Банкі баяцца актыўна выкарыстоўваць блокчэйн, таму што бачаць у ім уласную “смерць”

Цень бацькі крыптаграфіі

Наўрад ці памылюся, калі скажу, што толькі які-небудзь пустэльнік у глухім лесе нічога не чуў пра блокчэйн і крыптавалюты. Асабліва гэта тычыцца банкаўскіх работнікаў, таму што для іх, як аказалася, гэта ледзь не пытанне жыцця і смерці. Ва ўсякім разе, спрэчкі ідуць не абы-якія — патрэбна новая тэхналогія фінустановам ці не? На адным з такіх абмеркаванняў пабываў карэспандэнт «Р».

Нацбанк хоча выкарыстоўваць блокчэйн, а камерцыйныя банкі супраціўляюцца. За кім будзе перамога?
фото Floridakeyslegals.c

Тэму блокчэйну днямi аб­мяр­коўвалi ў Мiнску падчас XIV Міжнароднага форуму па банкаўскіх інфармацыйных тэхна­логіях «БанкІТ'2017». Абмеркаванне пачалося з таго, што было б нядрэнна даць ацэнку вынікам працы рэестра банкаўскіх гарантый на аснове тэхналогіі блокчэйн, які ў ліпені запусціў наш Нацбанк. Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення плацежнай сістэмы і лічбавых тэхналогій Павел Зыль адразу ўдакладніў, што рэестр можна разглядаць, як пілотны праект, таму што асноўнай задачай было паспрабаваць, як гэта працуе:

— У тым ліку, каб банкі паспра­бавалі і зразумелі, як з гэтым працаваць і наколькі гэта зручна на практыцы. Таксама гэта было выдатнай магчымасцю цалкам выключыць яшчэ адзін папяровы носьбіт з нашага бізнес-працэсу і перавесці банкаўскія гарантыі ў электронны выгляд.

Калегу падтрымаў старшыня праўлення Беларускай валютна-фондавай біржы Андрэй Аўхіменя. Ён паведаміў, што цяпер рэестр правяраюць на стрэсаўстойлівасць. Пры паспяховых выніках, на яго думку, можна будзе адкрыць код і дадаваць да блокчэйну іншыя задачы. У прынцыпе, у сур'ёзнасці намераў кіраўніцтва біржы няма прычын сумнявацца. Як стала вядома пазней, БВФБ 15 лістапада запусціць праект з выкарыстаннем блокчэйну. Гаворка ідзе пра смарт-рэестры аперацый з каштоўнымі паперамі.

А вось банкі на прамое пытанне рэагуюць інакш. Скажам, намеснік начальніка ўпраўлення развіцця сістэмнага комплекснага банкаўскага абслугоўвання, метадалогіі і справаздачнасці Бел­аграпрамбанка Кацярына Басiч заявіла, што, як спецыяліст, які складае і адпраўляе банкаўскія гарантыі, не заўважае розніцы з працай у рэестры, асабліва ў хуткасці: «Выдатна, што паспрабавалі. Але пакуль нам гэта не трэба».

Астатнія банкі маўкліва альбо ўслых пагадзіліся з такой пазіцыяй. Сам мадэратар заняў аналагічную пазіцыю:

— Гэта проста цацка, у якую мы ўсе разам спрабуем гуляць і выпрацоўваць правілы. Там пакуль няма ніякага банкаўскага кейса.

Адказнасць за гэта Павел Зыль тут жа паспрабаваў перакласці на банкі — нібыта Нацбанк даў старт, а цяпер яны чакаюць прапаноў ад гульцоў рынку, але нічога не атрымліваюць: «Якія ёсць канкрэтныя прапановы ад саміх банкаў? Цішыня. На­шы банкі занадта інертныя».

Тут Аляксандр Сотнікаў па­спрабаваў выказаць здагадку пра яшчэ адну прычыну прахалоднага стаўлення банкаў да блокчэйну — інфармацыю, створаную на яго аснове, нельга змяніць у выпадку якіх-небудзь памылак:

— А наша фінансава-банкаўскае грамадства гатова да таго, што бухгалтар не прыйдзе да вас і не скажа: «Слухай, тут праводку зрабіла нейкую няправільную. Трэба паправіць». Бо блокчэйн не паправяць. Тут ужо псіхалагіч­ная рэч.

Прадпрымальнік Сяргей Казлоўскі таксама лічыць так: блокчэйн павінен быць звязаны са спрашчэннем існуючых бізнес-працэсаў, эканоміяй. Акрамя таго, я за нейкую верыфікацыю. Занадта шмат махлярства на фоне цікавасці да новай тэхналогіі. Патрэбна нейкая «пясочніца» пры рэгулятары, дзе тыя каманды, якія трапілі ў яе, былі б гарантавана абаронены ад адказнасці перад законам, пакуль няма нармальнага заканадаўства.

Намеснік старшыні праўлення НКФО «АРІП» Наталля Шцеўніна нагадала, што ў прынцыпе блокчэйн дае эфект не ўмомант, а ў перспектыве, калі будзе бачна, колькі часу і сіл было сэканомлена:

— А для плацяжоў патрэбна хуткасць. Будзе хуткасць — будуць і плацяжы на блокчэйне.

Але раптам Сяргей Казлоўскі раскрывае, на мой погляд, усю сутнасць канфлікту інтарэсаў:

— Банкам не патрэбны блокчэйн. На самай справе, тыя кейсы, якія чакае Нацбанк, згубныя для банкаў. Тыя, хто верыць у блокчэйн, культывуюць ідэю поўнай адмовы ад банкаў як пасрэднікаў і нават ад дзяржавы. Таму пытацца ў банкіраў пра блокчэйн дзіўна...

Тым не менш цяпер рэгулятар прапрацоўвае яшчэ адзін праект на аснове тэхналогіі блокчэйн сумесна з Банкам Масква-Мінск і ВТБ. Гэта, па словах Паўла Зыля, тычыцца накладання выканаўчага надпісу на неплацельшчыкаў па крэдытах:

— Мы хочам, каб пратэр­мінаваную здзелку можна было зарэгістраваць у блокчэйне, а потым паслаць да натарыуса, які таксама праверыў бы яе ў блокчэйне і пасля гэтага прымаў рашэнне аб накладанні выканаўчага над­пісу.

Што ж, па­гля­дзім, чым гэта ўсё скончыцца. Пакуль толькі дакладна вядома, што крыптавалютамі ў Беларусі мы расплачвацца не зможам, пра што ўжо афіцыйна заявіў Нацбанк. Хоць, у прынцыпе, да гэтай сферы нават у Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэ­зідэнце пытанняў няма. Начальнік аддзела Станіслаў Кутузаў заявіў, што калі ўзгаднялі і разглядалі дэкрэт «ПВТ 2.0», высвятлялася, ці адносяцца майнінг, крыптабіржы, абменнікі і іншае, звязанае з токенамі, да іх кампетэнцыі. Аказалася, што гэта ААЦ не рэгулюе: «Адзінае выключэнне — калі вы размяшчаеце ў гэтых токенах інфармацыю абмежаванага распаўсюджвання».

Зразумела адно: мы ўсе зна­ходзімся на нейкім зломе. Хтосьці верыць у гэтую будучыню, хтосьці — не. Але вельмі не хочацца апынуцца ў хвасце перамен.

kuletski@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter