Запаведны куток - Целяханы

Целяханы: маладым працягваць гісторыю лыжнай сталіцы

ШЫРОКУЮ вядомасць Целяханам, што шэсць вякоў стаяць на шляху паміж Пінскам і Івацэвічамі, прынесла лыжная фабрыка, прадукцыя якой вядомая далёка за межамі Беларусі. Амаль два з паловай стагоддзі таму тут пабудавалі Агінскі канал, які праклаў водны шлях з Балтыйскага ў Чорнае мора.


Згодна з паданнем, пры набегу татар загінуў хан, якога пахавалі і насыпалі высокі курган. Паселішча, што ўзнікла каля яго, ад спалучэння слоў «цела хана» назвалі Целяханамі.

Упершыню яно пісьмова ўзгадваецца ў 1554 годзе — як уладанне княжацкага роду Дольскіх. Гаспадарылі тут магнаты Вішнявецкія, Агінскія, Пуслоўскія.

У ХVII стагоддзі Целяханы атрымалі статус мястэчка, уладальнік якога Міхал Казімір Агінскі заснаваў фаянсавую мануфактуру, дзе выраблялі дэкаратыўныя вазы, скульптуры, фрызы і карнізы для камінаў.


З будаўніцтвам Агінскага канала пачалося актыўнае развіццё мястэчка. Працавалі прыстань, рамонтныя і суднабудаўнічыя майстэрні. На беразе паўстаў шыкоўны палац, а ў цэнтры – драўляная Троіцкая царква.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Целяханы адышлі да Расійскай імперыі. Адкрыліся бальніца, народнае вучылішча, паштова-тэлеграфная станцыя. Дзейнічалі паравы млын і бровар. Памешчык Пуслоўскі заснаваў гуту, дзе па новых тэхналогіях выпускалі прадукцыю высокага мастацкага ўзроўню.

Уздоўж Агінскага канала ў Першую сусветную вайну стаяла лінія фронту, і гідратэхнічныя збудаванні былі разбураны. Немцы праклалі вузкакалейку, па якой вывозілі лес.

Ветэран вайны і працы Зіновій КАЛАНЧУК і кіраўнік па справах сельвыканкама Алена КАЙЛЬ.

У 1940 годзе Целяханы сталі раённым цэнтрам. З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі ў навакольных лясах пачалі фарміравацца партызанскія атрады.

Пасля вызвалення мястэчка аднавілі дзейнасць прамысловыя прадпрыемствы, арганізаваўся калгас. Целяханы атрымалі статус гарпасёлка, а ў 1959 годзе раён расфарміравалі.

Начальнік лыжнага цэха Антон ГАРМАШ.

НЕ толькі вырабам адмысловых лыж і арыгінальным Агінскім каналам славяцца Целяханы, але і багатымі барамі, што падступаюць да сядзіб. Заўзяты грыбнік Вячаслаў Голуб як толькі пайшоў на заслужаны адпачынак, а працаваў электразваршчыкам у Івацэвіцкай ПМК-11, пераехаў сюды з жонкаю. Сёлетнім грыбным вераснем Вячаслаў Міхайлавіч кашамі насіў баравікі. Наталля Аляксееўна ледзьве паспявала ўпраўляцца з ляснымі дарамі і глядзець за гадавалымі ўнучкамі-блізняткамі Дар’яй і Аляксандрай, якіх дачка Ірына і зяць Генадзь прывезлі са сталіцы. На ціхай вуліцы мы сустрэліся са шчаслівым дзядулем, які гуляў з дзецьмі. Па чыста прыбраных тратуарах крочылі пешаходы, праязджалі легкавікі па вуліцы. Грузавы і транзітны транспарт мінае гарпасёлак па аб’язной дарозе. Прамысловыя прадпрыемствы вынесены ад жылых кварталаў. У школьных дварах абсталяваны дзіцячыя спартыўныя пляцоўкі. Дзясятак самых розных магазінаў адкрыты ў цэнтры. Па дарозе да сельвыканкама выдзяляецца стары мур. Ад кіраўніка па справах сельвыканкама Алены Кайль даведаўся, што гэта былы касцёл, пераабсталяваны ў кінатэатр. Але даўно ўжо не круцяць кіно. Ёсць задумкі адрэстаўраваць стагадовы будынак. Шмат іншых клопатаў у Алены Іванаўны, якая трэці месяц замяняе хворага старшыню сельвыканкама.

Дырэктар спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната Алена ХОМІЧ з выхаванцамі.

Два дзесяцігоддзі таму Алена Іванаўна пераехала з казахстанскага пасёлка Мірны на радзіму бацькі. Завочна закончыла Маскоўскі юрыдычны інстытут. Ведае кожнага з сямі тысяч жыхароў сельсавета. Амаль пяць тысяч насельніцтва ў Целяханах.

Дадалося клопатаў пасля далучэння да Целяханскага сельсавета суседняга Выганашчанскага. Аб’ехала ўсе далучаныя вёскі, пазнаёмілася з жыхарамі. У аддаленых Бабровічах і Глінішчы засталося па два дзясяткі састарэлых жыхароў. За адзінокімі замацаваны сацыяльныя работнікі. Заціхае жыццё ў вёсках Бабровічы і Глінішчы, дзе засталіся ў асноўным пенсіянеры. У некалі шматлюдных Краглевічах на продаж выстаўлены будынак Дома культуры, у танцавальнай зале якога на маладзёжных вечарынах яблыку не было дзе ўпасці. Моладзь раз’ехалася ў пошуках працы. Некаторыя пакруціліся па гарадах і пачынаюць вяртацца. Нікуды не кідаліся з Краглевіч шукаць лепшага жыцця Генадзь Аўрусевіч і Віктар Карповіч. Узялі зямлю ў арэнду і сталі вырошчваць гародніну. Малочнай жывёлагадоўляй заняўся Аляксандр Сідарук з вёскі Выганашчы. Малако закупляе індывідуальны прадпрымальнік, які раніцай аб’язджае вясковыя падворкі і пастаўляе сабраны прадукт на Бярозаўскі малочны камбінат. Колькасць малаказдатчыкаў пастаянна змяншаецца. Меней застаецца кароў у вяскоўцаў.

Педагог Эма ЧАЙЧЫЦ праводзіць заняткі ў дзіцячай школе мастацтваў.

На развіцці жывёлагадоўлі спецыялізуюцца ААТ “Целяханы-Агра” і “Горталь”, размешчаныя на тэрыторыі сельсавета. Малочна-таварныя фермы павялічваюць аб’ёмы вытворчасці малака і мяса. Для працаўнікоў гаспадарак узводзяцца дамы з усімі выгодамі. Новыя вуліцы з’явіліся ў аграгарадку Горталь, вёсках Выганашчы, Соміна.

Два пяціпавярховыя шматкватэрныя дамы прыгожа ўпісаліся ў жылы масіў Целяхан побач з сасновым борам. Ключы атрымалі маладыя спецыялісты, шматдзетныя сем’і. Акрамя кааператыўнага жылля, будуюцца ў Целяханах і індывідуальна. Аляксандр Новікаў прыехаў з жонкаю са Столінскага раёна. Аляксандр працуе вадзіцелем у філіяле ЖКГ, а жонка эканамістам на заводзе сталярных вырабаў. Падрастае дачка.

Паштальён Ірына БАРШЧУК уручае пенсію Марыі ПАПЯРЭЦКАЙ і Яўгеніі БАРШЧУК.

Толькі летась дзясятак сем’яў справілі наваселлі. Плануецца будаўніцтва васямнаццацікватэрнага жылога дома для шматдзетных сямей. З аграгарадка Горталь ездзіць на працу ў Целяханскі лясгас Пётр Козік. Свайго жылля пакуль не мае. З сям’ёй жыве ў доме цёшчы. Дзве сотні чалавек у сельсавеце чакаюць паляпшэння жыллёвых умоў. Паступова чарга змяншаецца. У гарпасёлку з’явіліся новыя вуліцы — Пінская, Каштанавая, Садовая, Кляновая. Засталася і Чыгуначная, па якой праходзіла вузкакалейка, пабудаваная немцамі ў Першую сусветную вайну. Дзейнічала лінія да сярэдзіны мінулага стагоддзя. Цяпер толькі назва вуліцы сведчыць пра яе. Ёсць і вуліца легендарнай Веры Харужай, якая тут працавала ў даваенны час, а таксама ваеннага лётчыка Вараб’ёва, які загінуў у адным з баёў каля Целяхан. Устаноўлены помнік 54 землякам, што не вярнуліся з вайны. На месцах расстрэлу дзвюх тысяч вязняў яўрэйскага гета паўсталі мемарыялы. Выхаванцы сярэдняй і спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната пастаянна шэфствуюць над помнікамі.

Сямікласнікі Юра ІСАКАЎ, Ягор ГАЛАВАЧ і Андрэй ШАГОЙКА.

ЦЕЛЯХАНЫ багацеюць маладымі сем’ямі. З пачатку года каля трыццаці пар зарэгістравалі шлюб. На свята Пакрова Багародзіцы прызначана вяселле Вольгі Ціханчук і Івана Куная. Напярэдадні ордэн Маці атрымалі Наталля Клімец і Таццяна Статкевіч, якія нарадзілі і выхоўваюць па пяць дзяцей. 123 шматдзетныя сям’і ў сельсавеце, і колькасць іх пастаянна павялічваецца.

Праходзячы каля дзіцячай спартыўнай пляцоўкі, адкуль даносіліся звонкія галасы, Алена Іванаўна ўзгадала, як з паўночнага рэгіёна Расіі вярнуўся на пенсію ў родныя мясціны Іван Роік. На свае сродкі арганізаваў клуб па скачках на батуце “Лятаючыя ластаўкі”, абсталяваў дзіцячую спартыўную пляцоўку. Выхаванцы Івана Фёдаравіча паспяхова выступалі на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Другі год няма Івана Роіка, а яго спартыўная пляцоўка па-ранейшаму збірае аматараў спорту.

Тры дзіцячыя садкі і дзве школы ў Целяханах. Больш за сотню хлопчыкаў і дзяўчынак займаюцца ў дзіцячай школе мастацтваў. Амаль чвэрць стагоддзя пасля заканчэння сталічнага інстытута культуры вучыць юных музыкантаў Эма Чайчыц. Тут атрымаў музычныя навыкі Ігар Квашэвіч – адзін з самых папулярных акардэаністаў на постсавецкай прасторы. Закончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі і магістратуру. Паспяхова выступаў на сцэне Крамлёўскага Палаца, міжнародным фестывалі баяністаў-акардэаністаў “Баян-парад” у Адэсе, удзельнічаў у канцэрце на адкрыцці фестывалю кіно краін СНД у Анапе. Целяханцы ганарацца, што іх зямляк — першы беларускі акардэаніст, які атрымаў званне лаўрэата прэстыжнага конкурсу ў нямецкім Клінгенталі – горадзе, дзе вырабляюцца вядомыя акардэоны “Вельтмейсцер”. Ігар Квашэвіч быў двойчы стыпендыятам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі і прадстаўляе краіну ў вышэйшай лізе сусветнага акардэона. Спадзяюцца землякі пачуць яго выступленне на летнім свяце “Целяханскі бічаўнік”, што тройчы праводзілася на Вулькаўскім возеры, з якога пачынаецца Агінскі канал.

Рабочы лясгаса Пётр КОЗІК.

Пачуў ад Алены Кайль і пра аднаўленне суднаходства па гістарычным водным шляху, што дазволіць развіваць турызм. Спецыялісты з праектнага інстытута агледзелі канал і пачалі рыхтаваць тэхнічную дакументацыю. На берагах захаваліся бетаніраваныя ўмацаванні, збудаваныя немцамі ў Першую сусветную вайну. Тут створаны філіял гістарычнага музея “Выганашчанская фартэцыя”, на тэрыторыі якога аматары з розных куткоў Беларусі рэканструююць падзеі стагадовай даўніны.

Побач з Выганашчанскім возерам у канцы мінулага стагоддзя створана запаведна-паляўнічая гаспадарка, якая займае 11 тысяч гектараў. Прыродныя ўгоддзі багатыя на звяроў і птушак. Палюбавацца ўнікальным запаведнікам едуць турысты з бліжняга і далёкага замежжа. Гасцініца на беразе возера пастаянна запоўнена гасцямі. Прыязджаў сюды Пётр Машэраў. Наведваў і легендарную лыжную фабрыку, прадукцыя якой і сёння запатрабавана.

Пенсіянер Вячаслаў ГОЛУБ з унучкамі Дар’яй і Аляксандрай.

КІРАЎНІК службы філіяла “Целяханы” дзяржаўнага прадпрыемства “Беларусьгандаль” Мікалай Кот правёў у цэх, дзе вырабляецца вядомы брэнд – лыжы “Целяханы”. Начальнік цэха Антон Гармаш адзначыў, што выпуск іх, а потым і клюшак тут пачалі асвойваць у сярэдзіне мінулага стагоддзя. Нядаўна вытворчасць мадэрнізавалі і аднавілі выпуск лыж. Першы заказ на 2700 пар атрымалі з расійскага горада Перм. Завезлі сыравіну з Карэліі, дзе расце спецыяльны від бярозы, і запусцілі канвеер. Больш за сотню рабочых працуе ў цэхах прадпрыемства. Да выхаду на пенсію наносіла на лыжы вядомыя трафарэты “Целяханы” Яўгенія Бяляк. Электрыкам працаваў на фабрыцы ветэран вайны Зіновій Каланчук, якога мінулай вясною віншавалі з 90-гадовым юбілеем. Пасля вызвалення Целяхан ад акупантаў сямнаццацігадовым прыйшоў у ваенкамат з намерам адправіцца на фронт. Юнака прызначылі ў НКУС для барацьбы з бандфарміраваннямі, якія ў першыя пасляваенныя гады не давалі спакою жыхарам Палесся. Ёсць што расказаць пра мінулае ветэрану вайны і працы Зіновію Каланчуку, як і многім іншым жыхарам старажытнага мястэчка, якое багата на цікавых людзей і гісторыю. Будучае лыжнай сталіцы ствараць новым пакаленням.

Вадзіцель філіяла ЖКГ Аляксандр НОВІКАЎ.

Фота аўтара

Івацэвіцкі раён
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter