калі ўся сям’я ў гэты дзень будзе разам, то і на працягу года — таксама.

Беларускія берагіні сямейнага ачага — Іна Сухачэўская, Валянціна Варламава, Юлія Цяплянская, Любоў Ярохіна — згатавалі, як прадпісвае Калядная традыцыя, 12 посных страў беларускай кухні. Былі на святочным стале куцця, бліны з мёдам, бульбачка печаная і адварная ў мундзіры, бульбяная бабка, дранікі... Культурную праграму зрабілі адпаведную. У Святы вечар былі конкурсы, розыгрышы, прадстаўленні… Прыйшла Каза, з ёй — калядоўшчыкі з Віфлеемскай зоркай: такая традыцыя жыве на Беларусі. Актывісты моладзевага аддзялення сталі калядоўшчыкамі  ды з пажаданнямі здароўя, шчасця, з вясёлымі Каляднымі песнямі-шчадроўкамі, танцамі прайшліся па офісах этнацэнтраў у Доме Дружбы народаў.

Святкавалі яшчэ самарскія беларусы 14 студзеня наступленне Старога Новага года. Таксама быў святочны стол і музычна-літаратурная праграма — сцэнар Алены Кірылашавай, ёй дапамагалі тры Марыны — Кашаева, Дарафеева, Кірылава, а таксама і Анастасія Аташына, Паліна Мешчаракова. Кіраўніца моладзевага аддзялення суполкі Юлія Цяплянская і яе намеснік Георгій Курмакоў падрыхтавалі розыгрышы. Спявалі песні пра Беларусь, Новы год. Прыкідвалі планы. Сёлета, дарэчы, у жніўні будзе 10-гадовы юбілей у заслужанага беларускага вакальнага ансамбля “Каданс”. І вырашана падрыхтаваць своеасаблівы летапіс калектыву з матэрыяламі пра ўсіх яго ўдзельнікаў — і ранейшых, і цяперашніх.

А ў ноч з 18 на 19 снежня прадстаўнікі моладзевага аддзялення суполкі беларусаў паўдзельнічалі ў купальным абрадзе свята Вадохрышча. Хоць і моцны мароз быў, а некаторыя здолелі па тры разы акунуцца ў сцюдзёную ваду ў палонцы: каб ачысціцца ад грахоў. Так і завяршыліся беларускія Святкі ў Самары. Сёлета ў сяброў суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” шмат розных творчых задум, скіраваных на фарміраванне станоўчага іміджу Беларусі ў рэгіёне, Расіі, знаёмства расіян з культурай і мастацтвам беларусаў. Ну а цёплыя, бадай што сямейныя стасункі ў суполцы будуць толькі спрыяць узгодненай працы.

Голас Радзімы № 5 (3557), чацвер, 1 лютага, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter