В Горках начал работу современный бизнес-инкубатор для молодых предпринимателей

Цэнтр прыцягнення iдэй

Развіццю рэгіёнаў у краіне надаецца асаблівая ўвага: падтрымка дзелавой ініцыятывы, павышэнне ўзроўню жыцця, стварэнне рабочых месцаў. Важная роля ў гэтым напрамку належыць бізнесу і прадпрымальніцкаму асяроддзю. Дзякуючы праекту «Садзейнічанне занятасці і самазанятасці насельніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі» Мінэканомікі і Праграмы развіцця ААН ужо працуюць цэнтры падтрымкі прадпрымальнікаў у Барані, Глыбокім, Крычаве, Мсціславе, Чавусах. На гэтым тыдні адкрыўся бізнес-інкубатар у Горках. «Р» даведалася, як ён будзе дапамагаць насельніцтву.

Эксперты расказалі, якую дапамогу могуць атрымаць стартапы ў Беларусі.

Жыхары горада яшчэ некалькі месяцаў таму не маглі паверыць, што на месцы старой піцэрыі адкрыецца сучасны бізнес-інкубатар. Ён размясціўся ў будынку Палаца культуры Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. Палова жыхароў горада — студэнты, таму цэнтр падтрымкі ў Горках стаў эксперыментальным па развіцці менавіта маладзёжнага прадпрымальніцтва. Разам з навучаннем асноўнай спецыяльнасці яны змогуць атрымаць у бізнес-інкубатары дадатковыя навыкі.



Для праекта цэнтра падтрымкі ў Горках вырашылі не ствараць юрыдычную асобу. Ён увайшоў у структуру мясцовага тэхнапарка «Горкі». Дырэктар Андрэй Цімаеў расказаў:

— Да адкрыцця бізнес-інкубатар працаваў у тэставым рэжыме. Мы ўжо правялі тут стартап-школу, акселерацыйную праграму, даём кансультацыі. Цікавасць у насельніцтва вельмі сур’ёзная.

У памяшканні на 150 квадратных метраў зрабілі каворкінг-зону, дзе можна праводзіць мерапрыемствы для моладзі. Тут і тры зашклёныя пакоі — кабінет, перагаворная, серверная.


Афіцыйна даць пачын працы інкубатара, перарэзаўшы чырвоную стужку, прыехалі прадстаўнікі розных ведамстваў і арганізацый. Выступаючы з прывітальным словам, намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч звярнуў увагу:

 — На прыкладзе гэтага цэнтра падтрымкі мы бачым добры гібрыд перспектыўнага суб’екта інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу, які будзе ў бліжэйшы час развівацца ў Беларусі. Міністэрства эканомікі рэалізуе шэраг праграм міжнароднай тэхнічнай дапамогі, кожная з якіх накіравана на развіццё новых форм бізнес-інкубіравання, інфраструктуры падтрымкі. У Брэсце 21 лістапада будзем уручаць фінансавыя сертыфікаты на развіццё гэтай сістэмы чарговым пераможцам.

Міністэрства эканомікі працуе над удасканаленнем заканадаўства і рыхтуе канцэпцыю новай сістэмы падтрымкі прадпрымальніцтва ў цэлым. Фінансавую падтрымку аказваюць банкі і Банк развіцця Рэспублікі Беларусь. Бізнес-інкубатары павінны рабіць кансультацыйныя паслугі, прадастаўляць памяшканне для працы. Магчыма, праз іх у перспектыве будзе кропкава ажыццяўляцца падтрымка канкрэтных прадпрымальнікаў: прававыя семінары, маркетынгавыя даследаванні.

— Лічу, што такія аб’екты павінны быць у кожным раённым цэнтры. Любая форма падтрымкі важная. Пры гэтым — ніякіх фармальных рамак, толькі бізнес і кваліфікаванае навучанне, на што дзяржава гатова выдзяляць грошы. Мясцовая ўлада павінна ствараць заканадаўчае асяроддзе, рэгулятарную сферу, — дадаў Дзмітрый Матусевіч.

У гонар адкрыцця ў інкубатары правялі хакатон бізнес-праектаў.

Па словах намесніка старшыні Горацкага раённага выканаўчага камітэта Ірыны Сухубаеўскай, у раёне сёння каля 650 індывідуальных прадпрымальнікаў і 250 юрыдычных асоб. Яны фарміруюць у бюджэце 33 працэнты падаткаў, гэта суразмерная доля з той, якую ўносяць дзяржаўныя прадпрыемствы. Сёння задача дзяржорганаў — садзейнічаць людзям, якія шукаюць напрамкі работы, каб яны мелі асабістую і ўнутраную цікавасць. Яна адзначыла:

— Не кожны горад можа пахваліцца наяўнасцю такога суб’екта інфраструктуры, ячэйкі, якая дазволіць сабраць актыўную і крэатыўную моладзь.

malyshchyts@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter