Сезон яшчэ не пачаўся, а ў краiне скралi ўжо 179 веласiпедаў

Ценi знiкаюць апоўначы

На вуліцы вясна, але снег яшчэ дзе-нідзе ёсць. Веласіпедны сезон пакуль не адкрылі, але ў надзеі на цёплыя красавіцкія дні многія ўжо змахнулі пыл з рамы і выставілі байк у тамбур пад’езда. А дарма — зладзеі тут як тут. У МУС падлічылі, што толькі за два месяцы гэтага года ўжо выкрадзена 179 веласiпедаў, за ўвесь мінулы год — 3044.

За крадзеж веласіпеда ў нашай краіне прадугледжана крымінальная адказнасць.

Зладзюжак правакуюць самі ўладальнікі веласіпедаў. Многія безадказна ставяцца да сваёй маёмасці — проста кідаюць свой транспарт у пад’ездах. Па статыстыцы, амаль 80 працэнтаў крадзяжоў веласіпедаў здзяйсняюцца з падвалаў і лесвічных клетак дамоў. Разам з участковым інспектарам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Анатолем Бажковым ідзём у рэйд па ву-ліцах Пляханава і Якубава. У спісе — дзесяць жылых дамоў.

Вынік здзівіў. Мы налічылі 15 веласіпедаў, якія жыхары гэтых дамоў абыяк захоўвалі ў пад’ездах. 9 з іх нават не былі прышпіленыя замкамі — бяры не хачу! Анатоль Бажкоў разводзіць рукамі — кожны наіўна думае, што яго пранясе. А ў кватэры веласіпеды ў асноўным захоўваюць тыя, хто ўжо стаў ахвярай зладзеяў — навучаныя горкім вопытам. Участковы інспектар дае некалькі слушных парад:

— Калі гэта магчыма, паркуйце веласіпед на ахоўных аўтастаянках. Не пакідайце яго на лесвічных пляцоўках без нагляду, нават калі прычапілі замкамі. Перапішыце нумар рамы, які выбіты знізу пад утулкай, альбо зрабіце на ім гравіроўку — гэта аблегчыць яго пошук. Веласіпед варта сфатаграфаваць, захоўваць дакументы аб яго куплі. Пажадана запомніць яго асаблівыя прыкметы: наклейкі, драпіны, няродныя дэталі і іншыя адметныя асаблівасці. Гэта дапаможа ў пошуку. Калі вы ўсё ж такі сталі ахвярай злачынства, паведаміце аб гэтым па 102.

Каб зразумець, ці лёгка скрасці веласіпед, на час стаўлю сябе на месца злодзея. Мы загадзя папярэдзілі ўладальніка дарагога веласіпеда: ён паркуе свой транспарт, як робіць гэта заўсёды, і ідзе па сваіх справах. А мы спрабуем скрасці яго: зрэзаць замок і сысці са здабычай. Калі гэта атрымаецца, то паспрабуем прадаць трафей на рынку і атрымаць грошы. Што ж, пачнём.

Дзіўна, але ў інтэрнэце аказалася процьма «навучальнага» матэрыялу: проста скарбніца інфармацыі для патэнцыйнага злодзея. Адна з «інструкцый» гаворыць: «Людзі любяць дарагія веласіпеды і танныя замкі. Зладзеі-профі перакусваюць ланцуг або замок гідраўлічнымі нажніцамі — інструмент важыць 3—5 кілаграмаў і лёгка змяшчаецца ў заплечнік. Пачаткоўцы могуць скарыстацца адмычкай, кусачкамі і нажоўкай. Пры жаданні замкі можна адкрыць нават простай канцылярскай сашчэпкай!» Вось як, не чакала!

Самы просты спосаб пазбавіцца веласіпеда — пакінуць яго ў пад’ездзе. Так у пачатку эксперымента зрабіў і наш велаўладальнік. Тэлефаную ў дамафон, называюся паштальёнам — адчыняюць. Першая думка — адпілаваць кавалак парэнчаў, да якіх мацуецца веласіпед. Але раблю прасцей: перакусваю сам замок. Пару секунд — і гатова! Наступная лакацыя — ажыўленая вуліца. Каб пакінуць свой транспартны сродак на веластаянцы, уладальнік байка ўжо не выкарыстоўвае тонкі тросік, а бярэ вялікі сталёвы прут. Пашкодзіць яго можна толькі балгаркай або арматурнымі нажніцамі. Выкарыстоўваю другое: не адразу, але і гэта мне ўдаецца. І вось што дзіўна: пілавала замок у горадзе, час пік, на вуліцы дзясяткі прахожых — ніхто не зрабіў мне заўвагі. Нават дапамогу прапанавалі: мужчына і падумаць не мог, што ў мяне злыя намеры, меркаваў, што я ключ згубіла...

Увогуле, ваш веласіпед часта не можа быць абаронены ні людской прысутнасцю, ні замкамі. Мы ўжо высветлілі — замок з тросам злодзей пераможа за хвіліну. Але профі сцвярджаюць: адзін з самых надзейных — U-падобны велазамок. Грувасткі механізм добра супрацьстаіць малатку, зубілу і іншым падобным інструментам. Трывалы масіўны замок з ланцугом устаіць перад кусачкамі, нажоўкай і адмычкай. Рэкамендуюць карыстацца адразу некалькімі замкамі: прывязаць да апоры колы і раму. Сучасны метад — усталяваць на веласіпед GPS-маячок, які дазваляе ўладальнікам смартфонаў сачыць за байкам.

Так варта было б прадбачліва зрабіць і велаўладальніку, транспарт якога мы лёгка ўкралі. Накіроўваемся на мінскі Чэрвеньскі рынак, каб сарваць куш, — попыт на бэушныя веласіпеды куды вышэй, чым на новыя. Але адразу прызнаюся: нам не ўдалося прыцягнуць пакупнікоў. На мяне адразу звярнула ўвагу ахова рынку. Яно і зразумела: я азіралася па баках, нервавалася ды яшчэ і няўмела руліла велізарным мужчынскім байкам. Ігар Камінскі, начальнік аховы ўнітарнага прадпрыемства «Чэрвеньскі рынак у Лошыцы», успомніў падобныя выпадкі:

— Да нас нярэдка прыязджаюць, каб прадаць крадзены веласіпед. Часта злачынцу можна вылічыць па характэрным знешнім выглядзе і паводзінах. Напрыклад, на ружовым падлеткавым веласіпедзе прыязджае мужчына, які, мяркуючы па твары, злоўжывае алкаголем. Або група мужчын прывозіць адразу некалькі патрыманых байкаў, імкнецца максімальна хутка іх збыць, нават за невялікія грошы.


Ігар Камінскі апісвае і іншае развіццё падзей: ён і калегі нярэдка атрымліваюць з міліцыі інфармацыю пра ўкрадзеныя веласіпеды: мадэль, колер, асаблівыя прыкметы. Калі такі байк трапляе ў поле зроку ахоўнікаў, яны тут жа паведамляюць куды трэба. Супрацоўнікі міліцыі прыязджаюць, пакуль злодзей яшчэ спрабуе збыць крадзены транспарт.

Дарэчы, за крадзеж веласіпеда ў нашай краіне прадугледжана крымінальная адказнасць. Што пагражае злодзею, тлумачыць начальнік Ленінскага РУУС Мінска Павел Кудравец:

— Крадзеж караецца грамадскімі работамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

ypopko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter