Гродна для Беларусі — горад унікальны

Цэнтр трапіў у гісторыю

Гродна для краіны — горад унікальны. Ён, напэўна, адзіны, дзе  захавалася сярэднявечная горадабудаўнічая структура. Гэта цэласная сістэма вуліц і плошчаў, якая фарміравалася на працягу XV-XIX стагоддзяў, радавая забудова і ўнікальныя помнікі дойлідства.


Сёння гістарычны цэнтр Гродна займае плошчу ў 302 гектары і выконвае функцыі адміністрацыйна-грамадскага цэнтра, транспартнага вузла і жылога раёна. Пра тое, як мяняюцца галоўныя вуліцы горада, расказвае Генадзь Таламанаў, начальнік упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама, галоўны архітэктар Гродна:

— Кожны год рэканструююцца дзясяткі гістарычных будынкаў — усё гэта надае новае аблічча старажытнай частцы горада. У цэнтры знаходзяцца больш за 500 будынкаў камунальнай формы ўласнасці і прыватных жылых дамоў. Боль­шасць з іх пабудаваныя на мяжы XIX-ХХ стагоддзяў. Таму комплексны капітальны рамонт з інжынерным добраўпарадкаваннем 4-5 жылых дамоў і капітальны рамонт фасадаў і дахаў 15-20 жылых дамоў ажыццяўляецца штогод. Дарэчы, цяпер у гістарычным цэнтры праводзяцца работы на 17 аб’ектах на агульную суму ў 18,6 мільярда рублёў. Таксама распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя па 7 аб’ектах.

Калі гаварыць пра найбліжэйшыя перспектывы развіцця Гродна, то ў першую чаргу мы працягнем распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі па рамонтна-аднаўленчых работах комплексу Старога замка, які ўключаны ў Дзяржаўную праграму “Замкі Беларусі”. За кошт спонсарскіх сродкаў прадпрыемстваў горада прадоўжыцца рэстаўрацыя Лютэранскай кірхі, за кошт уласных сродкаў іўдзейскай рэлігійнай суполкі Гродна, а таксама спонсарскай дапамогі — рэстаўрацыя сінагогі.


Удасканальваюцца, становяцца больш камфортнымі і мікрараёны горада. Да прыкладу, у Гродне актыўна будуюцца буйныя гандлёвыя цэнтры. Калі ў 2005 годзе нарматыў забеспячэння насельніцтва гандлёвай плошчай складаў 262,7 кв. м на адну тысячу чалавек, то ў 2015 годзе ён практычна падвоіўся да 519,4 кв. м. Таксама за апошняе дзесяцігоддзе больш як у два разы павялічылася колькасць месцаў у сетцы арганізацый грамадскага харчавання.

У апошні час магістральныя вуліцы горада актыўна ўдасканальваюцца і трансфармуюцца ў паўна­цэнную радыяльна-кальцавую схему з адкрытай планіровачнай структурай. Да прыкладу, ужо завершана будаўніцтва асноўнага размеркавальнага транспартнага кальца горада з двума пуцеправодамі ў раёне  чыгуначнага вакзала і вул. Суворава. Многія вуліцы ў гарадскім цэнтры рэканструявалі і пашырылі да дзвюх палос, таксама зрабілі капітальны рамонт плошчы ля чыгуначнага вакзала.

Планамерна рэканструююцца і добраўпарадкоўваюцца ўстановы аховы здароўя. Так, завершаны рамонтныя работы ў Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы і Гродзенскай абласной клінічнай інфекцыйнай бальніцы. На тэрыторыі Дзіцячай абласной клінічнай бальніцы пабудаваны новы корпус, рэканструяваны адселены будынак інтэрната пад адміністрацыйна-лячэбны корпус. Таксама здадзена ў эксплуатацыю Гродзенская абласная станцыя пералівання крыві. З кожным годам у горадзе з’яўляюцца і новыя сацыяльныя аб’екты. Так, за 2011-2014 гады адкрыты чатыры дашкольныя ўстановы, дзве сярэднія школы, лазнева-аздараўленчыя комплексы, два маладзёжныя цэнтры. Яшчэ адна школа адчыніла свае дзверы ў верасні 2015 года, у снежні — новы дзіцячы сад у мікрараёне Вішнявец.


Вялікая ўвага надаецца эстэтычнаму афармленню, арганізацыі вячэрняй і святочнай падсветкі фасадаў будынкаў, азеляненню. У горадзе з’яўляюцца і новыя скульптурныя кампазіцыі.


ДАРЭЧЫ


У будучыні ў Каложскім парку плануецца стварыць цэлы музей скульптур. Пры стварэнні экспанатаў для музея плануецца прадоўжыць тэму культурна-духоўнай сувязі гісторыі і сучаснасці горада над Нёманам. Ужо ў наступным годзе ў Гродне плануецца правесці міжнародны пленэр скульптараў і запрасіць на яго, акрамя беларускіх майстроў, аўтараў з Польшчы і Літвы. Створаныя падчас пленэру работы ў будучыні ўпрыгожаць Каложскі парк.

Юлія Папко
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter