Патрапіўшы ў Туркменістан у жніўні 1985-га, я пачаў шукаць адрасы агульнай беларуска-туркменскай памяці. Згадаю некаторыя з іх

Цеплыня ашхабадскіх вуліц

Патрапіўшы ў Туркменістан у жніўні 1985-га, я пачаў шукаць адрасы агульнай беларуска-туркменскай памяці. Згадаю некаторыя з іх.
Патрапіўшы ў Туркменістан у жніўні 1985-га, я пачаў шукаць адрасы агульнай беларуска-туркменскай памяці. Згадаю некаторыя з іх.


Помнік Махтумкулі ў Ашхабадзе. Скульптар — Віктар Папоў

“Геаграфія” ці, хутчэй, “гарадская тапаніміка” сведчанняў пра беларуска-туркменскія літаратурныя сувязі складвалася пакрысе. Яно і зразумела: штосьці не відаць за смугою часін, нешта і страчана. І ўсё ж агульная карціна вартая ўвагі. Пакуль беларускія літаратурныя адрасы ў Ашхабадзе пазначаю штрыхамі, для памяці — і сабе, і наступнікам. У спадзяванні, што з’явіцца і краязнаўчы даведнік з назвай “Беларускія літаратурныя адрасы ў свеце”. Такую надзею даўно мае, дарэчы, і доктар навук прафесар Адам Мальдзіс.

Якія ж вядомы беларускія адрасы ў Ашхабадзе? Пачнем з вуліцы Махтумкулі, 5 (выкарыстоўваю гарадскую тапаніміку 80-х і пачатку 90-х). Там быў двухпавярховы будынак Саюза пісьменнікаў Туркменістана, рэдакцыі часопісаў “Совет эдебияты” (“Савецкая літаратура”) і “Ашхабад”. Неаднойчы гасцямі і Саюза, і рэдакцый былі пісьменнікі з Беларусі: публіцыст Мікола Калінковіч (у 79-84 гадах жыў у Ашхабадзе), паэт Алесь Емяльянаў, паэт, журналіст Міхась Карпенка (у 60-90-я жыў і працаваў у Краснаводску і Ташаузе). Карпенка і Калінковіч былі прынятыя ў Саюз пісьменнікаў СССР у Ашхабадзе, часта друкаваліся ў туркменскіх часопісах. Непадалёку ад вуліцы Махтумкулі — сквер яго імя, дзе ў 1971-м усталяваны і помнік класіку туркменскай літаратуры. У Туркменістане, ды і па ўсім свеце добра вядомая творчасць усебакова адукаванага паэта, філосафа Махтум Кулі Фрагі (1731—1780).  Можам ганарыцца: аўтар вядомай скульптуры — беларус Віктар Папоў. (Наш зямляк, а ён жа і адзін з аўтараў скульптурнай групы на Палацы культуры прафсаюзаў у Мінску, заваяваў права адлюстраваць вобраз Паэта на ўсесаюзным конкурсе. Фігура Махтумкулі Фрагі высечана з базальту — гэта цвёрды, цяжкі ў апрацоўцы камень вулканічнага паходжання. — Рэд.)

Ад Саюза пісьменнікаў недалёка — праспект Свабоды (цяпер праспект Махтумкулі. — Рэд.). Ці не ў самай сярэдзіне яго месціўся будынак Камітэта дзяржбяспекі Туркменскай ССР. У той установе ў першай палове 80-х працаваў ураджэнец Лунінеччыны, пісьменнік Мікалай Калінковіч. У Ашхабадзе выйшлі яго кнігі: “Не обрывается земная связь”, “Имя мое — Свобода”, “Возвращение рассветной рани”…

Вернемся ў цэнтр горада. Вуліца Атабаева. У 1985-88 гадах я жыў там у доме нумар 32, корпус 1, непадалёк размяшчалася Нацыянальная бібліятэка Туркменістана. На той вуліцы была і кватэра беларускага празаіка, драматурга, публіцыста Васіля Ткачова: жыў у Ашхабадзе ў 1973-80 гадах. Там Васіль Юр’евіч працаваў над кнігай апавяданняў “Дзень у горадзе”. Спярша В. Ткачоў служыў у рэдакцыі вайсковай газеты “За Родину”, пасля — працаваў рэдактарам у “Туркменгандальрэкламе”.


А. Адамовіч і Какалы Бердыеў у гасцях у Ата Саліха (у цэнтры)

Яшчэ адрас: Атабаева, 20. Там быў Ашхабадскі Дом друку, месцілася і рэдакцыя газеты “Туркменская искра”, якую рэдагаваў ураджэнец Беларусі публіцыст Васіль Уладзіміравіч Слушнік (памёр у Ашхабадзе ў 1991 годзе). У той газеце друкаваліся Мікалай Калінковіч, Міхась Карпенка. У ашхабадскім Доме друку былі і іншыя рэдакцыі: газеты “Эдебият ве сунгат” (“Літаратура і мастацтва”), часопіса “Пионер”. У тым літаратурна-мастацкім штотыднёвіку, які адзін са сваіх разваротаў у 1987-м прысвяціў і нашай роднай Беларусі, галоўным рэдактарам у сярэдзіне 1980-х працаваў публіцыст, літаратуразнаўца Какалы Бердыеў. Ён напісаў некалькі артыкулаў пра Янку Купалу. А на самым пачатку 60-х правёў цікавае падарожжа па Каракумскім канале разам з беларускім празаікам, публіцыстам, літаратуразнаўцам Алесем Адамовічам. Вынікам іх творчай паездкі стаў падарожны нарыс, надрукаваны ў маскоўскім часопісе “Дружба народов”, ашхабадскім “Совет эдебияты”, мінскім “Полымі”. І цяпер той нарыс падаецца каштоўным мастацкім дакументам часу пераўтварэнняў. А яшчэ — дакументам дружбы, літаратурнай і культурнай супрацы. Ёсць у той даўняй публікацыі і згадкі пра сустрэчы беларускага і туркменскага публіцыстаў з народным шахірам Ата Саліхам. Яго, сляпога выказніка дум і мар туркменаў сярэдзіны XX стагоддзя, і цяпер добра памятаюць у Каракумскім краі.

Вуліца Карпінская, 1. Гэта мікрараён прыватных сядзіб Ашхабада 1950-80-х гадоў. Падворак, дзе жыў з вялікай сям’ёй народны паэт Туркменістана Керым Курбанняпесаў (1929—1988). У 1986-88 гадах я даволі часта бываў у доме Керым-ага. Ведаю, што ў яго гасцяваў і беларускі празаік Алесь Жук. Як пазнака тае сустрэчы — кніга прозы беларуса з аўтографам, адрасаваным старэйшаму сябру. Керым Курбанняпесаў сустракаўся ў Ашхабадзе і з беларускім паэтам Алесем Емяльянавым. У 1987-м туркменскі шахір пераклаў на туркменскую мову “Паэму сораму і гневу” народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі. І хаця на той час ужо меўся рускі пераклад, надрукаваны ў “Нёмане”, Керым-ага зрабіў сваё пераўвасабленне па падрадкоўніку (ведаю пра тое дакладна, бо сам і рыхтаваў падрадкоўнік). Керым Курбанняпесаў перакладаў і іншыя беларускія творы: выйшлі яны ў аўтарскай анталогіі “Букет дружбы”.

Вуліца Хыдыра Дыр’яева, 5. Там, у сваім доме, і цяпер жыве туркменскі празаік, паэт, дзіцячы пісьменнік Агагельды Аланазараў. У Беларусі ў розныя гады пабачылі свет тры яго дзіцячыя кнігі ў перакладзе на беларускую мову (апошняя — “Вясёлая азбука” — у 2013-м). Перакладчык — Віктар Гардзей). Агагельды сябраваў з Міхасём Карпенкам, Мікалаем Калінковічам, Валянцінам Лукшам. Пра кожнага з іх напісаў успаміны.

У розныя гады ў Ашхабадзе жылі мовазнаўца-беларус, ураджэнец Латгаліі Аляксандр Пацалуеўскі (загінуў у землятрусе 1948 года), празаік Барыс Мікуліч (пра яго жыццё пасля вяртання з ГУЛАГа можна пачытаць у другой частцы “Аповесці для сябе”), паэтэса Любоў Турбіна (нарадзілася ў Ашхабадзе ў 1942 годзе), ваенны публіцыст, Герой Савецкага Саюза, ураджэнец Барысава Яўсей Вайнтруб. Гасцявалі ў Ашхабадзе пісьменнікі Рыгор Барадулін, Алег Лойка, Павел Марціновіч, Аркадзь Марціновіч, Любоў Філімонава, Алесь Бадак, Генадзь Пашкоў, Алена Масла, Еўдакія Лось, Віктар Шымук, Ігар Лапцёнак. І ў кожнага з іх — свае адрасы, сустрэчы, знаёмствы з Ашхабадам і Туркменістанам, свае памяткі сяброўства і дружбы. То можа з часам знойдзецца нехта ахвотны, каб з беларускіх твораў, прысвечаных Ашхабаду і Туркменістану, укласці своеасаблівую анталогію пабрацімства?

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter