Новы праект НАН «Вучоны пад ключ» дапаможа маладым навукоўцам зарабляць на сваiх адкрыццях

Ценнiкi ў гiпермаркеце iдэй

За плячыма навукоўца, нават самага маладога, -- дні і гады даследчай работы, збору і аналізу iнфармацыi. А калі пашанцуе -- то i адкрыццяў, няхай i не самых вялiкiх. Але ці ўсім маладым вучоным вядома, адкуль бяруцца грошы ў навуцы? Праект «Вучоны пад ключ», якi арганiзавала Акадэмiя навук, накiраваны менавiта на тое, як гэта ім растлумачыць. Падрабязнасці расказала старшыня Савета маладых навукоўцаў аддзялення хіміі і навук аб Зямлі НАН, кандыдат хімічных навук Таццяна ПЛІСКО.


— Калі я ўдзельнічала ў міжнародных школах і канферэнцыях па маім кірунку — гэта хімія высокамалекулярных злучэнняў, заўважыла: аспіранты Еўропы пытаннямі па арганізацыі навуковай дзейнасці валодаюць вельмі добра. Магчыма, таму, што ім даводзіцца самім выбудоўваць сваю кар’еру, свой навуковы шлях. І часта, заканчваючы адну стажыроўку, яны шукаюць новую. Яны выдатна ведаюць, якія па дадзенай тэматыцы існуюць навуковыя групы, як яны працуюць, як фінансуюцца. За мяжой гэтыя веды ўплецены ў сістэму адукацыі праз дапаможныя семінары, курсы. У нас жа часцяком іх прыходзіцца здабываць самастойна. А на гэта страчваецца шмат часу. Ведаю гэта на ўласным прыкладзе.

— Можа, праблема крыецца не толькі ў гэтым, але і ў адсутнасці злучальнага звяна паміж пакаленнямі навукоўцаў — праблеме, якая родам з далёкіх 1990-х гадоў? Бо, напэўна, моладзь гэтую інфармацыю можа атрымаць і ад старэйшых і больш дасведчаных калег.

— Маё станаўленне і прыйшлося якраз на гэты разрыў пакаленняў. Калі я была магістрантам, а потым аспірантам, мне папросту не было да каго звярнуцца з такімі пытаннямі. Мой навуковы кіраўнік акадэмік Аляксандр Більдзюкевіч як дырэктар інстытута вырашаў глабальныя пытанні. А ў яго проста не было часу тлумачыць кожнай магістрантцы нейкія дробязі. 

Акрамя таго, многія масцітыя вучоныя, якія шмат гадоў у навуцы, проста не разумеюць, як гэта ты можаш не ведаць такіх рэчаў. Вось і ў мяне ў свой час выйшла гісторыя з грантам НАН, які я, не ведаючы, што гэта трэба, не зарэгістравала ў БелІСА. А ў краіне кожная навуковая праца абавязкова павінна прайсці працэдуру дзяржаўнай рэгістрацыі! Я працавала два гады, і толькі ў канцы гэтага перыяду ў мяне пацікавіліся, як выйшла так, што грант не зарэгістраваны. Бо калі гэта так, з яго заканчэннем трэба вяртаць ПДВ. Для мяне гэта было непрыемнай навіной. На шчасце, грошы вяртаць не прыйшлося. Але не хацелася б, каб маладыя навукоўцы сутыкаліся з такімі ж праблемамі. 

Тым не менш, праводзячы канферэнцыю «Моладзь у навуцы», накіраваную на магістрантаў і аспірантаў, мы ўвесь час сутыкаемся з вялікай колькасцю простых пытанняў. Напрыклад, як пісаць тэзісы ці як суадносіцца напісанне тэзісаў і артыкулаў. А значыць, прабелы ёсць.

— У праекце «Вучоны пад ключ» лекцыі правядуць самыя вядомыя навукоўцы краіны. Ведаю, што адкрываць яго будзе старшыня прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў, з лекцыямі выступяць яго першы намеснік Сяргей Чыжык, старшыня ДКНТ Аляксандр Шумілін і многія іншыя. З запрашэннем лектараў праблем не было?

— У савеце маладых навукоўцаў працуе зладжаная каманда з самых розных сфер навукі. За час працы ў нас склалася сетка кантактаў. Калі мы запрасілі масцітых вучоных выкладаць у школе, ніхто не адмовіўся. Больш за тое, многія тэлефанавалі і самі прапаноўвалі свае паслугі, хацелі чымсьці падзяліцца. Так што з гэтым праблем не было. Таксама многiя семiнары i трэнiнгi правядуць маладыя навукоўцы, якiя ўжо абаранiлi свае дысертацыi i маюць досвед кiраўнiцтва ўласнымi праектамi, атрымання грантаў i ўдзелу ў буйных мiждысцыплiнарных мiжна-родных праектах.

Старшыня Савета маладых навукоўцаў аддзялення хіміі і навук аб Зямлі НАН кандыдат хімічных навук Таццяна ПЛІСКО:
«Мы набралі слухачоў школы з апераджэннем графіка»

Хутчэй, былі праблемы з месцамі ў самой школе. З апярэджаннем графіка мы набралі слухачоў. Замест 70, як планавалі, атрымалi 120 заявак і датэрмінова спынілі рэгістрацыю, таму што размясціць больш народу адначасова мы проста не зможам. Але гэта яшчэ раз пацвярджае запатрабаванасць нашага мерапрыемства. Дарэчы, да нас прыйдуць вучыцца не толькі супрацоўнікі навуковых устаноў НАН, але і прадстаўнікі навукі ВНУ, навуковых інстытутаў сістэмы Міністэрства аховы здароўя. Мы спецыяльна не рэкламавалі наша мерапрыемства, але навіна хутка разляцелася па прафесiйных суполках.

— Кажаце, мы больш не баімся, што лепшыя розумы з’едуць за мяжу?

— Уцечка мазгоў ёсць ва ўсіх краінах. Сілком нікога затрымаць нельга. Як нельга і ізалявацца ад іншых краін і сусветнай навукі. Але паверце, не ўсе навукоўцы сёння хочуць з’ехаць. Многія ўсяго толькі хочуць мець магчымасць выязджаць на канферэнцыі, атрымліваць фінансавую дапамогу для гэтых паездак, удзельнічаць у стажыроўках. Гэта задаволіць інфармацыйны голад. Акрамя таго, шмат каго тут трымаюць сем’і, сваякі, сябры, праца. А супрацоўнічаць можна і дыстанцыйна.

— Ведаю, што адзін са «школьных» дзён будзе прысвечаны абароне дысертацый. Спадзяецеся, што сітуацыя, калі многія аспіранты адкладаюць абарону на нявызначаны срок, зменіцца?

— Многія не абараняюцца адразу, таму што абарона — гэта складаны працэс, для рэалізацыі якога трэба арганізаваць сябе, наладзіцца. Мала таго што для гэтага трэба прадставіць саму працу, падрыхтаваць і апублікаваць шэраг артыкулаў, сам працэс абароны патрабуе вялікіх сіл. Наш савет верыць, што, калі з самага пачатку людзей арыентаваць на абарону, сітуацыя зменіцца да лепшага. 

Многія з тых, хто не абараняецца, маюць добрыя навуковыя вынікі. Толькі ім не хапае сіл усё гэта аб’яднаць. Калі падыходзіць момант абароны дысертацыі, часцяком аказваецца, што многія пытанні ўпушчаныя. Напрыклад, не ўсе ведаюць, што для абароны дысертацыі патрэбныя апублікаваныя артыкулы толькі ў выданнях па профілі. Ёсць патрабаванні адносна колькасці, якасці і нават аб’ёму артыкулаў. Маладыя людзі першапачаткова павінны валодаць усёй інфармацыяй. Ці шмат людзей ведае, колькі канферэнцый яны павінны наведаць і якія потым прадаставіць вынікі? Напрыклад, многія выпускаюць з-пад увагі, што трэба мець праграмы ўсіх канферэнцый, у якіх яны ўдзельнічалі. А дзе іх узяць праз гады? Таксама людзі, акрамя падрыхтоўкі дысертацый, занятыя працай у сваіх лабараторыях. Усё гэта адцягвае тэрмін абароны. Але, на мой погляд, зацягваць не трэба — абараняцца максімум да 35 гадоў. Гэты этап трэба прайсці як мага раней, бо гэта не мяжа і ёсць другая навуковая ступень — доктара навук.

— Таццяна, у гэтым годзе запланаваны дзве школы. А як далей?

— Сапраўды, з-за вялікай колькасці жадаючых мы арганізуем яшчэ адну школу маладога вучонага — з 20 па 24 лістапада. Яна ўжо ўключана ў пералік мерапрыемстваў акадэміі. Як будзе далей — залежыць ад попыту. Пакуль ясна адно — школа «Вучоны пад ключ» стала адным з блокаў работы савета маладых навукоўцаў. Плануем праводзіць яе штогод.

veraart14@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter