Скоростные поезда, увеличение пассажиро- и грузопотока — что еще обсуждали на 71-м Совете по железнодорожному транспорту СНГ в Минске

Цэлы вагон прапаноў

Пасажырскія перавозкі і грузавыя, распрацоўка новых напрамкаў і канцэпцый, абнаўленне парка і міжнародная камунікацыя — такія і іншыя пытанні абмяркоўваюць у гэтыя дні ў Мінску дэлегацыі чыгуначных адміністрацый з краін Садружнасці. Запрошаны да дыялога і партнёры з іншых краін.

Чыгунка з’яўляецца важнейшым складальнікам транспартнага комплексу.

— Сёння Беларуская чыгунка — гэта добра развітая транспартная сістэма, эксплуатацыйная даўжыня якой складае 5,5 тысячы кіламетраў, — першым узяў слова старшыня Савета па чыгуначным транспарце дзяржаў — удзельніц Садружнасці, генеральны дырэктар — старшыня праўлення ААТ «Расійскія чыгункі» Алег Белазёраў. Ён адзначыў, што БЧ — найважнейшы партнёр для ўсіх членаў савета.

Намеснік Прэм’ер-міністра Уладзімір Кухараў станоўча ахарактарызаваў ролю чыгуначнага транспарту:

— Ён стаў рухаючай сілай развіцця ўсіх сфер грамадства. Удасканальваючыся, чыгунка з’яўляецца важнейшым складальнікам транспартнага комплексу, яна ўносіць значны ўклад у эканоміку дзяржавы, ажыц­цяўляючы бесперабойныя пера­возкі грузаў і пасажыраў. 


Паводле слоў Алега Белазёрава, ёсць велізарны патэнцыял па прыцягненні міжнароднага транзіту на транспартную сетку Садружнасці, а развіццё міжнародных транспартных калідораў (МТК) на тэрыторыі Еўразіі — важнейшы прыярытэт савета. Выкарыстанне традыцыйных пераваг, прымяненне новых тэхналагічных магчымасцей, развіццё лагістыкі, дыгіталізацыі, увага да канкурэнтнага асяроддзя, альтэрнатыўных відаў транспарту, дыверсіфікацыі маршрутаў — вось задачы на перспектыву. Апошняе вельмі важна: дастаўка кантэйнераў з Кітая ў Еўропу і назад, а таксама з Японіі і Паўднёвай Карэі, павелічэнне перазагрузачных магутнасцей кантэйнерных тэрміналаў, як, напрыклад, на станцыі Брэст-Паўночны, дазваляюць значна паскараць рух, забяспечваюць станоўчую загрузку кантэйнернага ходу.

Што датычыцца кантэйнерных перавозак у Беларусі, то Уладзімір Марозаў, кіраў­нік БЧ, сказаў, што наша чыгунка гатова да павелічэння кантэйнерных перавозак. З 2011 года колькасць перавозак кантэйнернымі цягнікамі павялічылася ў 100 разоў, і мы гатовы падвоіць і патроіць аб’ёмы.

Пракаменціраваў Ула­дзімір Марозаў і інфар­мацыю наконт таго, як будзе рэалізоўвацца ідэя праекта высакахуткаснай магістралі, якая звяжа Мінск, Маскву і Санкт-Пецярбург:

— Тут патрэбна эка­намічная ацэнка: кошт будаўніцтва, аб’ём перавозак, выдаткі. Гэта перспектыўны напрамак адна­значна, — сказаў ён, дадаўшы, што цікавай можа стаць далейшая прапрацоўка калідора ў Заходнюю Еўропу. — Гэта звязка Пекін — Масква — Мінск — Варшава — Берлін. Сёння цікавасць у еўрапейскіх калег ёсць, але тут неабходна прымаць і палітычнае рашэнне. Учора, дарэчы, абмяркоўвалася і пытанне аб стварэнні рабочай групы па распрацоўцы адпаведнай канцэпцыі. Але трэба разумець, што пабудаваць — гэта адно, важна бачыць яшчэ эфектыўнасць выкарыстання.

kasel@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter